Асноўнай прычынай павелічэньня колькасьці транспарту перад пунктамі пропуску Памежны камітэт Беларусі называе «невыкананьне сумежнымі краінамі ЭЗ нормаў пропуску».
Самі кіроўцы фур зьвязваюць вялікія чэргі з поўным закрыцьцём мяжы паміж Расеяй і Фінляндыяй, на якой раней працавала 8 пераходаў для грузавога транспарту.
Тым часам кіраўніца памежнага ўпраўленьня Дэпартамэнту паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Ева Калмус заявіла выданьню Yle, што Эстонія можа зрабіць, як Фінляндыя, і закрыць пераходы на мяжы з Расеяй.
На сёньня самы загружаны маршрут зь Беларусі ў Эўразьвяз праходзіць праз пункт пропуску Кукурыкі — Казловічы, паведамляе беларускае памежнае ведамства. Уезду на польскую тэрыторыю чакае больш за 1000 грузавікоў. Яго кантрольныя службы зь пятніцы прапусьцілі на сваю тэрыторыю 61 працэнт транспарту ад нормы.
Найбольшая колькасьць транспарту на літоўскім напрамку, перад пераходам Салечнікі — Беняконі. Тут чарга фур складае звыш 860 адзінак. Зь пятніцы праз гэты памежны пераход на сумежную тэрыторыю прайшло 26% велікагрузаў, дзьве фуры за гадзіну з 10 магчымых.
Праз адзіны латвійскі пункт пропуску, які да сёньня функцыянуе (Патэрніекі — Грыгараўшчына), у краіны ЭЗ за выхадныя дні ўехала 48% фур.
Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
- У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
- Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
- Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
- Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
- Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
- Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
- Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
- Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
- Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
- На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
- Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
- 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.