Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя сілы расказалі пра 4 дакумэнты, прынятыя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Што ў іх


Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь»
Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь»

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» дэмакратычныя сілы прынялі чатыры дакумэнты, паведаміла 10 жніўня прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай. Яны тычацца стратэгіі дэмакратычных сіл, «эўрапейскага выбару» для Беларусі, салідарнасьці з Украінай і непрызнаньня выбараў 2024 году.

Прынятыя наступныя дакумэнты:

1. «Заява аб выбарах 2024 году», якая заклікае грамадзян Беларусі ня ўдзельнічаць у кампаніі, арганізаванай уладамі, а міжнародную супольнасьць — не прызнаваць яе вынікі.

У ёй дэмакратычныя сілы Беларусі не прызнаюць легітымнасьць прызначаных на 25 лютага 2024 году так званых парлямэнцкіх і мясцовых «выбараў» і заклікаюць:

  • выбарнікаў — байкатаваць выбары, ня ўдзельнічаць у іх імітацыі,
  • міжнародныя арганізацыі і грамадзкасьць — не прызнаваць іх вынікі;
  • арганізацыі грамадзянскай супольнасьці — правесьці грамадзкую кампанію сярод беларусаў пра тое, чаму гэтыя «выбары» незаконныя, і прапанаваць грамадзянам бясьпечную форму выказваньня сваёй нязгоды з правядзеньнем «выбараў 2024»;
  • палітычныя арганізацыі і рухі — правесьці інфармацыйную кампанію для прасоўваньня пераменаў у Беларусі;
  • прыхільнікаў дэмакратычных перамен — выказаць свой пратэст супраць «выбараў 2024» і далучыцца да альтэрнатыўнай аб’яднанай кампаніі дэмакратычных сілаў.

Варта адзначыць, што падчас канфэрэнцыі ў некаторых яе ўдзельнікаў узьніклі пытаньні да гэтага дакумэнту і было прапанавана дадаткова вынесьці яго на шырокае абмеркаваньне і галасаваньне.

2. «Палітычная дэклярацыя дэмакратычных сіл Беларусі», якая акрэсьлівае ключавыя моманты стратэгічнай працы, што павінна прывесьці да дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

У ёй дэмакратычныя сілы прымаюць і абавязваюцца рэалізаваць агульную стратэгію, якая ўключае ў сябе:

  • адхіленьне ад улады рэжыму Лукашэнкі;
  • спыненьне саўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны і падтрымку Ўкраіны ў абароне сваёй незалежнасьці;
  • вывад усіх расейскіх войскаў, у тым ліку наймітаў расейскіх ПВК, вайсковых аб'ектаў і ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі;
  • выхад Беларусі з усіх саюзаў з агрэсарам: саюзнай дзяржавы, АДКБ і ЭАЭС;
  • вызваленьне ўсіх палітвязьняў;
  • усебаковую падтрымку беларускіх добраахвотніцкіх фармаваньняў ва Ўкраіне і актывістаў у Беларусі;
  • замяшчэньне прадстаўнікоў рэжыму ў міжнародных арганізацыях прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў;
  • перамовы аб асацыяцыі Беларусі з ЭЗ;
  • прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў рэжыму, адказных за злачынствы супраць чалавечнасьці, ваенныя злачынствы і злачынствы агрэсіі;
  • выкарыстаньне санкцыяў як аднаго з інструмэнтаў ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай абмежаваньня ягоных магчымасьцяў для саўдзелу ў вайне супраць Украіны на баку Расеі;
  • распрацоўку шэрагу рэформаў для ўстойлівага разьвіцьця дэмакратычнай Беларусі;
  • пераход дзяржаўных службоўцаў на бок народа і падрыхтоўку кадраў Новай Беларусі.

3. «Дэклярацыя аб сяброўстве Беларусі ў Эўразьвязе» — яна дэкляруе геапалітычны выбар Беларусі і заклікае дэмакратычныя сілы да супрацоўніцтва з Эўразьвязам у розных сфэрах.

У ім дэмакратычныя сілы Беларусі выказваюць сваё імкненьне да сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, вітаюць пачатак супрацоўніцтва Беларусь — ЭЗ у межах нядаўна створанай Кансультатыўнай групы, Кантактнай групы па Беларусі Рады Эўропы, але заклікаюць ЭЗ да «якаснага падвышэньня ўзроўню стасункаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі» і ў якасьці «найважнейшых крокаў па разьвіцьці супрацоўніцтва» прапануюць

  • правесьці Канфэрэнцыю высокага ўзроўню ЭЗ — Беларусь з мэтай узгадненьня і прыняцьця канкрэтнага пляну дзеяньняў стратэгічнага супрацоўніцтва;
  • прызнаць нацыянальны пашпарт Новай Беларусі;
  • увесьці бязьвізавы рэжым для грамадзян Беларусі.

4. «Рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі аб салідарнасьці з народам Украіны» — маніфэст падтрымкі ўкраінскага народу ў барацьбе супраць пуцінскай Расеі і асуджэньне рэжыму Лукашэнкі як памагатага агрэсіі.

У ім выказваюць салідарнасьць з народам Украіны, асуджаюць падтрымку вайны рэжымам Лукашэнкі і падтрымліваюць намаганьні Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці па стварэньні Спэцыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбуналу за злачынства агрэсіі, які таксама будзе мець юрысдыкцыю ў дачыненьні да вышэйшага вайсковага і палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі.

Адзначаецца, што ўсе матэрыялы былі распрацаваныя на круглым стале дэмакратычных сілаў напярэдадні канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG