Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium расказваюць алерголяг і імуноляг Ганна Барушка, тэрапэўт Віктар Лагацкі, які некалькі месяцаў працаваў у цэнтры вакцынацыі ў Чэскім Крумлаве, cупрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту мікрабіёляг Вікторыя Дароніна і гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка.
Імуноляг і алерголяг Ганна Барушка цяпер працуе ва Ўкраіне. Раней выкладала ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. У сакавіку была затрыманая і асуджаная на 15 сутак, расказала незалежным СМІ пра жахлівыя ўмовы ў турмах у Жодзіне і на Акрэсьціна ў Менску.
Урач-пэрфузіёляг Віктар Лагацкі раней працаваў у Цэнтры дзіцячай хірургіі ў Менску, цяпер працуе ў Чэскім Крумлаве. Звольніўся і зьехаў празь небясьпеку, бо выказваў сваю пазыцыю як мэдык і музыка падчас пратэстаў.
Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна, ураджэнка Беларусі, выпускніца біялягічнага факультэту БДУ. Вывучала малекулярную біялёгію ў Эдынбургу, цяпер супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту.
Гастраэнтэроляг і эндаскапіст Лідзія Тарасенка цяпер працуе ва Ўкраіне, а раней загадвала аддзяленьнем эндаскапіі ў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі. Лідзія зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну летась праз палітычную сытуацыю ў краіне.
Сьцісла:
- Калі няцяжкі стан, не ліхаманка, то можна вакцынавацца нават пры прастудзе.
- Дыябэт і гепатыт С — не супрацьпаказаньне, а наадварот, паказаньне для вакцынацыі.
- Супрацьпаказаньні, якія часта існуюць у расейскамоўным асяродзьдзі і ў постсавецкіх краінах, залішне строгія і выключаюць вялікую частку пацыентаў, якія павінны атрымаць вакцынацыю.
- У віруса і ў прышчэпкі дзеяньне супрацьлеглае. Прышчэпка прадухіляе паражэньне лёгкіх, вірус паражае лёгкія. Пры аўтаімунных захворваньнях прышчэпка ўмацоўвае імунную сыстэму, вірус паражае імунную сыстэму.
- Рэакцыя на нейкія вакцыны, якія былі ў анамнэзе ў пацыента, — таксама не супрацьпаказаньне, бо ніякія іншыя вакцыны ня ўтрымліваюць кампанэнтаў, якія маюць вакцыны ад ковіду.
«Супрацьпаказаньне да вакцынацыі — наяўнасьць ковід-інфэкцыі і алергічная рэакцыя на вакцыну»
— У Беларусі каля 20% вакцынаваных. Многія людзі не давяраюць даступным у Беларусі вакцынам, асьцерагаюцца наступстваў прышчэпкі, не вакцынуюцца, бо маюць самыя розныя хранічныя хваробы. Якія насамрэч ёсьць супрацьпаказаньні да вакцынацыі? Ці сапраўды такі шырокі сьпіс супрацьпаказаньняў?
Ганна Барушка: Рэальнае супрацьпаказаньне да вакцынацыі — наяўнасьць пацьверджанай ковід-інфэкцыі або алергічная рэакцыя на вакцыну ад ковіду. Часовым супрацьпаказаньнем можа быць абвастрэньне (дэкампэнсацыя) хранічных захворваньняў, але калі чалавек сябе адчувае больш-менш стабільна, то яму ўжо лепей сьпяшацца рабіць прышчэпку. Нават калі чалавек толькі што перахварэў ці яшчэ ў працэсе выздараўленьня ад банальнай прастуды, ён ужо можа вакцынавацца. Калі ў яго няцяжкі стан, не ліхаманка, то можна вакцынавацца нават пры прастудзе.
Супрацьпаказаньні, якія, на жаль, часта існуюць у расейскамоўным асяродзьдзі і ў постсавецкіх краінах, залішне строгія і выключаюць вялікую частку пацыентаў, якія павінны атрымаць вакцынацыю, бо ковід — гэта нашмат горшае, што можа адбыцца зь імі, чым іх хранічныя захворваньні ці нейкая прастуда. Любая хранічная хвароба можа стаць адразу нашмат цяжэйшай пры ковідзе.
Напрыклад, дыябэт — не супрацьпаказаньне, а наадварот, паказаньне для вакцынацыі. Яшчэ ў першую хвалю, калі вылучалі групы рызыкі, людзі з дыябэтам, гіпэртаніяй, іншымі сардэчна-судзіннымі захворваньнямі былі ў групе рызыкі. Гепатыт С — не супрацьпаказаньне, як і любая хранічная хвароба, асабліва тыя хваробы, якія ўплываюць на судзіны (а гепатыт С мае на іх пэўны ўплыў). Не супрацьпаказаньне і хваробы, якія выклікаюць (хранічнае) запаленьне — рэўматычныя, аўтаімунныя захворваньні. Ковід ня будзе добрым для такіх людзей, таму лепей вакцынавацца і дапамагчы сваёй імуннай сыстэме падрыхтавацца да бою і быць натрэніраванай, каб абараніць чалавека. Стары, пажылы ўзрост — не супрацьпаказаньне, а наадварот, паказаньне для першачарговай вакцынацыі. Мы бачылі, што ў першую хвалю ад ковіду памірала вельмі шмат старых людзей, і калі толькі пачыналі вакцынацыю, то гэтых людзей вырашылі вакцынаваць найперш.
«Ніякага мэдычнага абсьледаваньня перад вакцынацыяй ня трэба, толькі адказаць на пытаньні анкеты»
— Віктар, гэтым летам вы працавалі ў Чэхіі ў цэнтры вакцынацыі, бачылі сотні, можа, тысячы розных выпадкаў. Ці трэба праходзіць грунтоўнае мэдычнае абсьледаваньне перад вакцынацыяй? Як часта вы сутыкаліся з пабочнымі эфэктамі пасьля вакцынацыі?
Віктар Лагацкі: Я працаваў два месяцы ў цэнтры вакцынацыі ў Чэскім Крумлаве. Гэта невялікі горад з 13 тысячамі жыхароў. На вакцынацыю сюды прыяжджалі і людзі з блізкіх раёнаў. За дзень у нашым цэнтры вакцынавалі 800–1000 чалавек. Вакцынацыя ішла 5 дзён на тыдзень. Ніякага мэдычнага абсьледаваньня перад вакцынацыяй не патрабавалася, кожнаму чалавеку трэба было толькі адказаць на пытаньні са спэцыяльнай анкеты. Ці хворы на ковід у гэты час? Ці быў ковід раней? Ці маеш алергію? Ці ёсьць праблемы з імуннай сыстэмай? Жанчынам — ці цяжарная? Ці была іншая вакцынацыя?
Калі людзі станоўча адказвалі, яны ішлі да доктара і адказвалі дадаткова на некалькі пытаньняў і далей вакцынаваліся. Быў адзін выпадак адмовы ў вакцынацыі за той час, што я працаваў. Жанчына сказала, што яна нядаўна зацяжарала. Рэкамэндуецца ў першы трыместар цяжарнасьці не вакцынавацца, толькі з другога трыместру можна рабіць прышчэпку.
Летам на вакцынацыю былі вялізарныя чэргі, і трэба было трымацца проціэпідэмічных захадаў, але ўсё было арганізавана вельмі дакладна. Вакцынацыя праходзіла ў вялікай спартовай залі, дзе слушна разьмяркоўвалі рухі людзей.
Я сам пабачыў бачыў у цэнтры вакцынацыі каля 15 тысяч чалавек за гэты пэрыяд і ня бачыў ніводнай анафіляктычнай рэакцыі і сур’ёзных небясьпечных сытуацый. Некалькі разоў я бачыў людзей, якія страцілі прытомнасьць. Так можа здарыцца. Гэта было лета, горача, многія людзі не пілі дастаткова вады і былі трошачкі нэрвовыя.
«Аўтаімунныя захворваньні — таксама не супрацьпаказаньні»
— Вікторыя, які досьвед у Брытаніі, дзе прышчэплена 85% насельніцтва, наконт супрацьпаказаньняў да вакцынацыі?
Вікторыя Дароніна: Тое, што лічыцца супрацьпаказаньнямі ў Вялікай Брытаніі, дакладна адпавядае таму, што казала імуноляг і алерголяг Ганна Барушка. На постсавецкай прасторы чамусьці часта лічыцца супрацьпаказаньнем, што чалавек стары і што ён мае хранічнае захворваньне. У Брытаніі гэта прычына, каб паставіць чалавека ў пачатак чаргі. Прышчапляць пачалі якраз з 90-гадовых, якіх у Брытаніі даволі шмат, і далей па меры зьніжэньня ўзросту. Я паглядзела самыя апошнія рэкамэндацыі па супрацьпаказаньнях — гэта калі вы хварэеце на ковід. Калі вы не хварэеце на ковід, значыць, вы можаце прышчапляцца.
Аўтаімунныя захворваньні — таксама не супрацьпаказаньні. Трэба разумець, што ў віруса і ў прышчэпкі дзеяньне супрацьлеглае. Прышчэпка прадухіляе паражэньне лёгкіх, вірус паражае лёгкія. Тое самае з аўтаімуннымі захворваньнямі. Прышчэпка ўмацоўвае імунную сыстэму, вірус паражае імунную сыстэму. Я вывучыла навуковыя публікацыі па гэтай тэме. Ёсьць папярэднія дасьледаваньні, што людзі з такім аўтаімунным захворваньнем, як артрыт, ня маюць большай рэакцыі на прышчэпку, чым іншыя людзі. У той жа час ковід выклікае павелічэньне аўтаімуннага захворваньня, абвастрэньне хранічных хваробаў.
«Сурʼёзна ніхто не гаворыць пра тое, што ковід прадухіляе рак»
— Лідзія, у Беларусі вы працавалі пэўны час у РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, і не магу не запытацца ў вас пра агучаную нядаўна Аляксандрам Лукашэнкам гіпотэзу, што каранавірус можа лячыць рак. Ці абмяркоўваецца ў сурʼёзных навуковых колах такая гіпотэза? Чаму яе абнародавала кіраўніцтва РНПЦ? Чаму насамрэч зьніжаецца колькасьць хворых на рак?
Лідзія Тарасенка: Зьніжаецца колькасьць людзей, у якіх дыягнастуюць рак, таму што яны не пасьпяваюць прыйсьці да дыягназу «рак» і паміраюць ад ковіду. Калі вы памерлі ад ковіду, то на рак вы ўжо не захварэеце. Чаму гэта стала афіцыйнай вэрсіяй, я гэта нават камэнтаваць не магу. Як сусьветная навуковая супольнасьць ставіцца да такіх вэрсій? Натуральна, што пасьля гэтых заяваў многія людзі пайшлі глядзець рэцэнзаваныя часопісы, базы дадзеных, каб пачытаць, што ж пішуць пра ўзаемасувязь раку і ковіду. Ніякіх сурʼёзных гіпотэзаў пра тое, што ковід можа запавольваць ці прадухіляць разьвіцьцё раку, пакуль што не высоўваецца.
Пакуль сусьветная навуковая супольнасьць кажа пра тое, што праз ковід, праз тое, што дактары вымушаныя пераключаць увагу на аказаньне дапамогі пры каранавірусе, праз тое, што пацярпелі скрынінгавыя праграмы, адпаведна, група людзей, якая павінна быць абсьледаваная, не трапляе на скрынінгавыя дасьледаваньні. Гэта тая хваля павелічэньня анкалягічных хваробаў, зь якой мы сутыкнёмся праз 3, 5, 8 гадоў.
Ва ўсім сьвеце кажуць пра тое, што павінны быць ня толькі мэдычныя дзеяньні, але і палітычная воля, каб даваць рады, каб прадбачыць разьвіцьцё падзеяў і распрацоўваць мэханізмы рэагаваньня. Магчыма, трэба павялічваць скрынінгавыя дасьледаваньні паміж хвалямі каранавірусу. Сурʼёзна ніхто не гаворыць пра тое, што ковід прадухіляе рак.
«Алергічныя захворваньні — не супрацьпаказаньні»
— Ганна, а што з алергіяй і вакцынацыяй? Вельмі многія людзі маюць розныя тыпы алергіі, і што гэта азначае ў пляне вакцынацыі? Можа, алергікам патрэбная пэўная падрыхтоўка да вакцынацыі і дадатковая кансультацыя?
Ганна Барушка: Калі казаць пра алергію, якая сапраўды зьяўляецца супрацьпаказаньнем, то гэта алергія толькі на саму вакцыну ці яе кампанэнты. Трэба чытаць склад мэдыкамэнту, ці ёсьць там поліэтыленгліколь альбо полісарбат (яго ўтрымліваюць рэдкія лекі, напрыклад, ляксатывы — паслабляльныя); гэтыя два кампанэнты сапраўды могуць выклікаць алергічныя рэакцыі. Але вельмі рэдка.
Насамрэч алергічных рэакцый на вакцыны зусім няшмат. У мяне нядаўна была гаворка з індыйскімі калегамі, яны казалі, што на ўсю Індыю, якая актыўна вакцынуецца, быў толькі адзін выпадак анафіляктычнай рэакцыі, калі пацыент памёр пасьля вакцынацыі. Праблема была ў тым, што пацыент не пачакаў 30 хвілін пасьля вакцынацыі, калі яму пасьпелі б аказаць належную дапамогу.
Тое, што я бачыла, калі вакцынавалася ў Беларусі, — гэта адносна дысцыплінаваныя пацыенты, якія сядзелі 30 хвілін пасьля прышчэпкі. Вельмі важна заплянаваць гэты час, каб ты знаходзіўся пад назіраньнем мэдыкаў. І калі ў чалавека здараецца хуткая рэакцыя на вакцыну, падазрэньне на анафіляксію, то мэдыкі ведаюць, як аказваць пры гэтым дапамогу, і маюць усе мэдыкамэнты супраць анафіляксіі. Гэта вельмі рэдкія сытуацыі. Настолькі рэдкія, што мільёны дозаў вакцынаў трэба даць, каб можа, пабачыць хоць на адну зь іх анафіляксію. Часьцей за ўсё бываюць неалергічныя рэакцыі. Страта прытомнасьці, трывожнасьць пацыентаў, бо ўколы і прышчэпкі такое могуць выклікаць. Ёсьць такі «сындром белага халата», калі чалавек баіцца пэўных працэдураў і лякарні.
Алергічныя захворваньні — не супрацьпаказаньні да вакцынацыі ад ковіду.
На пачатку пандэміі было меркаваньне, што астма (хранічнае запаленьне дыхальных шляхоў) — фактар рызыкі для ковідных пацыентаў, але потым той жа ковід сталі лячыць дэксамэтазонам — адным з гармонаў, аналягічныя якому прымаюць астматыкі. Але ўсё ж астма, як і іншыя хранічныя хваробы, павінна «быць пад кантролем», быць кампэнсаванай.
Рэакцыя на нейкія вакцыны, якія былі ў анамнэзе ў пацыента, таксама не супрацьпаказаньне, бо ніякія іншыя вакцыны ня ўтрымліваюць кампанэнтаў, якія маюць вакцыны ад ковіду.
«Апыняцеся ў рэанімацыі, а потым будзе проста „руская рулетка“»
— Расейскія сацыёлягі заявілі, што ў Расеі па выніках усіх апытаньняў, праведзеных за часы пандэміі, была прыблізна адна і тая ж лічба: 50-55% расейцаў — катэгарычныя праціўнікі вакцынацыі ад каранавірусу. Лічбаў па Беларусі мы ня маем, але яны могуць быць падобныя. Віктар, што, на вашую думку, здольнае пераканаць людзей, каб колькасьць катэгарычных праціўнікаў вакцынацыі зьмяншалася? Якія аргумэнты працуюць? Які захады заахвочваньня працуюць? Як бы вы раілі сваім блізкім у Беларусі зрабіць прышчэпку?
Віктар Лагацкі: Адна з галоўных рэчаў, каб сама ўлада мела адзіны курс — за вакцынацыю, і каб яна яго прытрымлівалася. Калі ўлада вагаецца, як нейкі ківач, і няма агульнага курсу, то і людзі ня будуць прытрымлівацца гэтага. Калі па радыё, тэлебачаньні, у друкаваных выданьнях і ў сеціве будзем прытрымлівацца аднаго курсу, толькі так можна пераканаць вялікую колькасьць людзей.
Гэта мы бачым у краінах ЭЗ. Ёсьць розныя меркаваньні, але ўлада прытрымліваецца аднаго курсу, што вакцынацыя патрэбная. Існуе самая мінімальная рызыка, што забʼе менавіта вакцынацыя, а найвялікшы шанец чалавек мае памерці ад ковіду, калі трапіць у рэанімацыю на апарат штучнай вэнтыляцыі. Прышчапіцца «Спутником» ці кітайскай вакцынай — лепей, чым не зрабіць нічога. Апыняцеся ў рэанімацыі, і потым будзе проста «руская рулетка». Гэта ня самае лепшае казіно ці віктарына, у якую можаш згуляць у сваім жыцьці.
«Пасьля „Спутника“ лепей прышчапіцца першай дозай кітайскай вакцыны, а калі былі прышчэпленыя кітайскай вакцынай, то лепей выбраць „Спутник-лайт“»
— Вікторыя, у камэнтарах да нашых ранейшых інтэрвію вас прасілі больш падрабязна расказаць пра рэвакцынацыю. Для Беларусі гэта яшчэ будучыня, і тым ня менш. Многія краіны цяпер актыўна прасоўваюць рэвакцынацыю. Ці варта ўсім рабіць новую прышчэпку праз паўгода-год? Ці істотна, той ці іншай вакцынай?
Вікторыя Дароніна: У Брытаніі вырашылі, што рэвакцынацыя патрэбная, але ня ўсім, толькі людзям з групаў рызыкі. На жаль, стала зразумела, што добры імунітэт, які папярэджвае цяжкае захворваньне на ковід, трымаецца недзе 20 тыдняў. Калі ў чалавека слабы імунітэт, а гэта людзі пасьля 60, людзі з хранічнымі хваробамі, такімі, як цукровы дыябэт, ім трэба сабе дапамагчы і рэвакцынавацца.
Правялі клінічныя выпрабаваньні і пабачылі, што калі рэвакцынацыя праводзіцца іншай вакцынай, то эфэкт лепшы. Вакцыны адна адну дапаўняюць. Брытанцам, якія прышчапляліся AstraZeneca (эквівалент «Спутника»), прапаноўваюць Pfizer.
Што тычыцца Беларусі, дзе даступныя «Спутник» і Sinovac: калі пасьля другой дозы прайшло больш як паўгода і ў вас ёсьць нейкія паказаньні, то лепей прышчапіцца іншым тыпам вакцыны. Пасьля «Спутника» лепей прышчапіцца першай дозай кітайскай вакцыны, а калі былі прышчэпленыя кітайскай вакцынай, то лепей выбраць «Спутник-лайт».
«Мы ж ведаем, як слушна»
— Лідзія, у дзень, калі быў адменены масачны рэжым, многія беларусы атрымалі смс-кі ад Мінздароўя, у якіх іх запрашалі на вакцынацыю, раілі насіць маскі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Наколькі цяжка цяпер мэдычным прафэсіяналам у Беларусі? Яны ж разумеюць цану хлусьні, цану нязробленых захадаў, разумеюць, што ім давядзецца працаваць з новымі хворымі ў рэанімацыях. Што магчыма і немагчыма зрабіць мэдыкам у Беларусі ў такой сытуацыі? Як рэагуе мэдычнае кіраўніцтва, а як — мэдычная супольнасьць?
Лідзія Тарасенка: Што і раней, толькі цяпер гэта даецца большай цаной. Правы мэдыкаў і ўвогуле правы грамадзян Беларусі ніхто не зьбіраецца захоўваць. Адзіны, хто можа паўплываць у лепшы бок (у горшы і так будзе), — гэта мы самі. Яшчэ два гады таму, дзесяць гадоў таму гэта каштавала б меншых намаганьняў, цяпер з кожным днём цана ўласных рашэньняў павышаецца. У мяне няма рэцэпту для ўсіх... Змагацца, заставацца чалавекам. Мы ж ведаем, як слушна.