Кандыдат гістарычных навук, экспэрт у краінах Азіі Яўген Красулін аналізуе, чаму праваліліся ранейшыя маштабныя праекты афіцыйнага Менску з Іранам і Вэнэсуэлай, тлумачыць, якім спэцыфічным досьведам можа падзяліцца з рэжымам Лукашэнкі Іран, і расказвае, як краіны-ізгоі могуць узаемна дапамагаць адна адной.
Сьцісла:
- Беларусь, Іран і Вэнэсуэла мала што могуць даць адна адной у эканамічным, вытворчым і тэхналягічным пляне.
- Чаму Іран можа навучыць Менск? «Гандлю» людзьмі.
- Беларускі рэжым будзе пэдаляваць гэтую тэму — пра гандаль палітзьняволенымі.
- Утвараецца пэўная вось зь некаторых дзяржаваў, якія дапамагаюць адна адной у тых праблемах, якія перад імі паўстаюць.
— 16 кастрычніка ў Менск прыляцеў міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Іван Хіль Пінта, 17 кастрычніка зь ім сустрэўся Аляксандар Лукашэнка. 17 кастрычніка, яшчэ перад сустрэчай з кіраўніком МЗС Вэнэсуэлы, Лукашэнка сустрэўся зь першым віцэ-прэзыдэнтам Ірану Магамадам Махбэрам.
Так супала, што ў адзін дзень у Менску пабывалі прадстаўнікі тых краінаў, зь якімі лукашэнкаўская ўлада ў розныя гады спрабавала зладзіць «стратэгічнае» супрацоўніцтва. Але ўсе праекты і мільярды ўзаемнага таваразвароту паступова сышлі амаль у нуль. Чаму гэта адбылося?
— Чаму нічога ў іх не атрымалася — гэта зразумела. Бо такія краіны, як Беларусь, Іран і Вэнэсуэла, мала што могуць даць адна адной у эканамічным, вытворчым і тэхналягічным пляне. Бо ўсе яны праз сваю ўнутраную палітыку апынуліся ў вельмі шчыльнай міжнароднай ізаляцыі. Гэтая ізаляцыя, уласна кажучы, іх і аб’ядноўвае.
Калі год 10–15 таму Беларусь вельмі аптымістычна выходзіла на супрацу з Вэнэсуэлай і Іранам, то тады яшчэ можна было спадзявацца на нейкія эканамічныя вынікі. Але цяпер стала зразумела, што рэжым міжнародных санкцыяў вельмі моцна паўплываў на разьвіцьцё гэтых краінаў.
Так што эканоміку зь ліку асноўных прычынаў для актывізацыі стасункаў з гэтымі краінамі мы выкрэсьліваем. Застаецца палітыка і, магчыма, вайсковая сфэра. Лукашэнка так сёньня і сказаў, што галоўнае — прадэманстраваць нашу еднасьць перад ціскам краінаў Захаду. Таму галоўная мэта — утварыць адзіны фронт краінаў-ізгояў, якія праз сваю дыктатарскую сутнасьць апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі.
— Лукашэнка, сапраўды, казаў, што досьвед Ірану, які даўно жыве пад санкцыямі, «вельмі важны для нас». Што канкрэтна ён можа мець на ўвазе? Можа, Іран навучыць абыходзіць санкцыі? Чым Іран тут можа быць карысны менскаму рэжыму?
— Калі браць эканоміку — то нічым. Іран апынуўся ў катастрафічным эканамічным стане. Летась там былі значныя пратэсты амаль па ўсёй тэрыторыі краіны. І гэта адзін з выбухаў вулькана, які даўно бурліць. Там вельмі цяжка з эканомікай, беднасьць узрастае да пагрозьлівых маштабаў.
Галоўнае ў іранскай эканоміцы — гэта нафта. Але пад санкцыямі знайсьці для яе пакупнікоў ня так і проста, і іранская нафта тут канкуруе з расейскай, у тым ліку на кітайскім рынку.
Але Іран знайшоў свой профіт у іншым — у гандлі людзьмі. Тэгеран вызваліў 5 амэрыканскіх грамадзянаў іранскага паходжаньня. Вашынгтон пагадзіўся размарозіць тыя 6 мільярдаў даляраў, якія захоўваюцца ў Паўднёвай Карэі і мусілі быць выплачаныя Ірану ў лік паставак нафты. То бок гэта іранскія грошы, якія былі замарожаныя. У верасьні гэтага году амэрыканцы пагадзіліся, што гэтыя грошы праз дубайскія банкі будуць выкарыстоўвацца Іранам для атрыманьня харчовых прадуктаў.
І калі адбыўся напад ХАМАС на Ізраіль, то адразу ўзьніклі небеспадстаўныя падазрэньні, што гэтыя грошы пайшлі на падрыхтоўку ХАМАСу. Натуральна, Вашынгтон пачаў даводзіць, што гэтага не магло адбыцца, маўляў, яны не маглі пасьпець, і гэта не наяўныя — але прадстаўнікі іранскага рэжыму ўжо самі заявілі, што грошы былі выкарыстаныя на дапамогу ХАМАСу.
Іран прадэманстраваў магчымасьць гандлю людзьмі. Тое самае зрабіла і Вэнэсуэла, калі вызваліла амэрыканскіх грамадзянаў са сваіх турмаў. І за гэта Вэнэсуэла атрымала пэўныя прэфэрэнцыі ад амэрыканцаў. Так што я прагназую, што і беларускі рэжым будзе пэдаляваць гэтую тэму — пра гандаль палітзьняволенымі.
— Вы таксама ўзгадалі, што на беларуска-іранскіх перамовах можа гучаць і тэма вайсковага супрацоўніцтва. Ці можна прагназаваць, якім чынам?
— Вельмі цікава, што разам зь візытам у Менск іранскага віцэ-прэзыдэнта адбываецца візыт міністра абароны Ірану ў Таджыкістан. А ўжо гучаць абвінавачаньні на адрас Таджыкістану, што там адбываецца вытворчасьць ці зборка бесьпілётнікаў, якія могуць выкарыстоўвацца Расеяй у вайне з Украінай.
Таму ўзьнікаюць думкі, што ўтвараецца пэўная вось зь некаторых дзяржаваў, якія дапамагаюць адна адной у тых праблемах, якія перад імі паўстаюць. Летась Расея дайшла да таго, што выпрошвала снарады для сваёй артылерыі ў Паўночнай Карэі. Так што нельга выключаць варыянт, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у нейкіх працэсах зборкі і вытворчасьці ўзбраеньняў для Расеі.
Але варта заўважыць, што для гэтага патрэбныя электроніка і перадавыя тэхналёгіі, якіх у гэтых дзяржаваў няма. Таму адсутнасьць тэхналёгіяў яны кампэнсуюць маштабамі, замест якасьці — колькасьць.
У любым выпадку, гэта нейкі супольны фронт на міжнароднай арэне, які дазваляе зладзіць ілюзію, што «мы не адны, мы не ізаляваныя, у нас ёсьць сябры». І з гэтымі сябрамі мы, маўляў, можам прапанаваць альтэрнатыву гэтай клятай лібэральнай дэмакратыі.
— Калі ў 2010-я гады маштабны праект беларуска-іранскага супрацоўніцтва фактычна быў згорнуты, то аналітыкі патлумачылі гэта ў тым ліку і тым, што афіцыйны Менск зрабіў стаўку ў рэгіёне не на Іран, а на ягоных канкурэнтаў, суніцкія краіны Пэрсыдзкай затокі — Саудаўскую Арабію, Кувэйт, Катар, ААЭ. Туды былі візыты Лукашэнкі, зь імі пачаў расьці таваразварот. Калі зараз Менск зноў спрабуе актывізаваць адносіны з Іранам, ці не прынясе яму гэта праблемы ў стасунках з арабскімі манархіямі?
— Я думаю, Лукашэнка проста ня мае ўяўленьня пра тыя складанасьці, якія існуюць у рэгіёне. Паміж сунітамі і шыітамі (Іран) варожасьць, магчыма, ня меншая, чым паміж мусульманамі і юдэямі. Саудаўская Арабія яшчэ пару тыдняў таму стаяла на мяжы заключэньня з Ізраілем дамовы аб бясьпецы. У такім варыянце Іран будзе ў куды большай ізаляцыі, чым цяпер. Таму многія экспэрты і схіляюцца да таго, што апэрацыя ХАМАСу супраць Ізраілю і была накіраваная на тое, каб сарваць (альбо хаця б адцягнуць) нармалізацыю адносінаў паміж Ізраілем і саўдытамі.