Паводле сюжэту, атаку на самалёт зрабіў затрыманы Мікалай Швец, які, як сьцьвярджаецца, агент Службы бясьпекі Ўкраіны. Да таго зь ім у Століне нібыта сустракалася Ала «Яцута» ці «Ятсута», якая прыехала з Украіны да сваёй сястры Ліліі Шарай. Сьцьвярджаецца, што Яцута таксама агентка СБУ і пасьля выбуху ў Мачулішчах здолела пакінуць тэрыторыю Беларусі.
Швяца назвалі падрыўніком самалёта, хоць і раней, і ў сюжэце сьцьвярджалася, што самалёт не пашкоджаны, бо здолеў празь некалькі дзён паляцець. Пры гэтым галоўная каштоўнасьць самалёта А-50, які ацэньваюць на прыблізна 300 мільёнаў даляраў, ня толькі ў яго здольнасьці лятаць, але і ў адмысловым электронным абсталяваньні.
Мікалая Швяца затрымалі ў доме «пад Бараўлянамі», які належаў сямейнай пары — Анастасіі Пілько і яе мужу Алегу Сычову. Пра тое, што Швяца затрымалі ў гэтым доме, ужо раней паведамляў праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронцы паведамілі, што затрыманьне адбылося 4 сакавіка ў садовым таварыстве «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Паводле праваабаронцаў, фота Швяца паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні сілавікі, аднак ніхто зь іх гэтага чалавека ў вёсцы ніколі ня бачыў.
Вяскоўцы казалі, што на відэа затрыманьня меркаванага «ўкраінскага тэрарыста» фігуруе дом друкара Алега Сычова — яго разам з жонкай сілавікі таксама затрымалі ў гэтым самым доме. Цяпер Сычовых утрымліваюць у СІЗА КДБ.
У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі гаворыцца, што беларусы, якія нібыта дапамагалі Мікалаю Швяцу, гэта «польская агентура» і людзі «зь ліку прыхільнікаў гвалтоўнага зрынаньня канстытуцыйнага ладу, актыўных удзельнікаў падзеяў 2020 году». Аднак, акрамя затрыманых уладальнікаў дома, назвалі толькі адно прозьвішча — «Дзёмін».
Таксама сьцьвярджалася, што затрыманых уладальнікаў дома ў Бараўлянскім сельсавеце з Варшавы «вучыла беглая лекарка-псыхатэрапэўт Кацярына Тачыцкая». Пры гэтым паказалі фота псыхатэрапэўткі Яўгіньні Тачыцкай.