«Я ўдзячны асабістаму складу ўнутраных войскаў за рашучыя дзеяньні па забесьпячэньні грамадзкага парадку ў пэрыяд правядзеньня выбарчых кампаній», — заявіў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка 17 кастрычніка на сустрэчы з афіцэрамі галоўнага ўпраўленьня камандуючага ўнутранымі войскамі і вайскоўцамі часьцей Менскага гарнізону.
Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Ўнутраных войскаў, кіраўнік ЦВК «на прыкладах суседніх краін» патлумачыў, якія фактары могуць паўплываць на правядзеньне выбараў, «бо менавіта падчас гэтай працэдуры апанэнты могуць падарваць стабільнасьць у дзяржаве».
«Галоўная задача праваахоўных органаў і ўсіх арганізатараў выбараў — ня даць паралізаваць работу выбарчых участкаў, забясьпечыць грамадзкі парадак і не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў цэлым», — заявіў Карпенка.
У сакавіку гэтага году, зьвяртаючыся да ўнутраных войскаў МУС з нагоды 105-годзьдзя іх стварэньня, Аляксандар Лукашэнка назваў іх «гарантам непарушнасьці грамадзкага парадку і канстытуцыйных асноў дзяржаўнасьці».
- У траўні 2022 году Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб зьмяненьні законаў па пытаньнях дзейнасьці ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў», які карэктуе два законы — «Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» і «Аб барацьбе з тэрарызмам».
- Згодна з дакумэнтам, унутраныя войскі Беларусі надзяляюцца паўнамоцтвамі на прымяненьне баявой і спэцыяльнай тэхнікі «для спыненьня масавых беспарадкаў і групавых парушэньняў грамадзкага парадку».
- Таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў атрымаюць права на захоўваньне і нашэньне зброі, вывучэньне абстаноўкі ў раёнах выкананьня гэтых задач, у тым ліку з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў. Дакумэнт пашырыў задачы ўнутраных войскаў «за кошт іх удзелу ў ахове грамадзкага парадку, забесьпячэньні прававога рэжыму ў зоне правядзеньня контратэрарыстычнай апэрацыі, бясьпецы ахоўных асоб і ахоўных аб’ектаў, а таксама ў мерапрыемствах па ўзмацненьні аховы дзяржаўнай мяжы».
- Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленьні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.