У судзе Цэнтральнага раёну Менску 2 жніўня судзьдзя Вікторыя Шабуня прызначыла ёй два гады і шэсьць месяцаў «хатняй хіміі». Пад вартай сьпявачку трымалі два з паловай месяцы, а пасьля абвяшчэньня прысуду вызвалілі ў зале суду.
Супраць Сьвіцінай завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»), паведамляюць праваабаронцы.
Патрыцыю Сьвіціну затрымалі ў сярэдзіне траўня 2023 году. У відэа, якое запісалі сілавікі, відаць, што дзяўчына пад моцным псыхалягічным ціскам. Яна расказала, што ў 2020 годзе «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў «складзе калёны перакрывала рух транспарту».
Суд над Патрыцыяй пачаўся 1 жніўня.
Патрыцыя Сьвіціна стала вядомай на ўсю Беларусь сваім дэмаршам: маладая сьпявачка была ляўрэаткай стыпэндыі Лукашэнкі для падтрыманьня таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах