І гэта ўжо ня толькі ягоныя асабістыя праблемы.
Сьцісла:
- Так супала, што крызіс са здароўем здарыўся якраз у момант сьвята, якое ў Беларусі і Расеі лічыцца сакральным.
- Спроба схаваць сапраўдны стан Лукашэнкі робіцца даволі няўклюдна і мае адваротны эфэкт.
- Тэма здароўя Лукашэнкі цяпер будзе актыўна абмяркоўвацца ня толькі ў асяродзьдзі намэнклятуры, палітызаванай публікі, але і сярод абываталяў.
- Цяперашні вонкавы фізычны стан Лукашэнкі кантрастуе з ранейшым вобразам моцнага «спартыўнага прэзыдэнта».
- Дрэннае здароўе ўладара ў пэрсаналісцкім рэжыме — гэта прыкмета ягонай слабасьці.
У папярэднія гады незалежныя мэдыя звычайна абмяркоўвалі зьмест выступу Лукашэнкі 9 траўня. Але гэтым разам, упершыню за 29 гадоў свайго кіраваньня, Лукашэнка фізычна ня змог выступіць з прамовай на плошчы Перамогі. Замест яго «па ягоным даручэньні» выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін.
Па выніках паездкі на парад у Маскву назіральнікі зрабілі выснову, што ў Лукашэнкі праблемы з нагамі: ён ня можа нармальна хадзіць, асабліва калі трэба паднімацца альбо спускацца па лесьвіцы. Не паказалі, як ён спускаецца з трапа. Ад Краснай плошчы да магілы Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе яго (адзінага зь лідэраў краін СНД) перавезьлі на электракары для вэтэранаў.
А вечаровае сьвяткаваньне ў Менску паказала, што Лукашэнка ня можа і нармальна гаварыць. Такое вось атрымалася сьвята.
Думаю, падобныя сытуацыі, калі ў Лукашэнкі здараліся праблемы са здароўем, былі і раней. Але іх удавался хаваць. Можна было зрабіць так, што ён не зьяўляецца на публіцы, ці паказаць яго ў патрэбным ракурсе.
А цяпер так супала, што крызіс са здароўем здарыўся якраз у момант сьвята, якое ў Беларусі і Расеі лічыцца сакральным. Таму хочаш ня хочаш, але Лукашэнка на Дзень Перамогі павінен быў зьявіцца на публіцы. Бо ягоная адсутнасьць выклікала б яшчэ большыя пытаньні. Напрыклад, ягоны няўдзел у парадзе ў Маскве мог бы разглядацца як палітычны дэмарш, амаль скандал.
Аднак скандал (альбо, кажучы па-іншаму, надзвычайная сытуацыя) усё роўна здарыўся. Нават у дэмакратычных краінах здароўе першай асобы зьяўляецца прадметам асаблівай увагі грамадзкасьці, мэдыя. Але там ёсьць важнае адрозьненьне ад дыктатарскіх дзяржаў. Па-першае, пры дэмакратыях пытаньне здароўя прэзыдэнтаў ці прэм’ераў ня ўтойваюць ад грамадзкасьці, публікуюць адпаведныя мэдычныя дакумэнты. Па-другое, там усім зразумела, што будзе, калі зь лідэрам нешта здарыцца: каму пераходзіць улада, якія працэдуры прадугледжаны на выпадак нейкіх непрадбачаных падзеяў — усё падрабязна апісана.
Зусім іншая сытуацыя ў дыктатарскіх краінах, рэжымах асабістай улады, дзе ўся палітычная сыстэма завязаная на аднаго чалавека. І калі з гэтым чалавекам нешта здараецца, то сыстэма ўступае ў пэрыяд крызісу.
Беларусь дае вельмі дакладную ілюстрацыю, як сыстэма ўпадае ў ступар, калі здараецца нешта непрадбачанае, надзвычайнае. Можна прыгадаць, як дзяржаўныя мэдыя рэагавалі на сьмерць міністра замежных спраў Уладзімера Макея ці на дывэрсію на аэрадроме ў Мачулішчах.
Так і цяпер. Спроба неяк схаваць стан здароўя Лукашэнкі робіцца даволі няўклюдна. БТ на YouTube анансавала ягоны поўны выступ. А калі ён не адбыўся, то разгубіліся. «Поўную прамову» замянілі на «ўскладаньне кветак з удзелам Лукашэнкі». Выступ Віктара Хрэніна адбыўся, паводле афіцыйнай вэрсіі, «па даручэньні» Лукашэнкі. Фармулёўка трохі дзіўная, мусіць, прыдуманая ў апошні момант.
Папраўдзе, спроба зрабіць тэму здароўя Лукашэнкі дзяржаўнай таямніцай прыносіць адваротны эфэкт. Бо чуткі заўсёды будуць перабольшваць сапраўдны маштаб хваробы. Тут важны нават ня столькі рэальны стан здароўя, колькі ўяўленьне пра гэты стан ягонага атачэньня ды і проста абываталяў.
У любым выпадку тэма здароўя Лукашэнкі цяпер становіцца важнай палітычнай праблемай Беларусі. Яна будзе актыўна абмяркоўвацца ня толькі ў асяродзьдзі намэнклятуры, палітызаванай публікі, але і сярод абываталяў. Людзям старэйшага пакаленьня гэтая сытуацыя трохі нагадвае часы «дарагога Леаніда Ільліча Брэжнева».
Тут яшчэ важна тое, што шмат гадоў Лукашэнка сам ствараў вобраз «спартыўнага прэзыдэнта», які рэгулярна трэніруецца, перамагае на ўсіх спаборніцтвах (хакей, лыжы і інш.), коле дровы, косіць траву. І якраз на гэтым тле цяперашні вонкавы фізычны стан зьяўляецца моцным кантрастам з папярэдне створаным вобразам.
У любым выпадку дрэннае здароўе ўладара ў пэрсаналісцкім рэжыме — гэта прыкмета ягонай слабасьці. І Беларусь тут не выключэньне.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.