Сьцісла:
- СНД, створаная зусім у іншую эпоху і надзеленая на пачатку існаваньня іншымі функцыямі, перажыла свой час, памяняла місію, але працягвае існаваць.
- Гэтая арганізацыя ва ўсечаным выглядзе захавалася як клюб, форум, пляцоўка для двухбаковых сустрэчаў паміж лідэрамі. І як мэханізм узаемнай легітымізацыі прэзыдэнтаў-аўтакратаў.
- СНД, якую шмат хто лічыць пустой арганізацыяй, правяла за год ажно тры саміты.
- Лукашэнку зь верасьня не ўдаецца грунтоўна пагаварыць з Пуціным. Бачныя ўсе прыкметы таго, што Пуцін вытрымлівае паўзу.
СНД — дзіўная і ў нечым унікальная арганізацыя. Створаная зусім у іншую эпоху і надзеленая на пачатку існаваньня іншымі функцыямі, яна перажыла свой час, памяняла місію, але працягвае існаваць. Не сказаць, каб квітнець. Аднак і сьцьвярджаць, што яна дажывае свой век, не выпадае.
Нагадаю, Садружнасьць незалежных дзяржаў была створная ў 1991 годзе як форма новага існаваньня СССР. Аднак у такім абліччы яна доўга не праіснавала, бо хутка пачаўся працэс афармленьня незалежнага жыцьця ўсіх яе краін-сяброў.
Потым зьявілася новая функцыя СНД — форма цывілізаванага разводу постсавецкіх дзяржаў. Аднак, як паказалі апошнія падзеі, цывілізаванага разводу не атрымалася. Пра гэта сьведчаць канфлікты паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, Таджыкістанам і Кіргізстанам, змаганьне з асяродкамі сэпаратызму ў Малдове (Прыднястроўе), Грузіі (Абхазія, Паўднёвая Асэтыя), Расеі (Чачэнія), цяперашняя вайна РФ супраць Украіны.
У выніку СНД ужо ва ўсечаным выглядзе захавалася як клюб, форум, пляцоўка для двухбаковых сустрэчаў паміж лідэрамі. І як мэханізм узаемнай легітымізацыі прэзыдэнтаў-аўтакратаў, форма выхаду зь міжнароднай ізаляцыі. Вось жа на беларускія выбары мяркуецца прыезд назіральнікаў ад СНД, якія павінны засьведчыць поўную дэмакратычнасьць выбарчага працэсу.
І, як ні дзіўна, у такім выглядзе СНД аказалася даволі жывучай арганізацыяй. Мяркуйце самі: сёлета саміты АДКБ, ЭАЭС адбыліся толькі аднойчы. Хоць гэта арганізацыі, пры ўсім крытычным стаўленьні да іх, больш уплывовыя і зьмястоўныя, чым СНД. Тым часам СНД, якую шмат хто лічыць пустой арганізацый, правяла за год ажно тры саміты. Першы быў 9 траўня, калі Ўладзімір Пуцін запрасіў лідэраў постсавецкіх дзяржаў прыехаць у Маскву і адсьвяткаваць разам Дзень Перамогі. Тады Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў зьявіцца на Краснай плошчы цяжка хворым.
Другі саміт (афіцыйны, фармальны) адбыўся ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку 13 кастрычніка. І вось — новы нефармальны саміт у Санкт-Пецярбургу 26 сьнежня. Ён стаў ужо традыцыйным. Ніякага фармальнага парадку дня не было. Проста Пуцін запрасіў постсавецкіх лідэраў прыехаць у «паўночную сталіцу» Расеі, каб павіншаваць гаспадара саміту і адзін аднаго з Новым годам.
І фактычна ўсе прыехалі. Нават прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян, які праігнараваў два папярэднія саміты (СНД і АДКБ). Толькі прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду ігнаруе ўсе мерапрыемствы гэтай арганізацыі, хоць краіна фармальна і ня выйшла з СНД.
Прыезд кіраўнікоў постсавецкіх краін на запрашэньне Пуціна — гэта дэманстрацыя ляяльнасьці Маскве і яму асабіста. Бо ніякай практычнай патрэбы ў такім саміце не было. Пра нефармальны статус гэтай падзеі ў Санкт-Пяцербургу сьведчыць ягоная праграма. Значную частку сустрэчы лідэраў заняла экскурсія па палацах.
Адметна, што Лукашэнка на экскурсію не пайшоў. Адзінае магчымае тлумачэньне — стан здароўя. Усе папярэднія відэакадры паказваюць, што яму нялёгка хадзіць. А цяпер яшчэ дадаліся праблемы з голасам.
Замест экскурсіі Лукашэнка прыняў амбасадара Беларусі ў Расеі Дзьмітрыя Крутога. Калі зважаць на інфармацыю з афіцыйнага сайту беларускага ўладара, асноўная частка размовы была прысьвечаная тэме шанаваньня памяці ахвяраў Ленінградзкай блякады.
Яшчэ Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым. А вось з Уладзімірам Пуціным сустрэцца сам-насам не ўдалося. Хоць прэзыдэнт Расеі правёў перамовы з прэзыдэнтамі Казахстану Касым-Жамартам Такаевым і Ўзбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым.
Варта зьвярнуць увагу, што Лукашэнку зь верасьня не ўдаецца грунтоўна пагаварыць з Пуціным. Ён плянаваў зрабіць гэта 13 кастрычніка падчас саміту СНД у Кіргізстане. Сустрэча была анансаваная абодвума бакамі. Але нешта пайшло ня так: Пуцін сустрэўся ў Бішкеку зь іншымі лідэрамі постсавецкіх дзяржаваў, але не з Лукашэнкам.
Быў разьлік на перамовы падчас саміту АДКБ у лістападзе, які праходзіў у Менску. Лукашэнка на правах гаспадара мог разьлічваць на сустрэчу. Але яна атрымалася скамечанай. Каб перагаварыць з Пуціным, Лукашэнка вымушаны быў суправадзіць расейскага прэзыдэнта ў аэрапорт.
Што адбываецца паміж імі, незразумела, але бачныя ўсе прыкметы таго, што Пуцін вытрымлівае паўзу.