Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі статус палітвязьняў маюць каля 1,5 тыс. чалавек, многія зь якіх – маладыя людзі. У 2020 годзе, адзначыла яна, моладзь была «рухавіком прыхільнікаў перамен», у 2022‑м маладыя людзі сталі «рэйкавымі партызанамі», добраахвотнікамі, якія змагаюцца супраць РФ на баку Украіны.
Беларусы «ня хочуць жыць ва ўмовах дыктатуры, у «рускім сьвеце», а тым больш паміраць за яго», аднак сёньня пратэсты ў краіне спалучаныя з вялікай рызыкай, цытуе Ціханоўскую яе прэсавая служба.
«Менавіта таму мы павінны стаць голасам тых, у каго яго няма. Моладзь Эўропы мусіць працягнуць руку салідарнасьці сваім беларускім сёстрам і братам. Вельмі важна падтрымаць Украіну, ня менш важна не забывацца на Беларусь», – заявіла яна.
Ціханоўская заклікала запрашаць моладзевыя адгалінаваньні юрыдычна ліквідаваных беларускіх дэмакратычных партый на эўрапейскія мерапрыемствы, арганізоўваць для іх стажыроўкі. Яна падкрэсьліла, што Эўропа і ЭЗ «ня будуць поўнымі без Беларусі».
«Падтрымка барацьбы беларусаў за свабоду сёньня, як і падтрымка Украіны, – гэта не дабрачыннасьць. Гэта інвэстыцыі ў нашу бясьпечную, квітнеючую і дэмакратычную эўрапейскую будучыню», – заявіла Ціханоўская.
Ціханоўская таксама запісала відэазварот, у якім заклікала да шырокага ўдзелу ў Міжнародным дні салідарнасьці зь Беларусьсю 12 лістапада – гэта дата, калі загінуў Раман Бандарэнка.
31-гадовы Раман Бандарэнка загінуў пасьля зьбіцьця на «плошчы Перамен» у Менску. Яго сьмерць выклікала масавыя акцыі пратэсту па ўсёй краіне.