Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі аўтобусаў у Расею ўпалі, грузавікоў вырасьлі. Што адбываецца на МАЗе, які хоча пашырыць вытворчасьць


Завод МАЗ, Менск, 2021
Завод МАЗ, Менск, 2021

Пастаўкі беларускіх грузавікоў МАЗ у Расею летась вырасьлі на 43,8%. Але ўсё можа кардынальна зьмяніцца.

МАЗ зьбіраецца пашырацца, летась на тэрыторыі прадпрыемства пачалося будаўніцтва новага заводу для вытворчасьці пасажырскага транспарту. Плянуецца, што яго запусьцяць ужо ў 2025 годзе, а МАЗ стане выпускаць да 3000 пасажырскіх транспартных адзінак, у першую чаргу гарадзкіх і міжгародніх аўтобусаў, за год.

На спадарожнікавых здымках відаць, што на тэрыторыі заводу расчысьцілі пад будоўлю пляцоўку з будаўнічай тэхнікай плошчай пад 90 000 квадратных мэтраў.

Глядзім, што зараз з заводам.

6333 грузавікі прадалі ў Расею

МАЗ працуе пад санкцыямі Эўразьвязу і ЗША. ЭЗ увёў абмежаваньні супраць прадпрыемства ў чэрвені 2021 году. Кіраўніцтва заводу спрабавала аспрэчыць такое рашэньне ў эўрапейскім судзе, але суд не пагадзіўся з аргумэнтамі. ЗША ўвялі санкцыі супраць МАЗу летась. У траўні мінулага году санкцыі супраць беларускага заводу ўвяла і Ўкраіна. Прычынай назвалі спрыяньне расейскай агрэсіі.

Беларуская статыстыка не публікуе дадзеных аб замежным гандлі грузавікамі і аўтобусамі з 2021 году. Вядома, што асноўным рынкам для МАЗу цяпер зьяўляецца Расея.

Прадукцыя МАЗу — гэта грузавікі і пасажырскі транспарт. Летась МАЗ паставіў у Расею 6333 грузавікі, гэта на 43,8% больш, чым годам раней. Такія дадзеныя публікуе расейскі «Автостат». Доля МАЗу на расейскім рынку цяпер 4,41%, і яна зьнізілася за год (была 5,24%). Зьвязана гэта з хуткім ростам расейскага рынку, які павялічыўся за год на 70,8%. Гэта значыць, хоць пастаўкі зь Беларусі значна вырасьлі, расейскі рынак вырас яшчэ болей.

У даваенным 2019 годзе, напрыклад, МАЗ паставіў у Расею толькі 2888 грузавікоў. Аднак тады МАЗ яшчэ прадаваў грузавікі ва Ўкраіну (больш за тысячу за год) і ЭЗ (140 за год). Цяпер гэтыя рынкі недасяжныя з-за санкцый.

Самым буйным пастаўшчыком грузавікоў у Расеі летась быў расейскі KAMAZ (31 010 штук). У пяцёрцы лідэраў таксама чатыры кітайскія вытворцы: Sitruk (23 633 грузавікоў), Shacman (20760), FAW (15 804), Howo (6938).

МАЗ сярод пастаўшчыкоў займае па колькасьці паставак 7 месца адразу пасьля расейскага GAZ.

Аўтобусы — мінус 16,1% за год

За 11 месяцаў мінулага году МАЗ прадаў у Расею 799 аўтобусаў і стаў 6-м сярод асноўных пастаўшчыкоў. На першым месцы расейскі вытворца PAZ (5589 аўтобусаў), на другім — кітайскі Yutong (1885). Такія дадзеныя публікуе расейскі «АСМ-холдинг», які адсочвае гэтую статыстыку.

У параўнаньні з 2022 годам пастаўкі беларускіх аўтобусаў у Расею ўпалі на 16,1%. Калі параўноўваць з дакрызіснымі і даваеннымі часамі, то пастаўкі аўтобусаў вырасьлі. За ўвесь 2019 год Беларусь прадала ў Расею толькі 377 аўтобусаў.

Зь беларускімі аўтобусамі ў Расеі ўзьнікаюць праблемы — па зьвестках СМІ за мінулы год толькі ў Санкт-Пецярбургу загарэлася ня менш за 9 аўтобусаў беларускай вытворчасьці. Ужо сёлета 3 студзеня загарэўся яшчэ адзін.

Праблему ўскосна прызнаў Лукашэнка. Гэта адбылося на сустрэчы з расейскімі губэрнатарамі летась 19 верасьня. Ён абвінаваціў ва ўзгараньнях кампанію, якая займаецца эксплюатацыяй беларускага транспарту.

Віцэ-губэрнатар Санкт-Пецярбургу Кірыл Палякоў заявіў, што ў праблеме могуць быць вінаватыя санкцыі. А менавіта тое, што яны вымусілі замяніць вытворцаў некаторых дэталяў.

«Ва ўмовах санкцыйнага ціску і парушэньнях лягістычных ланцужкоў пры пастаўках камплектаў гідрапрываду магла адбыцца замена правераных флянцаў на іншыя, аналягічныя па тэхнічных характарыстыках, але якія ня маюць правераных рэфэрэнцый», — казаў Палякоў у 2022 годзе.

Аб выпадках, каб аўтобусы МАЗ загараліся ў Беларусі, невядома.

«На расейскім рынку расьце канкурэнцыя»

Знаёмы з сытуацыяй на МАЗе чалавек расказаў Свабодзе, што пашырэньне вытворчасьці зьвязана з «вайсковымі патрэбамі». Амаль усе пастаўкі з МАЗу ідуць на Расею, а «супрацоўнікам захоўваюць досыць высокі заробак на рынку».

Напрыклад, начальніку цэху на МАЗе абяцаюць плаціць 3513 рублёў за месяц.

Інжынэру-электроніку — да 2565 рублёў за месяц.

Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, далей расьці на расейскім рынку беларускаму вытворцу грузавікоў і «МАЗаў» будзе складана, там назіраецца канкурэнцыя.

«На расейскім рынку, дзе быў высокі інвэстыцыйны попыт, імкнуліся закрыць праекты, пакуль былі прыбыткі. Быў попыт на будаўнічую тэхніку. Ім складана далей пашыраць выпуск, бо ўперліся ў столь магчымасьцяў вытворчасьці, захоўваецца праблема з камплектнымі часткамі, іх стала даражэй закупляць. Паралельна з гэтым расьце канкурэнцыя на расейскім рынку за кошт і кітайскіх, і расейскіх вытворцаў. Асаблівых пэрспэктыў, каб захоўваць высокія аб’ёмы росту, няма», — кажа Анатоль Харытончык.

Апошняя даступная справаздачнасьць МАЗ аб фінансавай дзейнасьці датуецца 2020 годам. Тады за год чысты прыбытак заводу склаў 142 000 рублёў. Даўгі заводу на той момант былі большыя за 1,5 мільярда рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG