Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве прэзэнтавалі стратэгію нацыянальнага адраджэньня Беларусі


Аліна Коўшык
Аліна Коўшык

Акрамя афіцыйнай прэзэнтацыі ў польскай сталіцы, канцэпцыю і стратэгію апублікавалі на сайце і ў сацыяльных сетках прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт прэзэнтаваў 28 лістапада стратэгію і канцэпцыю нацыянальнага адраджэньня. Зараз пачнецца іх грамадзкае абмеркаваньне.

Кіраўніца прадстаўніцтва Аліна Коўшык назвала галоўныя мэты дакумэнтаў.

«Для чаго патрэбныя канцэпцыя і стратэгія нацыянальнага адраджэньня? Каб вярнуць беларускае грамадзтва ў стан нармальнасьці. Рэжым Лукашэнкі бязьлітасна зьнішчае любыя праявы беларускасьці. І гэта ня сёньня пачалося. Мы хочам спыніць разбурэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці нашага народа. Распрацаваныя дакумэнты разьлічаныя больш чым на 10 гадоў. Іх тэксты не канчатковыя, будуць дапрацаваныя з улікам шырокага абмеркаваньня і прапановаў».

Бізнэсовец Аляксандар Маслаў на прэзэнтацыі адзначыў, што бізнэс адыгрывае ў стратэгіі важную ролю. Бізнэс, на ягоную думку, ня толькі камэрцыя, але і стварэньне — прадуктаў, сыстэмаў, узаемасувязяў. Бізнэс ня трэба адраджаць, але трэба зрабіць умовы, у якіх краіну будуць адраджаць «людзі справы». Ягоныя словы прыводзіць Белсат.

Выкладчыца, мэдыяэкспэртка і гендэрная дасьледніца Ірына Сідорская зьвярнула ўвагу на тое, што цяпер барацьба зь дзяржаўнай прапагандай рэжыму Лукашэнкі абмяжоўваецца маніторынгам і праверкай фактаў, але не даходзіць да прапановы сваіх сэнсаў і каштоўнасьцяў. Будуць свае каштоўнасьці і наратывы — ня будзе такой праблемай супрацьстаяньне прапагандзе «русского мира».

У канцэпцыі яна асабліва адзначыла фразу аб тым, што «мы не шукаем залаты век» — не глядзім у мінулае. Але наракала: у канцэпцыі і стратэгіі нібыта ёсьць словы пра гендэрную роўнасьць і інклюзіўнасьць, але хацелася б больш выразных фармулёвак.

Задачамі канцэпцыі і стратэгіі называюцца:

  • «спрыяньне ўзмацненьню нацыянальнай ідэнтычнасьці і пазбаўленьню ад уплыву таталітарнай і імпэрскай спадчыны»,
  • «спрыяньне ўмацаваньню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі»,
  • «стварэньне пазытыўнага вобразу Беларусі і яе народук на мясцовым і глябальным узроўнях»,
  • а таксама фармаваньне «базавага грамадзкага ідэалу будучыні» — «беларускай мары».

«На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў беларускія ўлады працягваюць палітыку русыфікацыі беларускага грамадзтва. Мова, літаратура, культура, адукацыя і гістарычная праўда становяцца разьменнай манэтай у палітычных гульнях. Дзяржаўная ідэалёгія зьнішчае беларускую ідэнтычнасьць, навязвае беларускаму народу чужыя яму стэрэатыпы і культурныя коды. Беларускі народ тым часам перажывае самую вялікую дэмаграфічную катастрофу і вымушаную эміграцыю. Усё гэта ў сукупнасьці падрывае нашу будучыню», — гаворыцца ў праекце канцэпцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG