Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на парозе эпідэміі адру, — лекар Камароўскі


За 2017 год ва Ўкраіне зафіксавалі 2 831 выпадкі захворваньня на адзёр. Гэта ў два дзесяткі разоў больш, чым летась.

Рост колькасьці выпадкаў захворваньня на адзёр ва Украіне цалкам прагназавальны, бо ровень вакцынацыі крытычны, — заявіў Радыё Свабода дзіцячы лекар Яўген Камароўскі. Ён дадаў, што Ўкраіна на парозе эпідэміі адру.

«Высокая эфэктыўнасьць вакцынацыі прывяла да таго, што людзі перасталі баяцца адру і цяпер баяцца прышчэпак. У выніку — фактычна мы на парозе эпідэміі адру. І калі разумець, наколькі крытычны ўзровень вакцынацыі, то сёньняшні ровень захворвальнасьці — гэта практычна падарунак лёсу, нам яшчэ вельмі шанцуе», — сказаў лекар.

Яўген Камароўскі, дзіцячы лекар
Яўген Камароўскі, дзіцячы лекар

Паводле прагнозаў Яўгена Камароўскага, у 2018 годзе сытуацыя «мае пагоршыцца, бо асаблівай актыўнасьці не прышчэпленых на назіраецца — яны, як і раней, не баяцца».

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны дзіцячы імуноляг Кіева Фёдар Лапій, за 10 месяцаў гэтага года ва Украіне зафіксавалі 2381 выпадак захворваньня на адзёр, двое дзяцей у Адэскай вобласьці памерлі.

У 2016 годзе ва Украіне, паводле UNICEF, былі зарэгістраваныя 102 выпадкі адру, а ў 2015-м — 105.

У UNICEF заяўляюць, што ўспышкі адру маюць цыклічны характар і адбываюцца кожныя 5-6 гадоў. Галоўная прычына павелічэньня захворваньняў — нізкі ахоп прышчэпкамі. «Статыстыка насьцярожвае: ва Ўкраіне за мінулы год менш за палову дзяцей вакцынаваныя супраць адру, паводле календару вакцынацыі», — заяўляюць у Дзіцячым фондзе ААН.

У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што на працягу апошніх 3-5 гадоў былі значныя перабоі з пастаўкамі вакцын, але цяпер ва Ўкраіне іх дастаткова.

Сярод ускладненьняў, якія выклікае адзёр, — паражэньне нэрвовай сыстэмы (энцэфаліт), пнэўманія, атыт, страта зроку. Хвароба лёгка перадаецца ад чалавека да чалавека. Спачатку хворы адчувае прыкметы звычайнай прастуды: насмарк, тэмпэратуру, кашаль, прыкладна праз тыдзень зьяўляецца высыпка (спачатку на галаве, далей — на верхняй і ніжняй частках тулава).

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі здароўя, у 2016 годзе колькасьць захворваньняў на адзёр у сьвеце складала каля 20 мільёнаў выпадкаў. Каля 90 тысяч чалавек загінулі ў выніку наступстваў хваробы. 95% сьмерцяў адбываецца ў краінах зь нізкім узроўнем ВУП на душу насельніцтва і неэфэктыўнай сыстэмай аховы здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG