Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкерная нафта з Каракаса, няскончаныя іранскія праекты ў Менску. Што вядома пра эканамічныя сувязі Беларусі з Іранам і Вэнэсуэлай


Дзяржаўныя сьцягі Ірана, Вэнэсуэлы і Беларусі, каляж
Дзяржаўныя сьцягі Ірана, Вэнэсуэлы і Беларусі, каляж

Беларускія чыноўнікі ў 2023 годзе спрабуюць ажывіць старыя адносіны з двума саюзьнікамі, зь якімі сябравалі пры іх мінулых кіраўніках.

На тле новых сустрэч з іранскімі і вэнэсуэльскімі палітыкамі беларускі ўрад спрабуе дамовіцца пра новыя шляхі супрацоўніцтва, найперш эканамічнага.

Калі 16 кастрычніка ў Менск прыляцеў міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Іван Хіль Пінта, кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік намякнуў пра пашырэньне адносін.

«Упэўнены, што ваш візыт паслужыць далейшаму ўмацаваньню і пашырэньню ўсяго комплексу нашых адносін, якія характарызуюцца вельмі моцнай сувязьзю дружбы, узаемаразуменьня і даверу», — сказаў Алейнік.

З Хілем 17 кастрычніка сустрэўся і Аляксандар Лукашэнка.

Таваразварот з Вэнэсуэлай

Пагадненьне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ўрады дзьвюх краін падпісалі яшчэ ў 2007 годзе. За апошнія пяць гадоў самым плённым у таваразвароце аказаўся 2017-ы, тады ён склаў 10,3 млн даляраў. Ужо ў 2018-м ён абваліўся да 2,24 млн, а ў 2019-м склаў толькі 0,43 млн. У «каранавірусны» 2020-ы таваразварот вырас да 1,27 млн, а налета да 2,03 млн.

Экспарт пры гэтым заўсёды перавышаў імпарт: так, напрыклад, Беларусь у 2017-м экспартавала ў Вэнэсуэлу тавараў на 10 млн даляраў, а з Паўднёвай Амэрыкі тавараў прыслалі ўсяго на 300 тысяч даляраў. Зь Беларусі ў тыя гады адпраўляліся цэлыя будаўнічыя брыгады і прадстаўнікі іншых прафэсій, заключаліся кантракты на некалькі гадоў.

Паводле інфармацыі пасольства Беларусі ў Вэнэсуэле, у 2021 годзе адбылася істотная дывэрсыфікацыі экспарту, папярэднія 7 таварных групаў пашырылі да 22. Пастаўкай беларускіх тавараў у Вэнэсуэлу па стане на той год займаліся 8 кампаній.

Наогул жа самым плённым годам у эканамічных адносінах стаў 2009 год. Тады імпарт склаў 1 млрд 100 млн даляраў. Але абвал наступіў ужо на наступны год, і з 2011 году імпарт з Вэнэсуэлы складае 0 даляраў.

Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка, Каракас, 26 чэрвеня 2012
Уга Чавэс і Аляксандар Лукашэнка, Каракас, 26 чэрвеня 2012

У сакавіку 2013 году Уга Чавэс памёр, пасьля гэтага пачынаецца падзеньне экспарту зь Беларусі ў Вэнэсуэлу. З 244,4 мільёна за год у 2012-м да 2 мільёнаў у 2016 годзе — а гэта ў 122 разы менш. У 2017 годзе экспарт падняўся да 10 мільёнаў даляраў за год, але і блізка не сягнуў тых паказьнікаў, якія былі раней.

Найбольш вядомая старонка адносін паміж краінамі — спроба Беларусі атрымаць пастаўкі вэнэсуэльскай нафты на пачатку 2010‑х гадоў. Пасьля скарачэньня паставак расейскай нафты ў 2010 годзе Менск пачаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

Тагачасны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс тады абяцаў Аляксандру Лукашэнку паставіць 4 млн тон нафты ў 2010 годзе і 10 млн тон — у 2011‑м. Нафту для Мазырскага НПЗ пастаўлялі танкерамі праз порт Адэсы, а далей па ўкраінскай нафтаправоднай сыстэме. Для НПЗ у Наваполацку сыравіна дастаўлялася танкерамі ў эстонскі порт Мууга, далей накіроўвалася па чыгунцы.

1 ліпеня 2012 году Беларусь спыніла імпарт нафты з Вэнэсуэлы. Уладзімер Сямашка, які на той момант займаў пасаду першага намесьніка прэм’ер-міністра, заявіў журналістам, што Менску «таньней нафту купляць у Расеі». Характарызуючы праект у цэлым, чыноўнік заявіў, што «гэта была сяброўская дапамога, у пэўны момант пастаўкі былі выгадныя».

Увесну 2023 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, вэнэсуэльскае выданьне Armando.Info і Цэнтар расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) выпусьцілі матэрыял, у якім сьцьвярджалася, што Беларусь дагэтуль не аддала Вэнэсуэле каля 1,5 млрд даляраў за нафту, купленую ў 2010‑х гадах.

Таваразварот з Іранам

17 кастрычніка, яшчэ перад сустрэчай з кіраўніком МЗС Вэнэсуэлы Хілем, Лукашэнка сустрэўся зь першым віцэ-прэзыдэнтам Ірану Магамадам Махбэрам. Іранскі палітык наведаў Беларусь з двухдзённым візытам на запрашэньне прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі.

Першы віцэ-прэзыдэнт Ірану паведаміў, што на перамовах будзе абмяркоўвацца «палітыка ў барацьбе з аднабаковымі санкцыямі Захаду» адносна Тэгерану і Менску.

Лукашэнка наведваў Іран 12–13 сакавіка. Па выніках перамоваў была падпісаная «дарожная мапа» на 2023–2026 гады, якая прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сфэрах, а таксама ў сфэры адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.

У 2024 годзе чакаецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Ірану Эбраіма Раісі.

Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, якія падае пасольства Беларусі ў Тэгеране, самым плённым у двухбаковых эканамічных дачыненьнях дзяржаў стаў 2017 год. Тады таваразварот перавысіў 150 млн даляраў, а беларускі экспарт — 70 млн. У тым жа годзе быў і найбольшы за ўвесь час імпарт — 80 млн даляраў.

Наступныя гады адзначыліся падзеньнем узаемнага таваразвароту, краіны пакуль так і не вярнуліся да паказьнікаў ня толькі 2017-а, але і 2015 (таваразварот 70 млн, экспарт каля 60 млн) і 2016 (таваразварот 55 млн, экспарт каля 50 млн) гадоў.

У 2017 і 2021 гадах беларускі імпарт з Ірану перавышаў экспарт у гэтую краіну.

Іран пастаўляе ў Беларусь у асноўным садавіну, сухую садавіну, гарэхі, лекі.

Беларусь прадае ў Іран прадукцыю дрэваапрацоўкі, грузавыя аўтамабілі, мэдычную тэхніку, рухавікі, паперу.

Росквіт у беларуска-іранскіх палітычных адносінах прыпаў на пэрыяд кіраваньня прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэжада (2005–2013 гг.). Лукашэнка наведаў Тэгеран у 1998 і 2006 гадах; іранскі прэзыдэнт быў зь візытамі ў Беларусі ў 2004 і 2007 гг. Гэта мела ўплыў і на эканоміку.

Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі і Аляксандар Лукашэнка, Тэгеран, 13 сакавіка 2023
Прэзыдэнт Ірану Эбрахім Раісі і Аляксандар Лукашэнка, Тэгеран, 13 сакавіка 2023

Іран шмат гадоў жыве ва ўмовах жорсткага санкцыйнага рэжыму. Больш жорсткага, чым той, у якім цяпер апынулася Беларусь. Прычына — другасныя санкцыі. І Беларусь асьцерагалася ісьці на актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з Іранам, бо была рызыка трапіць пад другасныя заходнія санкцыі. Гэта і абумовіла пэўны «адыход» ад свайго саюзьніка, падзеньне паказьнікаў. Аднак цяперашняе ўзмацненьне ізаляцыі Рэспублікі Беларусь спрыяе новым пашыраным кантактам з Іранам.

Пры гэтым раней аналітыкі зазначалі, што шчыльныя адносіны Менску з Тэгеранам могуць вельмі не спадабацца Аб’яднаным Арабскім Эміратам, зь якімі Лукашэнка мае эканамічныя зносіны. У Абу-Дабі даўно вельмі няпростыя адносіны з Іранам.

Калі вярнуцца да эканамічных паказьнікаў, то экспарт зь Беларусі ў Іран за 2021 год склаў 14 мільёнаў даляраў, за дзесяць гадоў адбылося падзеньне ў 9 разоў. З Ірану Беларусь за той год імпартавала тавараў на 19,3 мільёна даляраў.

Аб’ёмы таваразвароту Беларусі і Ірану ў агульнай статыстыцы гандлю зусім не вялікія. Напрыклад, беларускі экспарт у суседнюю Літву за 2021 год быў у 18 разоў большы. І гэта пры тым, што ўжо на той год афіцыйная Вільня далучылася да санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі.

Таксама ірана-беларускія адносіны адзначыліся некалькімі правальнымі сумеснымі праектамі. У 2007 годзе Беларусь вырашыла заняцца здабычай нафты ў Іране. Паводле дамоўленасьці, «Беларуснафта» мелася распрацоўваць іранскае радовішча Джуфэйр. Штогод на ім плянавалі здабываць 1,3 мільёна тон нафты. У 2010 годзе на адкрыцьцё радовішча нават меўся прыехаць Лукашэнка, але гэтага не адбылося. У 2011 годзе «Беларуснафта» выйшла з праекту, прычын беларускі бок так не назваў.

З іранскага боку былі ажно чатыры буйныя правальныя праекты ў беларускай сталіцы:

  • комплекс «Магніт Менску» каля Нацыянальнай бібліятэкі;
  • гатэль каля Нямігі;
  • шматфункцыянальны комплекс на месцы Чэрвеньскага рынку;
  • зборка аўтамабіляў Samand.

У выніку ўсе праекты згарнулі, нічога зь іх не давялі да канца, калі не лічыць аўтамабілі. Зь імі адбылася сытуацыя нізкага попыту, іх не куплялі, нягледзячы на запуск адміністрацыйнага рэсурсу.

У жніўні 2023 у Менску адкрылі салён іншай маркі іранскіх аўтамабіляў — Saipa. Адбылося гэта на тле праблем з перавозкай аўта з Эўропы. Аднак пакуль сьцьвярджаць пра нейкі посьпех гэтага праекту зарана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG