Дасьледаваньне праведзена беларускімі дасьледчыкамі ў супрацоўніцтве зь Нямецкай асацыяцыяй адукацыі дарослых (Institute for International Cooperation of German Adult Education Association (DVV) пры падтрымцы Эўразьвязу.
Мэтамі дасьледаваньня сталі вызначэньне патэнцыялу да ўдзелу моладзі ў праектах нефармальнай адукацыі, пераважныя кірункі, асноўныя матывацыі і перашкоды. А таксама тое, як моладзь сама ўспрымае ўпэўненасьць у сваіх сілах і ўзровень сваіх здольнасьцяў.
Былі праведзеныя інтэрвію з маладымі людзьмі ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў. Прычым апытвалі моладзь і зь Беларусі, і зь беларускай дыяспары за мяжой. Бальшыня зь іх зацікаўленая ў нефармальнай адукацыі, чвэрць актыўна заангажаваная.
У Беларусі нефармальнай адукацыяй хочуць займацца 64% дзяўчат
Пры прэзэнтацыі дасьледаваньня экспэрты назвалі такую лічбу: у Беларусі толькі 15% ахоплена нефармальнай адукацыяй. Гэта лічба даволі сьціплая ў параўнаньні зь іншымі краінамі.
Адна зь цікавых высноваў дасьледаваньня — у Беларусі нефармальнай адукацыяй хочуць займацца ў асноўным людзі з вышэйшай адукацыяй. І 64% — гэта дзяўчаты, якія жывуць у сталіцы.
Запатрабаваныя кірункі нефармальнай адукацыі ў Беларусі:
- — Замежныя мовы — 58%
- — Прававая пісьменнасьць — 23%
- — Прадпрымальніцтва — 18%
- — Лічбавыя навыкі — 28%
- — Візуальнае мастацтва — 20%
- — Дызайн — 27%
- — ІТ, інфарматыка — 27%
- — Лідэрства — 24%
- — Soft skills — 23%
- — Правы чалавека — 18%.
У моладзі дыяспары крыху іншыя перавагі: на першым месцы таксама замежныя мовы, на другім — беларуская культура, на трэцім soft skills, на чацьвёртым прававая пісьменнасьць.
Матывацыя для атрыманьня новых ведаў і навыкаў: праца і паўсядзённае жыцьцё, адзін са спосабаў навучаньня новай прафэсіі, каб знайсьці новую працу па спэцыяльнасьці, для закладаньня ўласнага бізнэсу, для грамадзкай дзейнасьці, для запуску новага праекту ў публічнай сфэры.
Як людзі даведваюцца пра нефармальную адукацыю?
З двух трацінах кейсаў вынікае, што чалавек выпадкова бачыць нейкую абвестку пра курсы і прыходзіць, кажа дасьледчык, сацыёляг Філіп Біканаў.
«66% апытаных спантанна, выпадкова даведваюцца пра нейкія курсы, трэнінгі, і толькі 30% спачатку вырашаюць, чым хочуць займацца, і самі шукаюць, што ім трэба.
Гэта азначае, што вельмі вялікую ролю адыгрывае камунікатыўны складнік. Трэба рабіць гэта прывабна і інфармацыйна карысна: тлумачыць, як гэта паспрыяе кампэтэнцыям, асабістаму разьвіцьцю, дапаможа атрымаць новую прафэсію. Трэба стварыць прыгожую рэклямку», — перакананы дасьледчык, сацыёляг Філіп Біканаў.
Найбольшыя перашкоды — няхватка інфармацыі і грошай
Асноўныя перашкоды для атрыманьня нефармальнай адукацыі — высокія цэны і аднаразовых, і доўгатэрміновых праграм. А таксама няведаньне пра магчымасьці, брак часу. Іх можна пераадолець, ствараючы бясплатныя ці танныя курсы з добрай рэклямай для мэтавай групы. Неабходна фінансавая падтрымка, гранты ды іншыя магчымасьці фінансаваньня, прышлі да высновы дасьледчыкі.
Што да фармату, маладыя людзі аддаюць перавагу лекцыям і прэзэнтацыям — для набыцьця ведаў на пэўную тэму; трэнінгам і майстар-клясам — для разьвіцьця навыкаў.
Онлайн — папулярны фармат для аднаразовых падзей, аднак існуе пэўная доля недаверу да онлайн-адукацыі, заўважае дасьледчык Філіп Біканаў.
«Лекцый часам недастаткова. Моладзь хоча атрымаць практычныя навыкі, таму для доўгатэрміновых праграм аддае перавагу гібрыдным складнікам. Да таго ж існуе пэўная доля недаверу менавіта да онлайн-адукацыі
Хаця і ў фармату „ўжывую“ таксама ёсьць перашкоды: трэба знайсьці час, бо бальшыня заняткаў праводзіцца ў Менску, вялікіх гарадах ці наагул за мяжой, ёсьць геаграфічныя абмежаваньні, тэхнічныя праблемы.
У дыяспары таксама ёсьць пэўныя абмежаваньні — калі мовай краіны пражываньня ў дастатковым аб’ёме чалавек яшчэ не валодае. Да таго ж многія не валодаюць ангельскай мовай. А таксама, на жаль, і беларускай мовай не валодаюць, каб камфортна вучыцца», — заўважае Філіп Біканаў.
Калі ёсьць магчымасьць, лепей рабіць гібрыдны фармат навучаньня з майстар-клясамі, раіць дасьледчык.
Высновы, якія зрабілі дасьледчыкі
- Сярод беларускай моладзі існуе высокі попыт на нефармальную адукацыю.
- Бальшыня зь іх зацікаўленая, чвэрць актыўна заангажаваная. Гэтая група складанецца ў асноўным зь менскай моладзі з вышэйшай адукацыяй, большасьць зь іх — дзяўчаты.
- Найбольш папулярныя тэмы для адукацыйных праграм сярод моладзі ў Беларусі: замежныя мовы, прававая пісьменнасьць, прадпрымальніцтва, лічбавыя навыкі, візуальнае мастацтва, дызайн, ІТ, лідэрства, гнуткія навыкі.
- Моладзь у дыяспары вельмі зацікаўленая ў беларускай культуры і гісторыі.
- Асноўныя перашкоды для атрыманьня нефармальнай адукацыі: недахоп інфармацыі і грошай.