На межах Беларусі ў перадсьвяточныя дні зноў утварыліся вялізныя чэргі. Прычым як на выезд зь Беларусі ў Польшчу і Літву, так і на ўезд. У людзей ад доўгага чаканьня не вытрымліваюць нэрвы. Не абыходзіцца бяз сварак, сутычак і нават выклікаў паліцыі.
Спазьненьні на 7-10 гадзін
Зараз на беларуска-польскай мяжы працуюць толькі два пункты пропуску: адзін для грузавога транспарту (Казловічы — Кукурыкі) і адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў (Берасьце — Тарэспаль).
У перадсьвяточныя дні аўтобусныя перавозчыкі рэзка ўзьнялі цэны на квіткі. Калі звычайна квіток па маршруце Менск — Варшава каштаваў ад 110 да 140 рублёў, то ў пэрыяд с 20 па 31 сьнежня — ужо 200 рублёў, а ў некаторыя пікавыя дні і 300. Як было пазначана на сайтах, «з прычыны павышанага попыту». Колькасьць аўтобусаў і маршрутак павялічылася таксама празь вялікі попыт. Час на праходжаньне межаў таксама падоўжыся.
Натальля часта езьдзіць зь Менску да дзяцей у Варшаву.
«Усе ўжо звыкліся з тым, што менскія аўтобусы, якія адыходзяць а 21-22-й гадзіне, замест 6-7 раніцы (так у раскладзе) прыяжджаюць а 9-10-й. Тры гадзіны спазьненьня ўжо лічацца нормай. У ноч на сераду замест 3-4 аўтобусаў на мяжы было 14 і ў Варшаву мы спазьніліся на 7 гадзін», — кажа Натальля.
«Мой аўтобус 20 сьнежня выехаў зь Менску ў 21:45. А 2-й ночы быў на мяжы. Перад шлягбаўмам прастаяў 4 гадзіны. Беларускую мяжу пасажыры праходзілі каля 4 гадзін, палякаў — 2 гадзіны. Ад моманту прыезду да беларускай мяжы да ад’езду з польскай прайшло 10 гадзін. Ну і прыехалі ў Варшаву пасьля абеду замест раніцы. І гэта яшчэ за 4 дні да сьвята. Страшна ўявіць, што будзе ў суботу-нядзелю», — падзялілася пасажырка Ганна.
Зь Берасьця чарга на выезд — сем кілямэтраў
Як паведамляюць у людзі ў тэлеграм-чатах https://t.me/belgranica, аўтамабільная чарга на выезд зь Беларусі расьцягнулася на 7 кілямэтраў.
Яўген напісаў, што стаў у чаргу а 10-й раніцы, за 5 гадзін прасунуўся на 1,3 км. Такім чынам, да запаветнага шлягбаўма давядзецца стаяць ня менш за 24 гадзіны. Да іх трэба дадаць яшчэ пэўны час на праходжаньне беларускай, а затым і польскай мяжы.
У чатах шмат абурэньняў, што некаторыя машыны ўкліньваюцца без чаргі, а з 25 такіх аўтамабіляў толькі два вярнулі назад. Людзі абмяркоўваюць, як караць тых, хто ўлазіць без чаргі, прапануюць праколваць колы.
Абураюцца людзі і дрэнным сэрвісам на беларускім баку, праблемамі з прыбіральнямі, гарачай ежай. Прадпрымальныя асобы абяцаюць апоўначы за плату прывезьці гарачую вячэру: макарону, рыс, пюрэ, адбіўныя, каўбаскі, гародніну, напоі.
Вялізная чарга і на ўезд у Беларусь з боку Польшчы. Людзі ў чатах пішуць, што доўжыцца яна 10 км, і за суткі наўрад ці яе ўдасца прайсьці. Даходзіла да боек, разборак і выкліку польскіх паліцыянтаў, пісаў партал «Виртуальный Брест».
Некаторыя людзі абмяркоўваюць, як пакінуць аўтамабіль у Тарэспалі на платнай паркоўцы і паехаць у Беларусь на маршрутцы ці аўтобусе, якія праходзяць мяжу хутчэй за аўтамабілі.
Суткі і больш чаканьня на межах зь Літвой
Беларус Арцём зь сябрамі на калядныя вакацыі купілі тур з Польшчы ў Славакію, выезд у суботу раніцай з Кракава. Прадбачачы праблемы на межах, вырашылі ехаць празь Літву.
«Выехалі на аўта зь Беларусі ў бок Катлоўкі ўвечары ў сераду. На мяжы былі а 2-й ночы чацьвярга. Чэргі робяць людзей злымі і раздражнёнымі. Каля 11-й заехалі ў зону чаканьня. Каля 18-й выехалі з зоны чаканьня, прайшлі беларускіх памежнікаў і мытню. У 22:34 заехалі на літоўскі бок. Апоўначы яшчэ чакалі пашпартнага кантролю пад літоўскім шлягбаўмам. Рух зусім запаволены. Атрымаецца, больш за 24 гадзіны праходзілі беларуска-літоўскую мяжу», — кажа Арцём.
Ён абураецца і адсутнасьцю нармальнай інфраструктуры на беларускім боку, бо няма нават нармальных прыбіральняў.
«Ня першы раз едем, ежу, тэрмасы з кавай-гарбатай, пледы, падушкі бяром з сабой. А вось з нармальными прыбіральнямі на беларускай мяжы — бяда. Дарэчы, у Польшчы нават прыдарожныя туалеты на найвышэйшым узроўні. Ад нуды ў чарзе з хлопцамі складалі бізнэс-плян: калі паставіць на мяжы кіёскі з хот-догамі, бургерамі і кавай, за тыдзень можна зарабіць першы мільён», — жартуе Арцём.
На пераходзе Каменны Лог — Меднікі сытуацыя прыкладна такая ж. Некаторым пашчасьціла прайсьці межы за 16 гадзін, але бальшыня піша пра суткі.
А вось рэйсавыя аўтобусы зь Беларусі ў Літву і зь Літвы ў Беларусь ідуць амаль паводле раскладу, зь нязначнымі спазьненьнямі.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.