Літоўская мытная служба зь лістапада яшчэ больш узмацняе кантроль на межах зь Беларусьсю і Расеяй для прадухіленьня вывазу санкцыйных тавараў, паведаміла прэс-служба ведамства.
Мытнікі будуць пільней правяраць правільнасьць клясыфікацыі тавараў, якія вывозяць зь Літвы. Дадатковыя праверкі ўвялі ў сувязі са спробамі абыходу санкцый, калі экспартную прадукцыю клясыфікавалі ў таварных пазыцыях камбінаванай намэнклятуры, якая не падпадае пад санкцыйныя абмежаваньні. Цяпер пры вывазе тавараў у краіны Сярэдняй Азіі і Каўказу будуць праводзіць праверку клясыфікацыі, у тым ліку з адборам пробаў і лябараторнымі дасьледаваньнямі.
У сувязі з узмацненьнем кантролю тэрміны мытнага афармленьня экспартных працэдур могуць павялічыцца, адзначаецца ў паведамленьні літоўскай мытні.
У 2023-м літоўская мытня ўжо ўзмацняла кантроль за экспартам падсанкцыйных тавараў.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі, камэнтуючы паведамленьне літоўскай мытні, заявілі, што «ўлады Літвы працягваюць прыдумляць новыя абмежаваньні для павелічэньня чэргаў на мяжы зь Беларусьсю» і «штучна ствараюць і захоўваюць напружанасьць на мяжы».
Паводле ведамства, на працягу кастрычніка чэргі фураў у Літву істотна павялічыліся, а на працягу двух апошніх тыдняў сярэднясутачная колькасьць грузавога транспарту перад літоўскімі памежнымі пераходамі складае 1500 адзінак, пры гэтым літоўскі бок «выконвае норму пропуску ня больш як на 30%», сьцьвярджаюць у Памежным камітэце Беларусі.