Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец імпэрыі паводле Каліноўскага


Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

«Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».

Лістападаўскім прыцемкам 2019 году мы зь сябрам вярталіся з урачыстага пахаваньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні, і сябра сказаў: «Гэта тое, што я ніколі б ня думаў, але пабачыў у жыцьці: распад СССР, незалежнасьць Беларусі і пахаваньне Каліноўскага на дзяржаўным узроўні з мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў. Што там яшчэ можа быць наперадзе? Сыход Лукашэнкі? Нецікава, маштаб ня той».

Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году

Лішне казаць, што падобныя думкі круціліся і ў маёй галаве — пра завяршэньне гісторыі, сьведкам якой табе выпала быць. Але што было потым? Калі не лічыць сусьветнае пандэміі, дык адбыліся беларускі выбух у жніўні 2020-га, масавы тэрор супраць беларусаў, які не спыняецца, уварваньне Расеі ва Ўкраіну... А там далей што? Канец імпэрыі? Выглядае, што мы зь сябрам «пасьмяшылі Бога, расказаўшы яму пра свае пляны».

Між іншым, заўважу, што перад гэтымі падзеямі заўсёды «да канца ня верылася» ў тое, што яны адбудуцца, яны не ўспрымаліся як рэальнасьць, а калі адбываліся, дык заўсёды — як абухом па галаве. Магчыма, таму, што дзеля свайго маштабу яны не ахопліваліся тваім усьведамленьнем. Як вечнасьць, напрыклад.

Людзі ўвогуле дзіўныя істоты — жывуць задам наперад, рачкуюць. Ідуць нібыта наперад, а бачаць толькі тое, што ззаду, што ўжо адбылося. Славутае трэцяе вока на патыліцы, якое б бачыла тое, куды мы ідзем, ніколі не раскрываецца. Але ж вось што зьдзіўляе. Падзеі, якія адбыліся, і якіх мы ніяк не чакалі, і ў часе якіх дзейнічалі нібы пад гіпнозам, складаюцца ў сваю лёгіку і зьвязаныя паміж сабой у нейкім незвычайна хуткім нарастаньні. Быццам імі нехта кіруе.

Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году
Цырымонія пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні, 22 лістапада 2019 году

З чаго ўсё пачалося? Раптам апаўзла Замкавая гара ў Вільні. Паказаліся парэшткі паўстанцаў і першага зь іх — Каліноўскага. Быццам гэта была ягоная воля. Вы пішаце, што месца майго пахаваньня (дакладней, таемнага закапаньня) невядомае, дык я вам, рачкунам, пакажу сам. Гэта быў 2017 год.

У 2019-м тысячы беларусаў са сьцягамі ўдзельнічаюць у пахаваньні герояў, якое Літва зладзіла на найвышэйшым узроўні. І сябра прызнаўся мне, што пабачыў за сваё жыцьцё «ўсё». Праз год гэтае мора сьцягоў выплесьнецца ўжо на статысячных маршах па ўсёй Беларусі. Як тут не падумаць, што і гэта — воля Каліноўскага, яе працяг.

Тэрор у адказ быў яму добра вядомы, бо гэта быў той самы расейскі тэрор, які чарговы раз вынішчаў пасіянарную нацыянальную Беларусь, каб зрабіць з нашай краіны свой пляцдарм для атакі на Кіеў. Хіба ж і гэтага не прадбачыў Каліноўскі, які выйшаў зь зямлі? «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе». Дарэчы, ніхто і ніколі так глыбока і дакладна не сфармуляваў беларускую ідэю свабоды, як ён.

Выходзіць, у Кастуся Каліноўскага ягонае трэцяе вока, якое бачыць наперад, расплюшчанае? І тое, куды ён нас вядзе, а мы ахвотна ідзем за ім, бо слухаем толькі сваё сэрца, гэта той самы наш шлях, наша надзея?

Дык што, скажу я сёньня свайму сябру, хіба давядзецца яшчэ і такую падзею перажыць у сваім жыцьці? Канец імпэрыі. Тое, у што зноў «ня верыцца». Расплюшчы сваё трэцяе вока. І я паспрабую таксама.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG