Як паведамляе Polskie Radio, міністар унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі анансаваў барацьбу з агрэсіўнымі праціўнікамі вакцынацыі. Такім чынам ён пракамэнтаваў групавы напад на пункт вакцынацыі ў Гродзіску-Мазавецкім.
Напад у Гродзіску-Мазавецкім учыніла група, якая называе сябе чальцамі арганізацыі «Польскія жоўтыя камізэлькі». Некалькі чалавек спрабавалі сілай трапіць у пункт вакцынацыі. Адбылося сутыкненьне з аховай, антываксэры лаяліся і выкрыквалі свае лёзунгі. Калі паліцыя затрымала некалькіх зь іх, антываксэры спрабавалі заблякаваць паліцэйскую машыну і напалі на аўтамабіль хуткай дапамогі, зламаўшы дзьверы і пашкодзіўшы колы.
Паводле Мар’юша Каміньскага, любыя інцыдэнты, зьвязаныя з праявай агрэсіі і спробамі заблякаваць працу пунктаў вакцынацыі, непрымальныя.
«Я зьбіраюся зьвязацца зь Дзяржаўнай пракуратурай, каб кваліфікацыя такіх дзеяньняў была дастаткова суровай. Бо гэта ня толькі незаконныя сходы, але стварэньне перашкодаў грамадзянам у іх барацьбе за сваё здароўе», — сказаў кіраўнік МУС Польшчы.
Мар’юш Каміньскі падкрэсьліў, што ўсякія дзеяньні, якія перашкаджаюць вакцынацыі польскіх грамадзян, будуць сустракаць вострую рэакцыю з боку дзяржавы.
- Паводле міністра здароўя Польшчы Адама Нядзельскага, у краіне вакцыянавана 50% насельніцтва.