Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія акупацыйныя ўлады на Запарожжы хочуць адкрыць філіялы двух беларускіх прадпрыемстваў


Менскі трактарны завод. Архіўнае фота
Менскі трактарны завод. Архіўнае фота

Акупацыйныя ўлады пачалі адпаведныя перамовы зь Менскім трактарным заводам і Аршанскім мясакансэрвавым заводам.

Расейская адміністрацыя часткова акупаванай Запароскай вобласьці Ўкраіны заявіла аб стварэньні дзьвюх супольных вытворчасьцяў зь беларускімі прадпрыемствамі.

Як паведаміла расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС, акупацыйныя ўлады ўжо пачалі адпаведныя перамовы з Менскім трактарным заводам і Аршанскім мясакансэрвавым заводам.

Ва Ўкраіне гэтай інфармацыі не камэнтуюць.

Расейскія войскі пачалі захопліваць Запарожжа з самага пачатку свайго поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. У цяперашні час Расея кантралюе паўднёвую частку вобласьці, але не кантралюе рэгіянальнага цэнтру, гораду Запарожжа. У верасьні мінулага году акупацыйныя ўлады правялі фіктыўны рэфэрэндум і заявілі пра анэксію вобласьці.

Да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымаў Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне ў розныя гады працавалі некалькі зборачных прадпрыемстваў беларускіх трактароў. Гэтую тэхніку ў пачатку 2000-х зьбіралі на прадпрыемстве «Ленінская кузьня», якое да 2018 году належала ўкраінскаму бізнэсоўцу Пятру Парашэнку.

У розны час Беларусь і Ўкраіна абмяркоўвалі магчымасьць стварэньня супольных прадпрыемстваў па выпуску беларускіх трактароў на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Южмаш» і Харкаўскім трактарным заводзе.

У 2008 годзе зборку трактароў МТЗ адкрылі ў Мікалаеўскай вобласьці. Для гэтага Менскі трактарны завод супольна з прадпрыемствам «Гомсельмаш» заснавалі Гандлёвы дом «МТЗ-Беларус-Україна». Цяпер прадпрыемства знаходзіцца ў стане спыненьня дзейнасьці — 21 сакавіка 2023 году заснавальнікі прадпрыемства ўхвалілі рашэньне аб закрыцьці прадпрыемства.

У траўні 2023 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі супраць 18 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку супраць ААТ «Гомсельмаш», якое было адным з заснавальнікаў мікалаеўскага зборачнага прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG