Пра гэта паведамляе DW.
Знакаміты галівудзкі кінаактор Арнольд Шварцэнэгер у сераду, 17 студзеня, быў спынены для надгляду ў аэрапорце Мюнхэну. Гэта пацьвердзіў у размове з DW афіцыйны прадстаўнік мытні. У выніку праверкі высьветлілася, што Шварцэнэгер парушыў мытныя правілы.
Паводле зьвестак агенцтва dpa, Шварцэнэгер, прыляцеўшы ў баварскую сталіцу рэйсам з Лос-Анджэлеса, не задэкляраваў дарагі гадзіньнік, які меркаваў перадаць новаму ўладальніку ў ЭЗ. У такім выпадку спроба яго бязмытнага ўвозу на мытную тэрыторыю ЭЗ зьяўляецца парушэньнем. «Калі тавар застаецца ў ЭЗ, неабходна заплаціць падаткі і мыта. Гэта датычыцца кожнага», — адзначыў прадстаўнік мытні.
Выданьне Bild апублікавала фота з Шварцэнэгерам на мытні. На здымку ён у акулярах, чорнай куртцы з амэрыканскім сьцягам на рукаве і сьцягам Каліфорніі на грудзях. У яго ў руках вялікая шэрая скрынка з гадзіньнікам.
Паводле звестак Bild, гадзіньнік зьяўляецца ўнікальным, паколькі швайцарскі вытворца гадзіньнікаў клясы люкс Audemars Piguet выпусьціў яго ў адзіным асобніку адмыслова для «жалезнага Арні». Афіцыйная цана канкрэтна гэтага экзэмпляра невядомая — сам Шварцэнэгер нібыта назваў лічбу 20 тысяч эўра. Цэны на асобныя мадэлі гэтай фірмы дасягаюць сотняў тысяч эўра.
Дабрачынны аўкцыён
Шварцэнэгер прывёз гадзіньнік у Эўропу, каб выставіць на таргі на дабрачынным аўкцыёне ў аўстрыйскім Кіцбюэле. Актор нарадзіўся і вырас у Аўстрыі і дагэтуль часта прыяжджае туды. Сродкі ад таргоў павінныя былі пайсьці на абарону клімату, якой Шварцэнэгер надае асаблівую ўвагу.
На мытні ня ведаюць, ці адправіўся Шварцэнэгер далей у Аўстрыю. Прадстаўнікі ведамства ў гутарцы з карэспандэнтам DW таксама адмовіліся паведамляць дадатковыя зьвесткі пра магчымы штраф, які пагражае знакамітаму актору і экс-губэрнатару Каліфорніі.
Як сам Шварцэнэгер адрэагаваў на дагляд і інцыдэнт з парушэньнем мытных правілаў? «У захапленьні ён ня быў», — так коратка апісаў DW рэакцыю актора прэсавы сакратар галоўнага ўпраўленьня мытні ў Мюнхэне.