Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь усё роўна будзе дэмакратычнай». Мілінкевічу ўручылі мэдаль ад Рады БНР. ФОТА


Аляксандар Мілінкевіч і сакратар Рады БНР доктар Паліна Прысмакова. Вільня , 28 верасьня 2023
Аляксандар Мілінкевіч і сакратар Рады БНР доктар Паліна Прысмакова. Вільня , 28 верасьня 2023

У віленскім Беларускім доме 28 верасьня палітыка і навукоўца ўзнагародзілі за «асаблівыя заслугі ў папулярызацыі Беларусі і беларушчыны».

Мэдаль «100 гадоў БНР» быў заснаваны Радай БНР у 2018 годзе ў гонар стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, з таго часу ім ушанавалі больш за 130 выбітных дзеячоў Беларусі. Уручаючы ўзнагароду, сакратар Рады БНР доктар Паліна Прысмакова патлумачыла, што гэты мэдаль даецца за «асаблівыя заслугі ў папулярызацыі Беларусі і беларушчыны, а таксама за адданасьць у змаганьні за ідэалы 25 сакавіка. Гэта ўсталяваньне незалежнай, нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавы ў Беларусі».

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

Пасьля ўручэньня мэдаля Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што мае некалькі замежных узнагарод, але ўпершыню атрымлівае беларускую, якая будзе для яго самай каштоўнай.

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

«Мы любім і цэнім БНР, хоць у кожнага свая ацэнка, але для мяне БНР да сёньняшняга дня застаецца марай — пра народную, дэмакратычную Беларусь, якая зьяўляецца самастойнай краінай, а не правінцыяй Расеі. А мара — гэта як сымбалі, як герб і сьцяг, якія дапамагаюць салдату змагацца. Таму мара дарагога вартая».

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

Сьпіс асобаў, па якіх «абавязкова прыйдуць»

У Беларусі Аляксандар Мілінкевіч ня быў ужо 2 гады. Былы палітык кажа, што ня можа вярнуцца ў вёску Бершты на Шчучыншчыне, дзе жыў перад эміграцыяй, бо мае зьвесткі, што ўключаны ў сьпісы асобаў, па якіх «абавязкова прыйдуць». У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч расказаў, што дапамагае трымацца.

«Не люблю вялікіх гарадоў, але што да Варшавы, дык не адчуваю сябе за мяжой. Мова — вядомая зь дзяцінства, культура падобная, вакол шмат беларусаў. Канешне, як толькі падумаю пра Горадню, пра свае Бершты — у мяне сьлёзы ў вачах. І ўсё ж галоўнае — я працую. У мяне, дзякуй богу, ёсьць праца, якая мне вельмі падабаецца. Гэта праца пэрспэктыўная, стратэгічная, я б сказаў. Яе мэта — падрыхтаваць мэнэджэраў будучай Беларусі.

Людзей адукаваных шмат, але мы заснавалі курсы трэцяга ўзроўню. У тым ліку вучым людзей таму, як рабіліся рэформы ў іншых краінах, што было добрага, а што кепскага. У Вольным беларускі ўнівэрсытэце, дзе я працую, навучаньне вядзецца дыстанцыйна і бясплатна. Нашы курсы зьмешчаныя на сусьветна вядомай адукацыйнай плятформе Moodle. Палова навучэнцаў зь Беларусі, а другая палова — у асноўным беларусы на эміграцыі. Для іх выкладаюць 57 добра падрыхтаваных выкладчыкаў. Нашы дыплёмы ўжо маюць больш за 200 навучэнцаў. Спадзяёмся, гэта тыя людзі, якія будуць запатрабаваныя, калі Беларусь пачне вяртацца ў Эўропу».

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

У тым, што гэта абавязкова адбудзецца, былы палітык перакананы.

«Мы эўрапейцы і таму абавязкова вернемся ў Эўропу. Прыйдзецца рабіць рэформы са спазьненьнем, але ў гэтым ёсьць і плюсы. Можна ўлічыць лепшы досьвед і не паўтараць чужых памылак. Вось у рэфармаваньні сыстэмы адукацыі ў Беларусі, у якой цяпер проста катастрофа, я б прапанаваў досьвед Эстоніі, дзе празь лічбавую адукацыю змаглі дасягнуць і выдатных вынікаў у разьвіцьці эканомікі».

«Рэвалюцыя 2020 году працягваецца»

Аляксандар Мілінкевіч спрабаваў абрацца на прэзыдэнта ў 2006 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка правіў ужо больш за 10 гадоў і было зразумела, што ўладу ён у любым выпадку не аддасьць. Але былы намесьнік старшыні Горадзенскага гарвыканкаму Мілінкевіч усё ж кінуў яму выклік.

«Так, Беларусь трапіла ў пастку. У момант развалу СССР гэта была самая дэнацыяналізаваная, самая прасавецкая краіна з былых рэспублік Саюзу. Пачаліся цяжкія першыя гады незалежнасьці, калі людзі чакалі збаўцы і вырашылі, што яго завуць Лукашэнка. У яго быў талент падманваць. Працуючы намесьнікам старшыні гарвыканкаму, я мусіў прысутнічаць на ягоных сустрэчах у Горадні з выбарцамі і бачыў у некаторых на вачах сьлёзы. Гэтак людзі хацелі верыць і паверылі, што зноў будзе як у Савецкім Саюзе.

На жаль, дэмакраты тады не змаглі аб’яднацца, аддалі поле бою дэмагогам. Таму адбыўся 1994 год. Але паступова прыходзіла асэнсаваньне. І ў 2006 годзе яшчэ больш людзей зразумелі, што краіна ідзе ў кірунку, адваротным ад прагрэсу. Лічу, мая выбарчая кампанія была ўдалай. Так, мы не перамаглі, але ўзрушылі грамадзтва, нас, прыхільнікаў незалежнасьці і дэмакратыі, стала больш. У 2010 годзе — яшчэ больш. Потым яшчэ больш. Гэтак мы рушылі да рэвалюцыі 2020 году, якая паказала, што Беларусь усё роўна будзе дэмакратычнай і эўрапейскай», — лічыць Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

Палітык працягвае настойваць, што «мірнасьць» пратэставых маршаў 2020 году была адзіным магчымым шляхам, які, што праўда, ня даў хуткай перамогі, але дазволіў захаваць незалежнасьць.

«Палітычнай перамогі не адбылося, але ў сэнсе фармаваньня беларускай нацыі — крок быў зроблены велізарны. Калі б ня тыя падзеі, гэткі прагрэс быў бы немагчымы. Для мяне гэта чарговы этап беларускай рэвалюцыі. У Польшчы было прыблізна тое ж на пачатку 80-х гадоў — дзесяцімільённая „Салідарнасьць“ спачатку не змагла перамагчы. Рэжым кінуў тысячы актывістаў у турмы, велізарная колькасьць палякаў зьехалі за мяжу. Палякі не пісалі праграмаў, як перамагчы Ярузэльскага, а ўзялі на ўзбраеньне тактыку „малых крокаў“: адукацыя, асьвета, салідарнасьць, правы чалавека. І гэтак стварылі глебу і праз 10 гадоў перамаглі».

«Пуцін увёў бы войскі ў Беларусь»

Мілінкевіч кажа, што ня мае ілюзій: пры наяўнасьці побач з краінай роднаснага Лукашэнку рэжыму Ўладзіміра Пуціна шанцаў на хуткую перамогу не было тады, як няма і цяпер. Але час усё мяняе, мяркуе былы кандыдат на прэзыдэнта.

«Толькі б у Беларусі пачаліся сутычкі з лукашэнкаўскай уладай, Пуцін бы ўвёў войскі і прызначыў сваю адміністрацыю. Акрамя таго, калі б падчас першых пратэстаў пралілася кроў, людзі б не пайшлі на плошчы, і мы ўсе ніколі б ня ўбачылі, як нас шмат, што за намі мільёны. Цяпер мы гэта ведаем і гатовыя змагацца далей за нашу вольную і дэмакратычную Беларусь. Шанец выйсьці на шлях, на якім мы былі ў 2020 годзе, абавязкова зьявіцца зноў. Гэтаму будзе спрыяць і перамога Ўкраіны ў вайне, у чым я таксама не сумняваюся», — лічыць Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР
Аляксандар Мілінкевіч падчас ганаровай цырымоніі ўручэньня мэдаля да стагодзьдзя БНР

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG