Сьцісла
- Рост выдаткаў на абарону і бясьпеку ў бюджэце на 2024 год перавышае рост выдаткаў на сацыяльныя патрэбы, прынамсі на адукацыю і ахову здароўя.
- Другі год запар прадугледжваюцца беспрэцэдэнтна высокія выдаткі на абарону.
- Улада не выключае, што давядзецца ўступіць у вайну Расеі супраць Украіны сваім войскам, і загадзя рэзэрвуе грошы на гэта.
- Выбары ў лютым 2024 году ўлада разглядае як магчымы момант дэстабілізацыі.
- Палітыка ігнору выбараў, абвешчаная апазыцыяй, ніяк не стасуецца з гіпатэтычнымі сілавымі акцыямі падчас выбараў.
- Улада можа перасьцерагацца нейкіх сілавых нечаканасьцяў, у якіх выбары будуць выкарыстаныя як кантэкст, які павялічвае розгалас.
- Торг паміж ведамствамі за падзел бюджэтнага «пірага» сьведчыць пра падвышэньне вагі сілавікоў. Яны выйгралі раўнд торгу за бюджэт з цывільнымі калегамі.
Бюджэтныя выдаткі на абарону плянуецца ў наступным годзе павялічыць на 29,2%. Праўда, летась у параўнаньні з 2022 годам бюджэтныя выдаткі на абарону вырасьлі яшчэ больш — на 40%. Іх павелічэньне, заплянаванае налета, крыху больш сьціплае, але ўсё роўна адно з самых буйных.
Таксама значна вырастуць выдаткі «на забесьпячэньне бясьпекі, праваахоўнай дзейнасьці і судовай улады» — на14,7%.
Пры гэтым на адукацыю павялічыць выдаткі плянуецца на 13,8%, на ахову здароўя — на 11,6%, на сацыяльную палітыку — толькі на 6%.
Сухія лічбы бюджэту адлюстроўваюць прыярытэты дзяржавы: яны паказваюць, да чаго яна рыхтуецца і чаго перасьцерагаецца. Паводле знакамітай формулы «гарматы замест масла». Гэтыя лічбы адпавядаюць і іншым, больш зразумелым рашэньням уладаў у адпаведных сфэрах грамадзкага жыцьця.
Прызыў у войска праз СМС, няспынны каскад вучэньняў, агрэсіўная антызаходняя і антыўкраінская рыторыка — усё гэта сьведчыць пра наяўнасьць ва ўлады думкі, што ваяваць сваім войскам, магчыма, і давядзецца. Ня тое што на 100% давядзецца, але імавернасьць высокая. Зьменіцца сытуацыя на полі бою ў вайне Расеі супраць Украіны, скажа Ўладзімір Пуцін Аляксандру Лукашэнку: «Надо, Саша» — і ня скажа Лукашэнка ў адказ «Не».
Калі глядзець на дынаміку росту бюджэтных выдаткаў на абарону (з 40% у бюджэце на 2023-і — да 29% у бюджэце на 2024-ы), дык летась нават больш чакалі такога загаду з Масквы, чым цяпер.
Ну, а разьлік зразумелы. Удзел у вайне наўпрост — гэта, акрамя ўсяго іншага, вялізныя грошы, выдаткі. У «гадзіну Ч», калі войскам будзе дадзены загад наступаць, вырываць грошы зь іншых артыкулаў бюджэту — гэта праблемы, гэта беспарадак, «бардак». А гэта не па-беларуску.
Беларусы, і беларуская ўлада ў тым ліку, да любой дурноты — вымушанай ці добраахвотнай — імкнуцца быць старанна падрыхтаваныя.
Давядзецца ваяваць (чаго Лукашэнка насамрэч ня хоча) — а ў нас на тое адпаведныя грошы ў бюджэце ўжо зарэзэрваваныя. Не давядзецца — у гаспадарцы заўсёды знойдзецца, на што іх патраціць.
Другая опцыя бюджэтных выдаткаў, якая налета істотна вырасьце, — бясьпека. Пасьля 2020 году гэта для ўлады — прыярытэт, які важнейшы за ўсё. Але ў 2024 годзе будзе чыньнік, які ўзьнімае важнасьць гэтага прыярытэту яшчэ вышэй. Гэта — выбары.
На першы погляд, з гэтай нагоды ўладзе няма чаго пераймацца. Сытуацыя ў краіне далёкая ад грамадзкага пад’ёму. Асноўныя апазыцыйныя сілы вызначалі сваё стаўленьне да выбараў у лютым 2024 году — ігнор і выбары ў Каардынацыйную Раду як альтэрнатыва афіцыйным выбарам. Як такая палітыка можа трансфармавацца ў нейкія забурэньні, у паўтарэньне 2020 году — незразумела нават самаму палкаму прыхільніку апазыцыі.
Але ўлада чамусьці пераймаецца. Сёньня Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком расейскага МЗС Сяргеем Лаўровым заявіў: «Што тычыцца беларуска-расейскіх адносінаў, тут нават абмяркоўваць няма чаго. Мы дзейнічаем як адзінае цэлае. І будзьце ўпэўненыя, што Беларусь будзе прыхільная менавіта да гэтага прынцыпу, як бы ні спрабавалі нас тут павярнуць напярэдадні парлямэнцкіх выбараў».
Прычым тут выбары, хто зьбіраецца «павярнуць», як выбары хто б там ні было можа скарыстаць дзеля гэтага «павароту» — незразумела.
Старшыня ЦВК Ігар Карпенка нядаўна заявіў: «Галоўная задача праваахоўных органаў і ўсіх арганізатараў выбараў — ня даць паралізаваць работу выбарчых участкаў, забясьпечыць грамадзкі парадак і не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цэлым».
Хто плянуе дэстабілізаваць, навошта гэта рабіць менавіта падчас фарсавых выбараў, у якіх апазыцыя не зьбіраецца ўдзельнічаць — недарэчнае пытаньне. Улада так бачыць сьвет.
Нарэшце, можна прыгадаць заявы намесьніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, зьлітыя незалежным мэдыя. Ён, выступаючы перад вайскоўцамі, таксама ня выключыў абвастрэньня сытуацыі падчас лютаўскіх выбараў у наступным годзе.
Ці сапраўды ўлада нечага перасьцерагаецца падчас выбараў, ці яна стала ахвярай уласнай прапаганды — тут дакладна адказаць складана. Але ня выключана, што ўлада, а асабліва сілавікі, перасьцерагаюцца ня нейкіх нечаканасьцяў, зьвязаных з выбарчай стратэгіяй апазыцыі, а сілавых акцыяў, проста прымеркаваных да выбараў, у якіх выбары будуць адно тлом, кантэкстам.
Вось была сёлета атака на расейскі самалёт у Мачулішчах. А калі б такая атака была падчас выбарчай кампаніі? Дык розгалас ад такой акцыі ў такім кантэксьце быў бы куды гучнейшы. І выснова: узмацніць кантроль, каб прадухіліць. А кантроль каштуе грошай.
Прыняцьцё бюджэту ў любой краіне ўключае ў сябе бюракратычны торг паміж ведамствамі. У аўтарытарнай краіне разьмеркаваньне дзяржаўных сродкаў пераважна гэтым і вызначаецца. Зразумела, што ў Беларусі канчатковае рашэньне наконт бюджэту прымае Лукашэнка. Але нейкае абмеркаваньне распадзелу дзяржаўных грошай паміж «слупамі» рэжыму адбываецца. Яно адбывалася і пры царах, і пры Сталіну, яно адбываецца і цяпер нават у Паўночнай Карэі.
І ў гэтых абмеркаваньнях міністры адукацыі ці аховы здароўя адстойваюць калі не народныя патрэбы, дык прынамсі інтарэсы сваіх ведамстваў. А сілавікі ім у адказ: вы хочаце, каб нешта кшталту выбуху ў Мачулішчах паўтарылася падчас важнай палітычнай кампаніі выбараў? Не? Тады перабʼяцеся з вашымі патрэбамі.
Гэта торг. У дэмакратычным грамадзтве ў ім удзельнічаюць дэпутаты парлямэнту — прадстаўнікі народных патрэбаў, лабісты, незалежныя СМІ, апазыцыя. Нічога гэтага ў сучаснай Беларусі няма. Таму прапорцыі выдаткаў бюджэту вызначаюцца амаль выключна бюракратычным торгам ведамстваў. А пасьля 2020 году беларускія сілавікі ў гэтым працэсе набылі вагу, несувымерна высокую ў параўнаньні з канкурэнтамі.