Удакладняецца, што іранскі палітык наведае Беларусь на запрашэньне прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, візыт працягнецца адзін дзень, піша «Позірк».
Паводле намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ірану ў палітычных пытаньнях Магамада Джамшыдзі, Махбэр сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, Галоўчанкам і старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімерам Андрэйчанкам.
Джамшыдзі адзначыў, што двухбаковыя сустрэчы прэзыдэнта Ірану Эбрахіма Раісі і Лукашэнкі, а таксама візыт апошняга ў Тэгеран у сакавіку 2023 году «забясьпечваюць падтрымку дзьвюх краін у разьвіцьці эканамічных адносінаў».
Акрамя гэтага, дадаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ірану, на перамовах будзе абмяркоўвацца «палітыка ў барацьбе з аднабаковымі санкцыямі Захаду» адносна Тэгерану і Менску.
Лукашэнка наведваў Іран 12–13 сакавіка. Па выніках перамоваў была падпісаная «дарожная мапа» на 2023–2026 гады, якая прадугледжвае ўсебаковае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, консульскай, навукова-тэхнічнай сфэрах, а таксама ў сфэры адукацыі, культуры, мастацтва, СМІ і турызму.
У 2024 годзе чакаецца візыт у Беларусь прэзыдэнта Ірану Раісі.
Іран — саюзьнік Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, пастаўшчык бесьпілётных лятальных апаратаў «Шагед». Таксама афіцыйны Тэгеран падтрымаў напад на Ізраіль палестынскай групоўкі ХАМАС. Лукашэнка апошнія падзеі на Блізкім Усходзе не камэнтуе.