Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўзмацняе кантроль за перасячэньнем мяжы з боку Беларусі. У чым прычына


Памежны пункт «Меднікі» на беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Памежны пункт «Меднікі» на беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Літоўская мытня ўзмоцніць кантроль над тымі, хто часта перасякае літоўска-беларускую мяжу, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Як адзначаюць у Літоўскай мытні, за першыя 4 месяцы 2022 году літоўска-беларускую мяжу перасекла амаль у 4 разы больш аўтамабіляў (агулам больш за 124 тысячы), чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Літоўскія мытнікі заўважылі тэндэнцыю, што з моманту ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму некаторыя езьдзяць на машынах у Беларусь па «некалькі разоў за месяц» «ня ўтойваючы, што робяць гэта, каб купіць танных цыгарэт, паліва і прадуктаў», адзначаюць у ведамстве.

«Падобна, справа ня толькі ў атрыманьні больш таннага паліва і іншых тавараў для ўласных патрэбаў. Са свайго боку мы павінны ацаніць патэнцыйныя рызыкі і, асабліва сёньня, небясьпекі нелегальнага бізнэсу», — заявіў кіраўнік Мытнага дэпартамэнту Літвы Дарус Жвіронас.

Паводле яго, для гэтага літоўская мытня ўзмоцніць кантроль за асобамі і транспартнымі сродкамі, якія часта перасякаюць мяжу зь Беларусьсю.

У ведамстве адзначаюць, што ў сувязі з уведзенымі прэвэнтыўнымі мерамі і ўзмацненьнем жорсткасьці кантролю можа зьнізіцца прапускная здольнасьць транспарту на літоўска-беларускіх памежных пераходах.

З красавіка ў Беларусі ўвялі «бязьвіз» для грамадзян Літвы і Латвіі. Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў заяўляў, што жыхары балтыйскіх краін купляюць у Беларусі тавары першай неабходнасьці, якіх, паводле яго, у іхных дзяржавах нібыта няма. «Едуць людзі да нас, купляюць соль. У іх няма солі! Вялікі, багаты Захад, а солі няма!» — заявіў ён 29 красавіка сёлета.

Зь сярэдзіны красавіка да 13 чэрвеня, як сьцьвярджае Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, Беларусь па «бязьвізе» наведалі 43 149 грамадзян Літвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG