Прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла пра намер прапанаваць парлямэнту працягнуць да траўня 2024 году абмежаваньні для грамадзян Беларусі і Расеі, уведзеныя сёлета ў красавіку.
«Мяркуючы па агульным геапалітычным кантэксьце, цяжка ўявіць, што ўрад ня выступіць з такой прапановай. Мяркую, што ўзьнікне неабходнасьць у працягненьні дзейнага закону», — працытавала літоўскае выданьне LRT прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманіце.
«Урад павінен будзе ўнесьці гэтую прапанову. Прынамсі, я ня бачу прычын, якія дазваляюць чакаць, што з траўня наступнага году гэтыя абмежаваньні не спатрэбяцца», — дадала кіраўніца літоўскага ўраду.
Інгрыда Шыманіце таксама ня выключыла, што ў працэсе разгляду ў Сейме пытаньня аб працягненьні дзеяньня закону дэпутаты змогуць унесьці свае прапановы па ўвядзеньні больш жорсткіх абмежаваньняў.
«Калі ўрад пабачыць неабходнасьць унесьці ня толькі працягненьне, але і нейкія прапановы, ён гэта зробіць», — падкрэсьліла кіраўніца літоўскага ўраду.
Тым часам галоўны дарадца прэзыдэнта Літвы Кястуціс Будрыс 25 кастрычніка заявіў LRT, што пакуль у публічнай прасторы працягваецца дыскусія наконт уніфікацыі санкцыяў супраць грамадзянаў Беларусі і Расеі, Літва дэ-факта «ўжо ўжывае аднолькавыя абмежаваньні для грамадзян абедзьвюх краін на мяжы». Паводле яго, Дзяржаўная памежная служба праводзіць апытаньні беларусаў, якія ўяжджаюць у краіну, таксама беларусам абмежавалі выдачу візаў.
«4 з 7 мераў закону аб абмежаваньнях ужо прымяняюцца да грамадзян Расеі і Беларусі — некаторыя зь іх мы ўжо ўзгаднілі, так што гэта зусім ня новая прапанова. Мы абмежавалі выдачу візаў, але колькасьць грамадзян Беларусі, якія штодня перасякаюць мяжу, па-ранейшаму вельмі вялікая», — заявіў Будрыс.
На думку Будрыса, заявы, што ўзмацненьне абмежаваньняў на ўезд у Літву нанясе шкоду беларускай апазыцыі, — гэта «неабгрунтаваныя спэкуляцыі», а «прапанаваныя прэзыдэнтам (Літвы. — РС) захады не супярэчаць нашай адкрытасьці для людзей, якія ўцякаюць ад рэжыму».
- Сейм Літвы сёлета ў красавіку ўхваліў закон, які прадугледжвае абмежавальныя захады ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці і гэтак далей. На этапе разгляду дакумэнту абмежаваньні ў дачыненьні да беларусаў крыху зьмякчылі, большасьць санкцыяў закранула расейцаў.
- У прыватнасьці, гаворка ідзе пра абмежаваньні магчымасьці атрыманьня літоўскай візы і статусу электроннага рэзыдэнта. Для расейцаў дзейнічаюць дадатковыя абмежаваньні ў выглядзе забароны на набыцьцё маёмасьці і падачы заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.
- Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа неаднаразова заяўляў, што трэба ўніфікаваць абмежаваньні для грамадзян Беларусі і Расеі. Ён лічыць, што такія абмежаваньні павінны быць аднолькавыя для беларусаў і расейцаў.