Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арнольд Шварцэнэгер зьвярнуўся да расейцаў: «Гэта ня ваша вайна. Ваш урад вам хлусіць». ВІДЭА


Арнольд Шварцэнэгер
Арнольд Шварцэнэгер

«Калі мой бацька прыехаў пад Ленінград, ён быў напампаваны хлусьнёй свайго ўраду. Калі ён зьехаў зь Ленінграду, ён быў зламаны і фізычна, і маральна. Я не хачу, каб вы былі зламаныя, як мой бацька».

Амэрыканскі спартовец, актор і палітык аўстрыйскага паходжаньня Арнольд Шварцэнэгер зьвярнуўся да расейскага народу і расейскіх салдат, якія цяпер ваююць супраць Украіны.

Што сказаў Арнольд Шварцэнэгер:

«Я ведаю, што ваш урад кажа, што гэта вайна для дэнацыфікацыі Ўкраіны. Гэта няпраўда. Украіна — краіна з прэзыдэнтам габрэйскага паходжаньня, у бацькі якога, да ўсяго іншага, усіх трох братоў забілі нацысты. Украіна не пачынала гэтую вайну. Яе пачалі не нацыяналісты і не нацысты. Тыя, хто мае ўладу ў Крамлі, пачалі яе».

  • «Вам ня кажуць і праўды пра наступствы гэтай вайны для Расеі. Я зь цяжкім сэрцам кажу, што тысячы расейскіх салдат забітыя... Па абодва бакі вайны будуць пакутаваць тыя, хто гэтага не заслугоўвае. Расейскі ўрад хлусіць ня толькі сваім грамадзянам, але і сваім салдатам».
  • «Мяне заўсёды натхняў расейскі народ, але гэта не вайна расейскага народу. Гэта не вайна для абароны Расеі, якую вялі нашы бабулі, дзядулі і прадзеды. Гэта незаконная вайна. Вашымі жыцьцямі, вашымі целамі і вашым будучым ахвяруюць дзеля бессэнсоўнай і злачыннай вайны, якую асуджае ўвесь сьвет».
  • «А ўладу ў Крамлі я хачу спытаць: чаму вы ахвяруеце гэтымі людзьмі дзеля сваіх амбіцый?»

Арнольд Шварцэнэгер згадаў досьвед свайго бацькі, які ў складзе нямецкіх войскаў ваяваў на ленінградзкім фронце:

  • «Калі мой бацька прыехаў пад Ленінград, ён быў дашчэнту напампаваны хлусьнёй свайго ўраду. Калі ён зьехаў з-пад Ленінграду, ён быў зламаны і фізычна, і маральна. Ён пражыў усё астатняе жыцьцё з болем. Болем ад зламанай сьпіны. Болем ад шрапнэлі, якая заўсёды нагадвала яму пра тыя жудасныя гады. Болем ад віны, якую ён адчуваў... Я не хачу, каб вы былі зламаныя, як мой бацька».

Грамадзянам Расеі, якія выйшлі на антываенныя пратэсты, Арнольд Шварцэнэгер сказаў:

  • «Сьвет убачыў вашую сьмеласьць. Мы ведаем, што вы пакутуеце ад наступстваў вашай сьмеласьці. Вас затрымліваюць. Вас садзяць. Вас б’юць. Вы — мае новыя героі... У вас сапраўднае сэрца Расеі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG