Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстрыі на выбарах перамаглі ўльтраправыя. Яны выступаюць супраць мігрантаў і дапамогі Ўкраіне


Партыя свабоды Аўстрыі (FPÖ) сьвяткуе перамогу на выбарах у парлямэнт
Партыя свабоды Аўстрыі (FPÖ) сьвяткуе перамогу на выбарах у парлямэнт

Ультраправыя перамаглі кансэрватараў.

Паводле папярэдніх афіцыйных вынікаў, абвешчаных Міністэрствам унутраных спраў, ультраправая Партыя свабоды Аўстрыі (FPÖ) перамагла на парлямэнцкіх выбарах у Аўстрыі з 29,2% галасоў, піша dpa.

Другое месца з 26,5% галасоў заняла кансэрватыўная Аўстрыйская народная партыя (ÖVP), якая ўзначальвае кааліцыю ў цяперашнім парлямэнце. ÖVP страціла 11% у параўнаньні з выбарамі 2019 году, у той час як FPÖ набрала 13% пасьля адхіленьня ад ураду ў выніку карупцыйнага скандалу 2019 году.

Паводле папярэдніх вынікаў, сацыял-дэмакраты (SPÖ) занялі трэцяе месца па колькасьці галасоў з 21,1% (зьніжэньне на 0,1% ад папярэдніх выбараў). Лібэральная партыя NEOS атрымала 9% галасоў.

«Зялёныя», якія раней былі ва ўрадзе разам з кансэрватарамі, атрымалі толькі 8% галасоў, што на 5,9% менш за вынікі пяцігадовай даўнасьці.

Папярэдні вынік уключае большасьць галасоў, атрыманых па пошце. Астатнія завочныя бюлетэні плянуецца падлічыць да чацьвярга.

Партыя свабоды Аўстрыі (FPÖ) — эўраскептыкі, якія выступаюць супраць дапамогі Ўкраіне ў вайне супраць Расеі. Партыя прыхільная да Масквы, выступае супраць імігрантаў. Прычым выказваецца за спрыяньне ад’езду з краіны грамадзян, не народжаных у Аўстрыі.

Ультраправыя атрымалі перамогу ў Аўстрыі ўпершыню з часоў ІІ усясьветнай вайны.

«Сёньняшнія вынікі не маглі быць больш відавочнымі», — заявіў лідэр партыі Гербэрт Кікль.

У выбарах узялі ўдзел амаль 80% грамадзян, што паказала высокую яўку.

Кікль лічыць прыкладам палітыка прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана. Эўраскептычныя сілы, такім чынам, фармуюцца ў своеасаблівы блёк — Вугоршчына, Славаччына, Аўстрыя. Ва ўсіх гэтых дзяржавах перамаглі партыі, якія востра крытыкуюць Эўразьвяз і яго парадкі, выступаюць супраць мігрантаў і дапамогі Ўкраіне.

FPÖ заснавалі ў 50-х вэтэраны SS і іншых нацысцкіх фармаваньняў. Тады палітычная сіла называлася «Крэпасьць Аўстрыя» і ўжо выступала супраць іміграцыі ў краіну, піша Politico.

Цяпер пытаньне ў тым, ці ўдасца ультраправым сфармаваць кааліцыю. Акрамя таго, прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар ван дэр Бэлен раней быў на чале партыі «Зялёных» і ўжо тады востра супрацьстаяў Кіклю. Аднак цалкам ігнараваць партыю-пераможцу яму ўсё адно ня ўдасца, адзначае выданьне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG