Аляксандар Лукашэнка заклікаў Іран да больш актыўнай супрацы ва ўмовах міжнародных санкцый супраць абедзьвюх краін і параўнаў сытуацыю ў Беларусі з сытуацыяй у Іране.
«Вы ведаеце сытуацыю, у якой знаходзіцца Беларусь. Гэта прыкладна тая ж сытуацыя, у якой знаходзіцеся вы. Ціск, які чыніцца на нашы дзяржавы, беспрэцэдэнтны. Але вы навучыліся ўжо гэтаму ў нейкай ступені супрацьстаяць. І ваш досьвед для нас вельмі важны», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА па выніках сустрэчы зь першым віцэ-прэзыдэнтам Ірану Махамадам Махбэрам.
У той жа час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што галоўнае для бакоў час, а «ня санкцыі і ціск». «Час марнаваць у выніку бюракратычных перашкод ні ў які разе нельга», — заклікаў ён.
«Тым больш што абстаноўка ў сьвеце распальваецца. Блізкаўсходні крызіс садзейнічае таму, што нядружалюбныя нам краіны — ЗША і Захад — стала накіроўваюць вастрыё гэтага канфлікту супраць Ірану. Вы гэта адчуваеце лепш. Наш адказ адзін: мы павінны больш шчыльна працаваць адзін з адным, каб супрацьстаяць гэтым выпадам», — працытаваў Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул Первого».
Па сутнасьці, гэтыя выказваньні Лукашэнкі аб «блізкаўсходнім крызісе» сталі першай ягонай рэакцыяй праз 10 дзён пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль.
На сустрэчы зь міністрам замежных спраў Вэнэсуэлы Іванам Хілем Пінта Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці правесьці рэвізію накірункаў супрацы, якія былі вызначаныя яшчэ ў час прэзыдэнцтва Ўга Чавэса.
«Трэба адназначна вызначыцца, што мы павінны і можам зрабіць для Вэнэсуэлы, а што Вэнэсуэла павінна зрабіць у дачыненьні да Беларусі. Распрацаваць адпаведны плян, дарожную мапу нашых дзеяньняў на бліжэйшую і доўгатэрміновую пэрспэктыву. Калі ў гэтую схему супрацы давядзецца ўключыць іншыя дзяржавы, скажам, Кубу, мы згодныя», — заявіў Лукашэнка.