Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае, польскае ці эмігранцкае кіно? Што пакажуць на кінафэстывалі Bulbamovie


Скрыншот з сайта сёлетняга фэстывалая Bulbamovie
Скрыншот з сайта сёлетняга фэстывалая Bulbamovie

З 24 да 26 лістапада ў Варшаве пройдзе ІХ кінафэстываль беларускага кіно Bulbamovie. Даведаліся, што цікавага чакаць, і чаму сёлета польскіх стужак будзе больш, чым беларускіх.

Bulbamovie — фэстываль беларускіх відэа- і кінафільмаў, які праводзіцца з 2011 году па ініцыятыве беларускіх кінэматаграфістаў і культуролягаў як альтэрнатыва дзяржаўным кінафэстывалям. З 2011-га па 2014 год кінафорумы праходзілі ў Варшаве, у 2015 годзе фэстываль прайшоў у дзьвюх краінах — Беларусі і Польшчы, пазьней зноў у Польшчы.

Bulbamovie таксама стаў пляцоўкай для сустрэч і абмеркаваньняў творцаў і кінакрытыкаў. Сымбалем фэстывалю зьяўляецца бульба.

«Беларусы ствараюць фільмы, але баяцца іх дзе-небудзь паказваць»

Заснавальнікам і нязьменным дырэктарам кінафэстывалю зьяўляецца Януш Гаўрылюк, грамадзянін Польшчы, выпускнік факультэту беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, журналіст.

На яго думку, частка беларускіх кінэматаграфістаў працуюць зараз у вельмі складаных, «партызанскіх» умовах, і сытуацыя толькі пагаршаецца.

«Беларусы ствараюць фільмы, але баяцца іх дзе-небудзь паказваць. Напрыклад, на нашым фэстывалі, які ў Беларусі ўспрымаецца як „апазыцыйны“. Самае страшнае, што няма правілаў гульні і ты ня ведаеш, ці ня будзе праблемаў, калі твой фільм трапіць на такі фэстываль, як Bulbamovie», — мяркуе Гаўрылюк.

Ён успамінае, як на майстар-клясах, творчых сустрэчах у кіношнікаў зь Беларусі на грудзях віселі бэджы з надпісам «не фатаграфаваць», як людзі баяцца «сьвяціцца» на публічных мерапрыемствах, якія яны напружаныя, напалоханыя і знаходзяцца ў пастаянным страху.

«Баяцца „засьвяціць“ іншых»

На прагляд у сэкцыі «Маладога кіно» сёлета падалі значна менш фільмаў, чым у папярэднія гады.

«Мы разумеем, што гэта зусім не азначае, што фільмаў стала менш — беларускія творцы працягваюць працаваць у неймаверна складаных умовах. Ствараюць цікавыя стужкі. Беларусы баяцца прывозіць іх на кінафэстывалі ў краіны, якія ўлады называюць, мякка кажучы, недружалюбнымі. Баяцца нават ня столькі за сябе, што супрацоўнічаюць з такімі краінамі. Баяцца больш таго, што ў дакумэнтальных кадрах «засьвецяць» іншых, асабліва калі гэта пра падзеі 2020 году. Нават калі і адважваюцца паказаць, часьцяком даводзіцца штосьці эмацыйнае выразаць, «заблюрваць» твары.

Нават у параўнаньні зь мінулым годам мы адчуваем, як пагоршылася сытуацыя ў Беларусі, якімі асьцярожнымі сталі кінадакумэнталісты.

Аднак гэта не азначае, што на фэстывалі будзе паказана адно польскае альбо «эмігранцкае кіно», зьнятае па-за межамі Беларусі. Ёсьць што цікавае паказаць і з таго, што зьнялі ў Беларусі.

«Думаем, што на фэстывалі адбудзецца дыскусія пра эмігранцкае і ўласна беларускае кіно», — расказала адна з арганізатарак фэстывалю.

Заснавальнік і дырэктар кінафэстывалю Януш Гаўрылюк прызнаецца, што павялічваецца колькасьць фільмаў, якія ляжаць на паліцах. У будучыні ён марыць зрабіць зь іх цэлы праграмны блёк. Але праграма ІХ фэстывалю беларускага кіно Bulbamovie 2023, нягледзячы на праблемы, выглядае, на думку дырэктара, цалкам прыстойна.

Што пакажуць на Bulbamovie?

Аляксандар Матафонаў. «Так шмат і так мала»

Былы супрацоўнік Радыё Свабода Аляксандар Матафонаў вымушаны быў пакінуць Беларусь і пачаць новы этап свайго жыцьця і кар’еры ў Польшчы. Разам са сваякамі ён заснаваў кінастудыю «Лябірынт».

Фільм Матафонава «Так шмат і так мала» аўтабіяграфічны. Рэжысэр расказвае, як ягоная сям’я ажыцьцявіла сваю мару ў Беларусі — пабудавала на ўскрайку Менску дом, які павінен стаць іх родавым гняздом. Аднак пасьля падзей 2020 года, страціўшы пачуцьцё бясьпекі, яго жонка Ганна ўгаворвае мужа на некаторы час пакінуць іх новы дом і выехаць зь Беларусі ў суседнюю Польшчу. Там сям’я пачынае жыцьцё з нуля.

Павэл Січэк. «Такога кшталту надзея»

Фільм пра палітыка Андрэя Саньнікава, які ў 1990-я быў намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі і адыграў ключавую ролю ў вывадзе ядзернай зброі. Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, ён звольніўся зь дзяржаўнай службы і пачаў змагацца за дэмакратычную Беларусь. За гэта ён сеў у турму. Сёньня, як дыплямат без грамадзянства, ён расказвае заходнім палітыкам пра сваю краіну.

Януш Гаўрылюк. «Бусел»

Лета 2020 года. Са сталіцы на ўсходняе Падляшша прыяжджае малады чалавек па мянушцы Bocian. Ён ідзе да мясцовага кантрабандыста Паўлюка, які павінен перавезьці яго празь зялёную мяжу ў Беларусь. Мясцовыя жыхары рыхтуюцца да Купальля. На мяжы ўзьнікаюць праблемы, але «бусел» упарта «ляціць» да месца прызначэньня.

Анастасія Карповіч. «Да апошняга»

У вёску Бялкова, што на польска-нямецкай мяжы, пасьля Другой сусьветнай вайны дэпартавалі жыхароў беларускага Палесься. На чужыне былыя палешукі культывавалі традыцыі свайго народу, у тым ліку і паганскія. Дагэтуль у вёсцы захоўваецца самабытная культурная спадчына: песьні, танцы, строі і абрады. Тут рэгулярна праходзіць фэстываль традыцыйнай палескай песьні і музыкі — новае пакаленьне спалучае ў сваім жыцьці польскія і беларускія традыцыі.

Кацярына Ядлавецка. «У пошуках Данілы Іванова»

Гэта гісторыя сям’і Манько-Іванавых — дзеда, бацькі, сына і ўнука, пачынаючы з 1917 году. Дзед Даніла быў арыштаваны ў 1939 годзе і бясьследна зьнік, бацька прайшоў ГУЛАГ і цудам ня быў расстраляны, сын Генадзь ваяваў у Афганістане, адзіны ўнук Антон жыве звычайным жыцьцём, піша музыку і сустракаецца зь сябрамі. Аднак сямейныя загадкі турбуюць і яго. Сям’я Манько-Івановых нарэшце вырашае знайсьці адказ на пытаньне, што здарылася зь дзедам Данілам пасля арышту.

Андрэй Кашперскі. «Працэсы»

Штодзённыя навіны зь Беларусі — рэпрэсіі, затрыманьні, свавольства чыноўнікаў і праваахоўных структур, татальная ідэалягізацыя ў школах і, нарэшце, вайна ва Ўкраіне. Кожную падзею стваральнікі даводзяць да абсурду, паказваючы, чым усё можа скончыцца. З кожным днём усё, што адбываецца ў асобных навэлах «Працэсаў», усё больш становіцца падобным да рэальнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG