Як паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс», у Горадні зьявіўся праезд імя Эміля Чэчкі (праезд ад вуліцы Будзённага паміж дамамі 46 і 48 да вуліцы Ажэшкі паміж дамамі 47 і 49) і вуліца Прытыцкага (новая вуліца ад вуліцы Карскай да Азёрскай шашы).
Імем Чэчкі назвалі праезд, дзе знаходзіцца генконсульства Польшчы, так вырашылі дэпутаты Горадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў на сэсіі 30 жніўня.
Праезд пралягае праз двор будынка, у якім разьмешчана польскае консульства, з выхадам на вуліцу Будзёнага, піша «Наша ніва». Пры гэтым скразны праезд праз участак адсутнічае, на ўнутранай тэрыторыі будынка ўстаноўлены шлягбаўмы.
Хто такі Чэчка
Жаўнер Эміль Чэчка, паводле інфармацыі беларускіх уладаў і СМІ, уцёк у Беларусь 16 сьнежня 2021 году. Ён папрасіў палітычнага прытулку.
У інтэрвію спачатку на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, а затым і на прэс-канфэрэнцыі расказваў пра масавыя забойствы мігрантаў і валянтэраў польскімі вайскоўцамі, а таксама прызнаваўся, што і сам удзельнічаў у гэтых расстрэлах. Ніякіх доказаў пры гэтым ён не прывёў.
Ён таксама казаў, што падаў заяву ў Гаагскі трыбунал, каб «польскае грамадзтва даведалася праўду аб сытуацыі, якая адбываецца на мяжы».
Заявы Чэчкі аб «масавых забойствах мігрантаў» не пацьвердзіліся.
У Офісе Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН правялі праверку і не знайшлі пахаваньняў мігрантаў на польска-беларускай мяжы, пра якія гаварыў Чэчка.
17 сакавіка стала вядома, што Чэчку знайшлі павешаным у Менску па месцы жыхарства. Праводзілася судова-мэдыцынская экспэртыза для вызначэньня дакладнай прычыны сьмерці.
СК заяўляў, што разглядае ўсе магчымыя вэрсіі здарэньня, у тым ліку гвалтоўны характар сьмерці. Вынікамі праверкі па факце гібелі Чэчкі СК не падзяліўся да гэтага часу. Пахавалі Чэчку ў Беларусі.