Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў новыя рэдакцыі палажэньня аб фондзе падтрымкі культуры і мастацтва Аляксандра Лукашэнкі, а таксама аб прэміі «За духоўнае адраджэньне» і спэцыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва.
Як адзначаецца ў адпаведнай пастанове ўраду, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, цяпер усе аўтары культурных праектаў, якія прэтэндуюць на фінансаваньне з фонду Лукашэнкі, будуць праходзіць адпаведную праверку ў Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі Беларусі.
У пакет дакумэнтаў прэтэндэнтаў на прэмію «За духоўнае адраджэньне» і спэцыяльную прэмію дзеячам культуры і мастацтва цяпер абавязкова мусяць уключаць інфармацыю «аб сацыяльна-псыхалягічным клімаце ў калектыве працаўнікоў, удзеле ў грамадзкім жыцьці краіны, унёску ў грамадзянска-патрыятычнае выхаваньне моладзі, а таксама аб грамадзянскай пазыцыі, маральна-этычным абліччы» кіраўніка калектыву, у якім працуе кандыдат, і тая самая інфармацыя аб самім кандыдаце.
Асобна адзначаецца, што на прэміі нельга вылучаць грамадзян, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці», адміністрацыйныя правапарушэньні ў сфэры арганізацыі або правядзеньні масавых мерапрыемстваў, або займаліся прапагандай, вытворчасьцю і распаўсюджваньнем «нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі», «інфармацыйнай прадукцыі з заклікам да экстрэмісцкай дзейнасьці», а таксама іншым спосабам нанесьлі шкоду «дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам» або дыскрэдытавалі і пагардліва ставіліся да дзейнасьці фонду Лукашэнкі.
Аналягічныя дакумэнты і праверку будуць патрабаваць пры вылучэньні прэтэндэнтаў на прэмію Аляксандра Лукашэнкі «Беларускі спартыўны Алімп».
У 2020 годзе маладая сьпявачка Патрыцыя Сьвіціна адмовілася ад стыпэндыі Лукашэнкі для падтрыманьня таленавітай моладзі. Пазьней яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах. Пасьля двух з паловай месяцаў у ізалятары яе асудзілі на два гады і шэсьць месяцаў «хатняй хіміі».