Ўладзімера Навумава падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Пра тое, што ён пачаў будаўніцтва вялікага цэнтру для гандлю аграрнай прадукцыяй у акупаваным Марыюпалі, Свабодзе распавёў Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыюпалю.
«Гэта тэрыторыя, на якой раней будаваўся вялікі сельскагаспадарчы рынак „Азоўскі“, што належаў цешчы Януковіча (маці ягонай першай жонкі Людмілы. — РС). Яго так і не запусьцілі праз тое, што адбыўся Майдан, а ў часе поўнамаштабнага ўварваньня расейцы зрабілі там морг, куды звозілі целы загінулых расейцаў, недзе да 8 тысяч трупаў празь яго прайшло», — сказаў Пятро Андрушчанка.
Паводле яго, расейцы выбралі гэтае месца, бо там былі халадзільныя камэры, туды звозілі целы вайскоўцаў, якія наступалі з боку Крымскага паўвострава.
«Потым іх вывозілі адтуль цягам больш як 6 месяцаў. Гэта фактычна за плотам ад мікрараёну „Неўскі“, куды Пуцін прыяжджаў (у сакавіку 2023 году. — РС). На той момант гэты морг расейцаў быў яшчэ дзейным, а ўжо потым яго дэмантавалі, аддалі і там цяпер будуюць Агра-мол», — дадаў Пятро Андрушчанка.
Дарадца мэра Марыюпалю паведаміў, што другую частку гэтага «Агра-молу» расейскія акупацыйныя ўлады плянуюць будаваць на месцы цалкам зьнішчанага ўкраінскага гіпэрмаркету «Эпіцэнтар» — да вайны ён займаў плошчу ў 22 тысячы квадратных мэтраў і быў другім па маштабах пасьля нямецкага будаўнічага гіпэрмаркету OBI.
Паводле зьвестак Пятра Андрушчанкі, будаўніцтва выконвае таксама расейская кампанія. «Будуюць расейцы; мясцовыя, калі іх набіраюць, працуюць рознарабочымі», — удакладніў ён.
Уладзімера Навумава падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і тэлеапэратара Дзьмітрыя Завадзкага. Ён знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Эўразьвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі.
Кампанія Навумава атрымала ў Марыюпалі зямлю плошчай у 12 футбольных палёў
Выданьне planbmedia паведаміла, што ў красавіку 2024 году кіраўнік прарасейскай адміністрацыі акупаванай Данецкай вобласьці Дзяніс Пушылін сваім распараджэньнем выдзеліў у Марыюпалі ў арэнду расейскай кампаніі «Зорка Фуд» без правядзеньня аўкцыёну зямельны ўчастак плошчай 88 тысяч 952 квадратныя мэтры «для рэалізацыі маштабнага інвэстыцыйнага праекту, які прадугледжвае будаўніцтва агра-молу».
Прэзэнтацыя гэтага праекту пад назвай «Чатыры сэзоны» адбылася 30 верасьня 2024 году, калі «залілі вугал першага будынку агра-молу». У цырымоніі ўдзельнічаў кіраўнік прарасейскага ўраду так званай «ДНР» Яўгеній Солнцаў, а таксама і сам Уладзімер Навумаў, які валодае 75% акцый кампаніі «Зорка Фуд». Яе адкрылі ў Маскве ў канцы 2021 году Юры Пашкевіч і Кірыла Фядотаў, але цяпер партнэрам Навумава пазначаная Тацяна Пашкевіч, якая мае частку ў 25%.
Асноўным відам дзейнасьці кампаніі зьяўляецца гуртовы гандаль мясам і мяснымі прадуктамі, але пасьля пачатку сваёй дзейнасьці ў так званай «ДНР» яе бізнэс-прыярытэтам стала збожжа і кармы.
У пачатку 2023 году «Зорка Фуд» адкрыла свой філіял у Марыюпалі. Там яна пачала прымаць пшаніцу ў Марыпальскім марскім порце. Тады ж расейскае агенцтва ТАСС паведаміла, што «першая кампанія зь Беларусі пачала экспарт збожжа праз порт Марыюпалю».
Па выніках 2023 году выручка кампаніі вырасла ў 260,1 раза і дасягнула 202 мільёнаў расейскіх рублёў. Апроч таго, «Зорка Фуд» у 5,9 раза скараціла свае страты, якія да далучэньня Навумава да кампаніі складалі 44,1 мільёна расейскіх рублёў.
Выданьне паведаміла, што гандлем збожжа займаецца і ягоны сын Захар, які раней працаваў у МЗС Беларусі. Ён пераехаў разам са сваім бацькам у Маскву і сёлета ў траўні зарэгістраваў там кампанію «Венера Агро». У «Венера Агро» і «Зорка Фуд» адзін кіраўнік — Анар Абасаў.
Уладзімера Навумава падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і тэлеапэратара Дзьмітра Завадзкага. У сувязі з гэтым у 2004 годзе Эўразьвяз уключыў яго ў санкцыйныя сьпісы. Навумаў таксама знаходзіцца ў ліку непажаданых асобаў у ЗША і Вялікай Брытаніі.
Форум