Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насупраць генэральнага консульства Літвы ў расейскім Калінінградзе паставілі помнік Мураўёву-«вешальніку»


Помнік Мураўёву-«вешальніку» ў Калінінградзе
Помнік Мураўёву-«вешальніку» ў Калінінградзе

Расейскія ўлады паставілі помнік расейскаму генэрал-губэрнатару, вядомаму здушэньнем вызвольнага паўстаньня 1863 году.

У расейскім Калінінградзе адкрылі помнік генэрал-губэрнатару Мураўёву па мянушцы «Вешальнік». Відэа з цырымоніі адкрыцьця апублікаваў канал «Вести. Калининград». У суправаджальным допісе сказана, што манумэнт паставілі каля корпусу Балтыйскага фэдэральнага ўнівэрсытэту на вуліцы Озерава. Гэты сквэр разьмешчаны праз дарогу ад консульства Літвы, піша «Настоящее время».

Як напісаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Антон Аліханаў, гэта копія помніка, які стаяў у Вільні з 1898-га да 1915 году.

Міхаіл Мураўёў, які нарадзіўся ў 1796 годзе, вядомы русыфікацыяй заходніх абласьцей Расейскай імпэрыі, акупаваных расейскім войскам пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. і «ўціхаміраньнем» польска-літоўскіх паўстаньняў — спачатку на пасадзе віцэ-губэрнатара Віцебскай губэрні, а затым губэрнатара Магілёўскай.

У 1863 годзе стаў віленскім, горадзенскім і менскім генэрал-губэрнатарам, камандуючым войскамі Віленскай вайсковай акругі, а таксама галоўным начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губэрняў.

Мураўёў займаўся публічнымі пакараньнямі сьмерцю, тысячы паўстанцаў адправіў у ссылку і на катаргу. Пры ім пачаўся чарговы этап прымусовай русыфікацыі ў тым ліку беларускіх земляў.

Аб неабходнасьці паставіць помнік Мураўёву цяперашні кіраўнік Калінінградзкай вобласьці Антон Аліханаў сказаў у 160-ю гадавіну пачатку паўстаньня, у студзені 2023 году. Тое паўстаньне ў расейскай гістарыяграфіі называюць «польскім», для Беларусі гэта вызвольнае паўстаньне, якое зьвязваецца пераважна зь імем яго правадыра на нашых землях — Кастуся Каліноўскага.

Каліноўскага павесілі на загад Мураўёва-«вешальніка». Парэшткі яго і іншых паўстанцаў расейскія акупанты закапалі каля вежы Гедыміна ў Вільні, яны праляжалі там 153 гады, пакуль іх не знайшлі навукоўцы пасьля апоўзьняў каля вежы.

У Кёнігсбергу, як тады называўся Калінінград, Мураўёў ніколі ня быў і ніякага дачыненьня да сучаснага Калінінграду ня мае.

Апошнім часам усталяваньне «спрэчных» помнікаў і таблічак стала папулярным заняткам у дыпляматыі. Напрыклад, каля вуліцы Электрычнай, дзе месьціцца Генэральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, зьявіўся сквэр Вольнай Беларусі, там рэгулярна адбываюцца маніфэстацыі пад забароненым рэжымам Лукашэнкі нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сьцягам.

Улады Беларусі назвалі праезд каля консульства Польшчы ў Горадні імем дэзэртыра Эміля Чэчкі, які ўцёк з польскага войска і расказваў пра нібыта злачынствы палякаў на памежжы, што не пацьвердзілася ніякімі доказамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG