Славацкі прэм’ер-міністар Робэрт Фіца 2 студзеня заявіў, што ягоны ўрад абмяркуе меры ў адказ на спыненьне Ўкраінай транзыту расейскага газу. Пра гэта ён сказаў у відэазвароце ў Facebook, паведамляе «Європейська правда».
Фіца назваў спыненьне транзыту расейскага газу праз Украіну ў Славаччыну «сабатажам Зяленскага», заявіўшы, што праз гэта страты для ягонай краіны складаюць 500 мільёнаў эўра за год.
Паводле Фіца, для Славаччыны адзіным выхадам з сытуацыі зьяўляецца або аднаўленьне транзыту расейскага газу, або кампэнсаваньне страты «амаль 500 мільёнаў эўра дзяржаўных фінансаў».
Славацкі прэм’ер пацьвердзіў, што прадстаўнікі ўраду Славаччыны будуць абмяркоўваць пытаньне спыненьня транзыту ў Брусэлі 7 студзеня.
Пасьля перамоваў у Брусэлі славацкі прэм’ер-міністар плянуе склікаць раду кааліцыі, а потым паседжаньне кабінэта міністраў, на якім партнэры па кааліцыі абмяркуюць адпаведныя меры.
«Ад імя Smer-SD (партыя Фіца. — Рэд.) я аб’яўляю, што мы гатовы весьці перамовы і дамовіцца ў кааліцыі аб спыненьні паставак электраэнэргіі і аб значным скарачэньні падтрымкі грамадзян Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Славацкай Рэспублікі», — падкрэсьліў Фіца.
- З 1 студзеня 2025 году Ўкраіна спыніла транзыт расейскага газу, які працягвалі атрымліваць некалькі дзяржаў ЭЗ і непрызнанае Прыднястроўе. Славаччына і Аўстрыя — асноўныя імпартэры расейскага газу. Паводле экспэртаў, Браціслава зможа пратрымацца без расейскіх паставак два-тры месяцы за кошт вялікіх запасаў газу ў падземных сховішчах. Аналягічная сытуацыя ў Аўстрыі. Прыпыненьне транзыту расейскага газу нанясе найбольшы ўдар па Кішынёву, але агульны ўплыў на газавы рынак будзе мінімальным.
- Найбольш гучна рэакцыя на спыненьне транзыту прагучала з Славаччыны. Прэм’ер-міністар краіны Робэрт Фіца прыгразіў магчымым спыненьнем паставак рэзэрвовай электраэнэргіі Ўкраіне (яна патрэбная для збалянсаваньня ўкраінскай энэргасыстэмы з прычыны сталых абстрэлаў Расеі ўкраінскіх энэргетычных аб’ектаў).
- Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі абурыўся гэтымі заявамі Фіца і сказаў, што Пуцін даручыў славацкаму прэм’еру адкрыць другі энэргетычны фронт супраць Украіны.
- Паводле экспэртаў, гэтыя пагрозы Славаччыны маюць больш палітычны, чым эканамічны характар. Па-першае, Славаччына адмовілася ад прапановы Ўкраіны кампэнсаваць страты, якія краіна панясе ў выніку павелічэньня кошту газу. Па-другое, істотнага ўдару для Ўкраіны магчымае блякаваньне электраэнэргіі з Славаччыны не нанясе. Агульны аб’ём электрычнасьці, якую атрымлівала Ўкраіна са Славаччыны, складае менш за 1,5% украінскага спажываньня. Польшча ўжо выказала гатоўнасьць павялічыць экспарт электраэнэргіі ва Ўкраіну ў выпадку неабходнасьці.
Форум