У зацьвержаным расейскімі уладамі сьпісе ёсьць краіны, у якіх зарэгістраваныя замежныя банкі і іншыя замежныя фінансавыя арганізацыі, якім крэдытныя арганізацыі і іншыя ўдзельнікі фінансавага рынку маюць права даручаць правядзеньне ідэнтыфікацыі кліента. Апошнім можа быць замежны грамадзянін ці замежная юрыдычная асоба, а таксама прадстаўнік такога кліента.
У згаданы пералік уключаны краіны СНД, у тым ліку Беларусь і некалькі іншых дзяржаваў.
У ліпені 2023 году ў Расеі прынялі закон, які спрасьціў іншаземцам доступ да фінансавых паслуг у Расеі.
Згодна з гэтым дакумэнтам, расейскія банкі атрымалі права адкрываць замежным кампаніям і грамадзянам рахункі ў Расеі ў дыстанцыйным фармаце. Для гэтага яны павінны заключыць дамову з замежнай фінансавай арганізацыяй, якая будзе праводзіць ідэнтыфікацыю асобы кліентаў.
Пасьля праходжаньня гэтай працэдуры ахвотныя змогуць адкрыць рахунак або ўклад у расейскім банку без асабістай прысутнасьці.
Навошта гэта патрэбна
У Расеі пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый за вайну ва Ўкраіне не працуюць міжнародныя сыстэмы плацежных картак Visa і Mastercard, у сувязі з гэтым карткі замежных банкаў у Расеі не працуюць, пры паездках у Расею іншаземцам, у тым ліку беларусам, патрэбны карткі расейскіх банкаў.
Міжнародныя плацежныя сыстэмы Visa і Mastercard пакінулі Расе вясной 2022 года. Іх карты, выпушчаныя расейскімі банкамі, перасталі працаваць за мяжой, а эмітаваныя замежнымі банкамі — у Расеі.
У тлумачальнай запісцы да законапраекту гаварылася, што праз спыненьне дзейнасьці ў Расеі Visa і Mastercard замежныя грамадзяне, якія плянуюць паездкі ў Расею ў турыстычных і дзелавых мэтах, а таксама для мэдыцынскага абслугоўваньня, аказаліся адрэзаныя ад расейскай банкаўскай інфраструктуры і ня маюць магчымасьці аплачваць тавары і паслугі сваімі картамі.