500 рублёў дадуць, калі прывядзеш сяброў працаваць на Менскі трактарны завод. Такую акцыю запусьцілі на прадпрыемстве. Прапанова будзе дзейнічаць з 1 сьнежня. Яна тычыцца шэрагу спэцыяльнасьцяў: кіроўца-выпрабавальнік, каваль-штампоўшчык, наладчык аўтаматычных ліній і агрэгатных станкоў, сьлесар-інструмэнтальшчык.
Агаворваецца, што новыя работнікі павінны мець разрад, не ніжэйшы за трэці. 500 рублёў выплацяць, калі прыведзены супрацоўнік адпрацуе 3 месяцы без парушэньня працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
Што адбываецца з заводам
На раніцу 20 лістапада, згодна з Рэспубліканскім банкам вакансій, на МТЗ шукаюць 2547 супрацоўнікаў. Некалькі дзясяткаў — гэта падразьдзяленьні прадпрыемства за межамі Менску, але большасьць — работнікі на сам завод на Даўгабродзкай, 29.
Напрыклад, вядучаму сыстэмнаму аналітыку гатовыя плаціць 1155 рублёў, зубарэзчыку 2000 рублёў, сьлесару-рамонтніку — 1800 рублёў.
Яшчэ ў жніўні 2022 году на МТЗ шукалі 1019 супрацоўнікаў. За год колькасьць вырасла больш як удвая.
Вядома, што ў 2021 годзе на заводзе працавалі 15 400 рабочых. У 2022-м завод выйграў 170 тэндэраў на агульную суму 46 млн беларускіх рублёў. Годам раней прадпрыемства атрымала 90 кантрактаў, яшчэ раней — ня больш за 30 на год.
Колькасьць заказаў расьце, а выручка не. Чысты прыбытак заводу за студзень—чэрвень мінулага году — 49,4 мільёна рублёў, а за такі ж пэрыяд у 2021 годзе — 94 мільёны, амаль удвая болей. Цалкам справаздачу за 2022 год не апублікавалі.
На чэрвень 2022 году завода меў 1,6 мільярда даўгоў па крэдытах.
«Пэнсіянэрам працягваюць кантракты»
Свабода паразмаўляла зь людзьмі, знаёмымі з сытуацыяй на Менскім трактарным заводзе. Некалькі суразмоўцаў пацьвердзілі нястачу супрацоўнікаў. Ад гэтага зараз працягваюць кантракты пэнсіянэрам, якіх раней зьбіраліся скарачаць.
На гэта паўплывала некалькі прычын, найперш палітычны крызіс і звальненьні з палітычных матываў, а таксама эміграцыя спэцыялістаў за мяжу.
Іншы суразмоўца расказаў, што завод мае цяпер «як дзяржаўныя кантракты, так і кантракты, зьвязаныя з расейскімі вайсковымі заказамі», якія трэба выконваць. Таму рабочыя працуюць ня толькі за свае спэцыяльнасьці, а і за некаторыя іншыя, бо «кадраў бракуе». Пры гэтым «вырасьлі заказы, зьвязаныя з вайсковай прамысловасьцю».
Па словах суразмоўцаў, звольненых раней за палітыку спэцыялістаў «вяртаць забаронена».
Менскі трактарны завод працуе пад санкцыямі з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і Ўкраіны.
Прычына — палітычныя рэпрэсіі і саўдзел у вайне. ЭЗ ня ўводзіў санкцый супраць МТЗ наўпрост, але абмежаваў пастаўкі шэрагу беларускіх тавараў, трактароў у тым ліку.
Пад санкцыі трапіла кампанія Аляксандра Зайцава ТАА «Сохра». Афіцыйна асноўны від яе дзейнасьці — пасярэдніцтва ў пастаўках беларускай тэхнікі ў краіны Азіі і Афрыкі. Сярод іншага, «Сохра» гандлюе прадукцыяй МТЗ, БелАЗу, МАЗу, «Амкадору» ды іншых вытворцаў.