Чаму зьяўляюцца рухі вакцынаскептыкаў? Што рухае людзьмі, якія адмаўляюцца ад вакцынацыі для сябе і сваіх дзяцей? Як ставяцца да гэтага мэдыкі і ці шмат залежыць ад якасьці прышчэпак і даверу да мэдычнай сыстэмы? Абмяркоўваюць праціўніцы вакцынацыі — брэнд шэф-кухар, дыетоляг Марына Бандаровіч і арганізатарка дзіцячых сьвятаў Вераніка Савось, а таксама доктарка Тацяна Гайлеш.
Сьцісла
- Бандаровіч: У маёй сям’і ўсе вядуць здаровы лад жыцьця, займаюцца спортам. Нам гэта не актуальна.
- Савось: Я не магу рызыкаваць сваім дзіцём. Гэта як гульня ў рулетку, пранясе ці не пранясе.
- Гайлеш: Як галоўны лёзунг я павесіла б наступны — дзеці заслугоўваюць самага дарагога і найлепшага.
- Вітушка: У 2018 годзе ў Эўропе ад адру памерла 72 чалавекі. Многіх з гэтых людзей можна было бы ўратаваць шляхам вакцынацыі.
«Я бачу, што ніхто нармальна дзяцей не аглядае перад вакцынацыяй»
Ганна Соўсь: Рабіць прышчэпку ці не — у Беларусі гэта права бацькоў. Паводле мэдыкаў, каля 97% насельніцтва краінаў прайшлі вакцынацыю прафіляктычнымі прышчэпкамі. Марына і Вераніка — вы ў меншасьці. У пэўным сэнсе дзякуючы шырокай вакцынацыі вы і вашыя дзеці абароненыя ад многіх небясьпечных інфэкцыйных хваробаў. Чаму вы вырашылі адмовіцца ад вакцынацыі? Чаму вы лічыце, што без прышчэпак вам і вашым семʼям будзе больш бясьпечна?
Марына Бандаровіч: Першапачатковыя прышчэпкі былі зроблены, потым стаўленьне да гэтага рэзка зьмянілася. На дадзены момант я бачу, што ніхто нармальна дзяцей не аглядае перад вакцынацыяй, проста хутка зрабілі прышчэпку для галачкі і сышлі. І якія будуць наступствы, нікога не цікавіць. Здароўе майго дзіцяці мне вельмі важнае, таму я адмаўляюся. Што тычыцца прышчэпак ад грыпу, то яны нам не патрэбныя, таму што ў маёй сямʼі ўсе вядуць здаровы лад жыцьця, займаюцца спортам. У нас захворваемасьць роўная нулю, таму нам гэта не актуальна.
«Наступствы пасьля гэтых прышчэпак ёсьць, і я не гатовая зь імі сутыкнуцца»
Вераніка Савось: Я думаю, што мы не заўсёды абароненыя менавіта праз тое, што вакцынацыя так шырока распаўсюджаная. Прышчэпленыя людзі ўсё роўна хварэюць на нейкія інфэкцыйныя хваробы. Гэта факт, які адмаўляць ня можам. Да таго ж часта ў нашай краіне дзецям ня ставяць адпаведны дыягназ. Напрыклад коклюш. У маім атачэньні ёсьць людзі, якія заразіліся коклюшам ад дзіцёнка, які меў гэтую хваробу. Ён быў прышчэплены, але яму не ставілі гэты дыягназ. Гэта ўжо было выяўлена пасьля. Каб дактары своечасова паставілі дыягназ, ён бы не распаўсюджваў гэтую інфэкцыю сярод іншых людзей.
Мы знаходзімся ў такой сытуацыі, калі вакол усе прышчэпленыя дзеці, і невядома чым яны хварэюць. Чаму я не раблю прышчэпкі сваім дзецям? Таму што сапраўды наступствы пасьля гэтых прышчэпак ёсьць, і я не гатовая зь імі сутыкнуцца. Пры гэтым я разумею людзей, якія робяць прышчэпкі. Яны маюць свае аргумэнты, як і я маю свае. Я ўсё гэта разумею, але я не магу сама пайсьці на тое, што, калі я зраблю сваім дзецям прышчэпкі, то ў іх будуць нэгатыўныя наступствы, якія былі ў іншых людзей. Таму для сябе я вырашыла, што мы рабіць прышчэпкі ня будзем.
«Людзі не адчуваюць, што ім гавораць праўду»
Ганна Соўсь: Тацяна, калі мы з вамі папярэдне абмяркоўвалі тэму прышчэпак, вы выказаліся ў падтрымку вакцынацыі, але сказалі, што хацелі бы мець болей інфармацыі пра вакцыны. Патлумачце, калі ласка, вашу пазыцыю.
Тацяна Гайлеш: Я адназначна за вакцынацыю. Ня тое, што я не давяраю якасьці вакцынаў... Мы вельмі мала валодаем інфармацыяй. Усе мы жывем у інфармацыйным стагодзьдзі. Калі нешта раней здаралася ў суседнім горадзе ці краіне, мы ніколі пра гэта ня ведалі, а цяпер мы ведаем усё. Гэта актыўна абмяркоўвацца, і таму вельмі важна, каб пра любы нэгатыўны выпадак, зьвязаны з прышчэпкай, як мага больш падрабязна было патлумачана, дасьледавана і данесена на шырокай масы людзей зразумелай мовай.
А ў нас атрымліваецца наступным чынам. Недзе нешта адбылося. Афіцыйныя структуры кажуць, што будуць разьбірацца. Якія былі разьбіральніцтвы? Як разабраліся? Людзі, як мне падаецца, не адчуваюць, што ім гавораць праўду, што ім расказалі ўсё. Першапачатковая афіцыйная рэакцыя — не, гэта не зьвязана з прышчэпкай, мы будзем разьбірацца. А што ў выніку, людзі ня ведаюць. І таму калі табе самому пасьля ўсіх нэгатыўных выпадкаў, асабліва са сьмяротным вынікам, трэба прыняць рашэньне прышчапляць сваіх дзяцей ці не, то на першы плян выходзіць страх.
Кантакт і магчымасьць захварэць тым жа самым коклюшам — паўрэальныя, а атрымаць нэгатыўныя наступствы ад прышчэпкі — гэта рэальна, бо ты павінен падвесьці сваё дзіця пад рызыку, зьвязаную з прышчэпкай. Як мне падаецца, гэты страх і спыняе многіх людзей.
Калі б нам падрабязна ўсё тлумачылі, то мы б з большым даверам падыходзілі і было б менш адмовы ад прышчэпак. А прышчэпкі — гэта важна. Да нас у краіну прыяжджаюць, мы самі выяжджаем зь дзецьмі ў іншыя краіны. Мы ўвесь час нешта можам сустрэць, захварэць. Гэта вялікія рызыкі.
Асабліва апошнія скандалы з закупкамі мэдпрэпаратаў далі вялікі мінус у пляне даверу да дзяржавы, структуры якой займаліся закупкамі. Як гаворыцца, уласнае дзіцё заўсёды бліжэй, лепей перастрахуюся і на ўсялякі выпадак адмоўлюся.
Доктар Андрэй Вітушка: «Спрэчкі пра прышчэпкі — гэта часта не пра лёгіку і дасьледаваньні, а пра веру»
Ганна Соўсь: Я папрасіла вядомага дзіцячага доктара Андрэя Вітушку зьвярнуцца да ўдзельніц дыскусіі і выказаць свае аргумэнты ў падтрымку вакцынацыі.
Андрэй Вітушка: Я паважаю выбар вакцынаскептыкаў і іх меркаваньне, хоць і нязгодны зь ім. Большасьць вакцынаскептыкаў, якіх я сустракаў — гэта ўважлівыя і думаючыя людзі, якія шчыра хочуць дабра сваім дзецям і дзейсна працуюць над гэтым, шукаючы інфармацыі і фармуючы сваё меркаваньне. Гэта ня можа не выклікаць павагу. Таксама я ўражаны калегай, якая прыйшла публічна дыскутаваць. Гэта імкненьне таксама ня можа не выклікаць павагі, асабліва ведаючы, чым сканчваюцца падобныя публічныя дыскусіі.
На маім досьведзе — непазьбежным тупіком на аргумэнце, што вакцыны — гэта вялікі бізнэс і змова фармкарпарацый супраць чалавецтва. Маўляў, кампаніі прадаюць вакцыны за грошы і зацікаўленыя ў вакцынацыі. І што большасьць дактароў уцягнутая ў гэтую змову, таму, што яны працуюць у мэдыцыне і купленыя гэтымі карпарацыямі ці запалоханыя аўтарытэтамі, якія купленыя карпарацыямі. Пярэчыць таму, што вакцыны прадаюцца за грошы і мэдыкі працуюць таксама небясплатна, абсурдна, хоць гэта, вядома, ніяк не даказвае змовы.
Многія людзі ў сучасным глябальным сьвеце ня вераць дактарам і навукоўцам, падазраючы іх у фальсыфікацыі дадзеных і няшчырасьці. Многія вераць, што пагроза вакцына-кантраляваных інфэкцый занадта перабольшана, і маё дзіця абміне адзёр, бо мы ня езьдзім ва Ўкраіну, ці коклюш, бо мы ня ходзім у дзіцячы садок. У лекараў іншая рэальнасьць.
Калі я амаль 20 гадоў таму скончваў мэдычны ўнівэрсытэт, студэнтам немагчыма было знайсьці пацыента з коклюшам (іх практычна не было). Зараз — гэта зусім нярэдкая хвароба. Між тым вядомыя заканамернасьці распаўсюду інфэкцый працуюць, незалежна ад таго, верым мы ў іх ці не. Яскравы прыклад — адзёр, колькасьць выпадкаў якога ў 2019 годзе (па дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя) у сьвеце павялічыцца ў 4 разы. У 2018-м у Эўропе адзначаны трохразовы рост колькасьці выпадкаў гэтай інфэкцыі, якую перанесьлі каля 82 тысяч чалавек, чвэрць зь якіх лячылася ў шпіталі. Прычына гэтага банальная — зьніжэньне колькасьці вакцынаваных ніжэй за парог, неабходны для калектыўнага імунітэту (95% папуляцыі). Напрыклад, ва Ўкраіне гэты паказчык складаў 31% і там заканамерна ўзьнікла найбольшая колькасьць людзей з адром.
На жаль, у 2018 годзе ў Эўропе ад гэтай інфэкцыі памерла 72 чалавекі (супраць 42 у 2017 годзе). Мне, як лекару, крыўдна, што многіх з гэтых людзей можна было бы ўратаваць шляхам вакцынацыі. Пераканаўчых доказаў эфэктыўнасьці вакцынацыі можна прыводзіць мноства — ад зьніжэньня колькасьці атытаў у ЗША, пасьля ўвядзеньня ў каляндар прышчэпак супраць пнэўмакока, да зусім нядаўняга выпадку, калі ў той жа Амэрыцы ледзь не памер ад слупняку непрышчэплены 6-гадовы хлопчык.
Таксама ёсьць мноства доказаў бясьпечнасьці вакцынаў і ёсьць сыстэма, якая маніторыць гэтую бясьпеку. Але спрэчкі пра прышчэпкі — гэта часта не пра лёгіку і дасьледаваньні, а пра веру. А пра веру лепш гаварыць сам насам з адукаваным доктарам, здольным абмеркаваць усе вашыя сумневы наконт вакцынацыі і адказаць кампэтэнтна на вашыя пытаньні.
«Няма даверу людзям, якія проста ставяць галачкі і робяць на нас экспэрымэнты»
Марына Бандаровіч: У любой прафэсіі ёсьць людзі, якія сумленна выконваюць сваю працу, а ёсьць людзі, якія выконваюць яе абы як. Самае страшнае, што гэтая прафэсія зьвязаная з жыцьцём і здароўем. Так, даверу няма, няма даверу людзям, якія проста ставяць галачкі і робяць на нас экспэрымэнты. Даверу няма, таму што я потым ня буду ведаць, што будзе з маім здароўем. Я таксама не гатовая класьці сваё здароўе на галачку, што нехта паставіў. Мне значна прасьцей і зручней (хаця на гэта і ідзе шмат намаганьняў) весьці здаровы лад жыцьця і займацца спортам. Калі дактары пішуць дыягназы і накіраваньні на лячэньне, то ў іх усё адбываецца паводле жорстка выбранай мэтодыцы. І наўрад ці доктар напіша тое, што сапраўды думае, таму што гэта нельга.
Ганна Соўсь: Марына, у вас недавер да дактароў менавіта ў Беларусі, ці ўвогуле да ўсіх дактароў ва ўсіх краінах сьвету?
Марына Бандаровіч: Пакуль толькі да нашых. Я ежджу дастаткова шмат па Эўропе, там такога няма. Колькі я сутыкалася там з мэдыцынай, праблем не было. Мне прасьцей, маючы сваю прафэсію, падтрымліваць маё здароўе, здароўе маёй сямʼі, каб па мінімуму сутыкацца з дактарамі.
Ганна Соўсь: Давайце ўявім гіпатэтычную сытуацыю, што ваша сямʼя жыве ў краіне ЭЗ, мэдычнай сыстэме якой вы давяраеце. Ці вы б пагадзіліся б на вакцынацыю?
Марына Бандаровіч: Я б пяць разоў падумала. Апаліўшыся на малацэ, на ваду дуюць. У мяне цяпер няма такога жаданьня, бо я вельмі сачу за сваім здароўем. Я ня бачу прычынаў, па якіх мне трэба гэта рабіць.
«Я не магу пайсьці і прышчапіць дзіця. Але аргумэнты Андрэя я разумею»
Вераніка Савось: Я дзякую Андрэю Вітушку, я вельмі разумею ягоныя аргумэнты. Я вельмі доўга вывучала гэтае пытаньне падчас сваёй першай цяжарнасьці. Я вельмі добра разумею аргумэнты «за» але не магу пагадзіцца на наступствы, якія могуць быць. Я не магу рызыкаваць сваім дзіцём. Гэта як гульня ў рулетку, пранясе ці не пранясе. Я не магу пайсьці і прышчапіць дзіця. У мяне ёсьць вялікі недавер да нашай мэдыцыны. Я не наведваю дзяржаўныя паліклінікі, я веру ў спорт і здаровы лад жыцьця. На інтуітыўным узроўні я адчуваю, што я — вінцік у нашай сыстэме аховы здароўя, там я — не асоба. Ім усё роўна, што будзе з маім дзіцёнкам, калі будуць наступствы. Я не магу давяраць мэдыцыне, якая мяне не паважае. Гэта сыстэма. Мне складана давяраць сыстэмам.
Ганна Соўсь: Тое ж самае пытаньне да вас. Ці гэта тычыцца толькі беларускай сыстэмы ці вы не давяраеце ўсім сыстэмам аховы здароўя?
Вераніка Савось: Я не сутыкалася зь мэдыцынай за мяжой. Я маю толькі досьвед беларускай мэдыцыны. Не давяраю, таму што ведаю. Пра замежную нічога не магу сказаць.
«Дзеці заслугоўваюць самага дарагога і найлепшага»
Ганна Соўсь: Тацяна, нядаўняя гісторыя з вакцынай «Эўпэнта», у выніку ўвядзеньня якой памерла дзіця, выявіла і шэраг праблем у сыстэме аховы здароўя. Гэта найперш яе закрытасьць і, як сьледзтва, невысокі давер да яе. Таксама стала больш шырока вядома пра розныя тыпы вакцынаў — пра тыя, што можна зрабіць у прыватных цэнтрах, і тыя што робяць бясплатна ў дзяржаўных мэдычных установах. Ці можна праз паляпшэньне якасьці вакцынаў, праз адкрытасьць сыстэмы пераканаць людзей, якія адмаўляюцца ад вакцынацыі? І што б вы зьмянілі ў сыстэме аховы здароўя, калі б была такая магчымасьць? Каб тыя страхі, пра які кажуць Вераніка і Марына, зьнікалі праз большую інфармаванасьць і давер?
Тацяна Гайлеш: Я б найперш як галоўны лёзунг павесіла б наступны, што дзеці заслугоўваюць самага дарагога і сама лепшага. З вакцынай «Эўпэнта» атрымалася сытуацыя, калі Расея нам не паставіла і мы былі вымушаныя тэрмінова шукаць, дзе закупіць вакцыну, каб вакцынаваць насельніцтва. Таму мы трапілі ў сытуацыю сумнеўнай рэгістрацыі дадзенай вакцыны. І гэта ўсё дало падставы для таго, каб людзі перажывалі, дадумвалі, прыдумлялі.
Калі для дзяцей будзе закупацца ўсё самае лепшае і дарагое, дык кожныя бацькі змогуць і заплаціць за гэта, каб дзіця атрымала не сумнеўнае, а найлепшае і праверанае. Трэба, каб была максымальна адкрытая інфармацыя пра прышчэпкі, як і дзе іх зрабіць. Платную прышчэпку можна выбраць і зрабіць па-ранейшаму толькі ў абласных гарадах Беларусі. Чалавеку, які жыве ў невялікім раённым цэнтры ці ў вёсцы, гэта проста недаступна, і ён ідзе і робіць тую прышчэпку, якая ёсьць у мэдпункце, у паліклініцы. Гэта недапушчальна. Гэта павінна быць аднолькава даступна для ўсіх. Нават за грошы.
Наконт ускладненьняў пасьля прышчэпкі. Трэба, каб любы чалавек мог прачытаць, магчыма онлайн пракансультавацца, атрымаць усе адказы на ўсе свае пытаньні, сумневы і страхі. Калі чалавеку ўсе патлумачыш, прагаворыш па кожнаму канкрэтнаму пытаньню, якое ўзьнікла, што стаіць за той ці іншай праблемай ці ўскладненьнем, ён больш сьвядома будзе рабіць выбар — рабіць прышчэпку свайму дзіцяці ці не. А калі мы ня ведаем, што адбылося, калі мы ня ведаем, чым нас вакцынуюць, то на першым пляне ў нас будуць страхі, а страх — гэта вялікі барʼер, які часам вельмі складана пераадолець.
«Нікога не прымушаю не рабіць прышчэпак»
Ганна Соўсь: Тэма адмовы ад прышчэпак выклікае часта нэрвовую і вельмі катэгарычную рэакцыю ў грамадзтве, і вы гэта добра ведаеце. Вас могуць назваць цемрашаламі, могуць абвінаваціць у тым, што вы ствараеце пагрозу распаўсюду эпідэмій хваробаў, пра якія ўжо ўсе забіліся. Марына і Вераніка, як вы рэагуеце на гэтыя абвінавачваньні? Наколькі лёгка вам жыць у сьвеце, дзе пераважная большасьць, сыстэма аховы здароўя, грамадзкая думка супраць вас?
Марына Бандаровіч: Абсалютна спакойна і лёгка. Сыстэма — гэта таксама людзі. У мяне вялікая прэтэнзія да ўсіх нас. Калі мы возьмем люстэрка і будзем рабіць усё паводле сумленьня, бо той, хто робіць дрэнна, робіць дрэнна сам сабе. Калі кожны на сваім месцы адкрые «скрынку з сумленьнем», усё зьменіцца. А цяпер ідзе татальны недавер. У маім атачэньні вельмі добрыя людзі, я не адчуваю ў дачыненьні да сябе абсалютна ніякага прэсінгу. Я і не зьяўляюся прапагандыстам, бо нікога не прымушаю не рабіць прышчэпак. Гэта асабістая справа кожнага і выбар кожнага.
«Маім дзецям 12 і 10 гадоў, і я ніколі не пашкадавала пра тое, што яны не прышчэпленыя»
Ганна Соўсь: Андрэй Вітушка гаварыў, што калі зьніжаецца колькасьць вакцынаваных людзей у грамадзтве, і калі гэта менш за 95% папуляцыі, то ёсьць вялікая рызыка вяртаньня вельмі небясьпечных хваробаў. І калі пашыраецца рух антыпрышчэпнікаў, то гэтая небясьпека ўзрастае. Гэта ўскосна могуць быць абвінавачваньні і на ваш адрас. Як вы адказваеце?
Вераніка Савось: Сапраўды, такія абвінавачваньні ёсьць. Я на гэта рэагую спакойна, калі гэта выпадковыя для мяне людзі. Больш адчувальна, калі так лічаць блізкія людзі, і такія ёсьць. Як я рэагую? Прымаю іх меркаваньні. І вельмі хочацца, каб яны прымалі маю волю ў гэтым пытаньні таксама, каб мы пачулі адзін аднаго. Чуць — ня значыць пагаджацца. Сваіх блізкіх я прашу прыняць і паважаць маё права гадаваць сваіх дзяцей і клапаціцца пра іх здароўе такім чынам, як я разумею на гэты момант майго разьвіцьця.
Ганна Соўсь: А ці лёгка адмаўляцца ад прышчэпак? Так, гэта добраахвотная справа, але ўсё ж пэўны прэсінг ёсьць.
Вераніка Савось: Так, прэсінг ёсьць. Маім дзецям амаль 12 і 10 гадоў, і я яшчэ ніколі не пашкадавала пра тое, што яны не прышчэпленыя. Калі прынятае рашэньне, то ісьці гэтым шляхам не складана. Але жыцьцё такое, што мы мяняем свае думкі, нам адкрываюцца нейкія іншыя аргумэнты. Магчыма, калісьці нехта і можа зьмяніць сваю пазыцыю, але калі жывеш з такім мірам у сэрцы, як цяпер... Я шчасьлівая цяпер і рада, што ў Беларусі ёсьць свабода рабіць ці не рабіць прышчэпкі.
«Я гатовая рабіць гэтыя прышчэпкі, калі ведаю пра канкрэтную рызыку ў іншай краіне»
Ганна Соўсь: А як вы ставіцеся да таго, калі такой свабоды няма? Як вы ставіцеся да пэўных абмежаваньняў, якія робяцца ў некаторых краінах — нядопуск дзяцей у школу, не атрыманьне візы ці іншыя перашкоды, каб прымусіць да вакцынацыі?
Тацяна Гайлеш: Забароны ня могуць быць эфэктыўнымі. Забараняючы звонку, мы ўздымаем хвалю супрацьстаяньня. Лепей данесьці да чалавека інфармацыю такім чынам, каб ён зрабіў выбар сам. Мы ўсе адукаваныя і разумныя, мы можам узважыць рызыкі, зьвязаныя з падарожжам, паходам у школу, кантактам з інфэкцыяй. Чалавек павінен прымаць рашэньне сам і несьці адказнасьць за ўсё.
Марына Бандаровіч: Так, для ўезду ў пэўную краіну патрэбныя пэўныя прышчэпкі, але давайце ня будзем блытаць. Гэта ня тыя прышчэпкі, што робяць, калі прыходзіш у паліклініку. У маім дзяцінстве гэта так рабілася, што выклікала толькі жах і страх. Калі мы едзем у іншыя краіны, прышчэпкі робяць не ў паліклініках, дакладнымі вакцынамі, якія кантралююцца далёка не паліклінічнымі дактарамі. Там жорсткі кантроль, і я цудоўна ведаю, што за мяне адказваюць. Гэтыя захады выклікаюць давер, і я гатовая рабіць гэтыя прышчэпкі, калі я ведаю пра канкрэтную рызыку ў іншай краіне. Але сьпіс гэтых краінаў вельмі невялікі, і браць гэта пад увагу неістотна.
Вераніка Савось: Я хацела падзякаваць Тацяне за ўсё, што я пачула ад яе, асабліва за апошняе. Я таксама лічу, што прымус, прэсінг недапушчальныя. Павінна быць свабода выбару. Я не кажу, што прышчэпкі для ўсіх зло, ці для ўсіх выйсьце. Ёсьць жа і мэдычныя адводы, калі дзіця нараджаецца з асаблівасьцямі, пры якіх нельга рабіць прышчэпкі, і дактары самі даюць вэрдыкт — ня варта рабіць. У нашых радзільнях прышчэпкі робяць адразу, і мы ня можам дасьледаваць дзіця на прадмет таго, ці можна яму рабіць прышчэпку. У мяне выклікае недавер тое, што няма дастатковага абсьледаваньня, каб маці былі ўпэўненыя, што іх дзецям можна ці нельга рабіць прышчэпкі.
«Неабходна рабіць усе прышчэпкі ў адпаведнасьці з узростам»
Ганна Соўсь: Тацяна, якія вакцыны вы лічыце неабходнымі, нават калі ёсьць сумневы наконт пабочных эфэктаў?
Тацяна Гайлеш: Неабходна рабіць усе прышчэпкі ў адпаведнасьці з узростам. Ёсьць каляндар прафіляктычных прышчэпак, і іх трэба рабіць абавязкова. Прышчэпкі ад ветраной воспы, ад грыпу — на выбар бацькоў. Ёсьць пералік прафіляктычных прышчэпак, якія робяць з самага раньняга ўзросту. Я лічу, іх трэба рабіць проста ў абавязковым парадку. Хачу пажадаць кожнай маці, якая мае дзяцей, быць у добрым кантакце са сваім пэдыятрам, каб быў поўны давер, каб можна было ўсё прагаварыць, каб маці бачыла, што яе дзяцей пачулі, пабачылі, у іх разабраліся і зрабілі прышчэпку тады, калі яна не нашкодзіць, і дзіця на выхадзе было здаровае і абароненае.