Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Расейцы не чакалі ад нас такой пазыцыі». Гісторыі здабыткаў і стратаў беларускага бізнэсу за мяжой


Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой і Міністэрства гандлю ЗША падпісалі дарожную мапу інстытуцыйнага супрацоўніцтва. 20 верасьня 2023
Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой і Міністэрства гандлю ЗША падпісалі дарожную мапу інстытуцыйнага супрацоўніцтва. 20 верасьня 2023

Форум, арганізаваны Асацыяцыяй беларускага бізнэсу за мяжой, прайшоў у Варшаве 20 верасьня.

Аляксандар Куўшынаў: «Gurtam» азначае «разам»

Аляксандар Куўшынаў працуе ў кампаніі Gurtam, ён дырэктар падразьдзяленьня Wialon (Head of Wialon at Gurtam) у Літве, якое распрацавала сыстэму спадарожнікавага маніторынгу для бізнэсу. Дарэчы, многія беларусы памятаюць яго як айцішніка на ровары, якога затрымалі ў ліпені 2020-га, калі ён ехаў падаваць скаргу ў ЦВК.

Аляксандар Куўшынаў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксандар Куўшынаў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

Gurtam ‒ распрацоўнік тэматычных і IoT (Internet of things) рашэньняў. У аўтамабіль усталёўваецца адмысловая прылада, якая на сэрвэр у інтэрнэце скідае разнастайную карысную інфармацыю: дзе знаходзіцца аўта, які вязе груз, тэмпэратуру, вьльготнасьць — усё гэта можна бачыць на кампутары. Гэтыя распрацоўкі штодня спрашчаюць бізнэс абсалютна розных кампаній: ад сэрвісаў па дастаўцы ежы і таксі да нафтавых карпарацый і сакрэтных спэцслужбаў.

Падчас прэзэнтацыі на варшаўскім бізнэс-форуме Аляксандар прыгадаў, як яго ў красавіку 2019-га не дапусьцілі на сустрэчу з Лукашэнкам, які наведваў Парк высокіх тэхналёгій. А Куўшынаў рыхтаваўся, каб дасьціпна давесьці, як кожны дырэктар саўгаса з дапамогай простай прылады можа прасачыць, дзе знаходзіцца кіроўца, ці не павёз «налева» груз альбо цешчу на рынак. Але служба бясьпекі прэзыдэнта, мабыць, даведалася пра «суткі» Куўшынава ў 2006-м і 2010-м і не дапусьціла яго да першай асобы.

Аляксандар Куўшынаў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксандар Куўшынаў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

У верасьні 2020-га, пасьля затрыманьня брата, мэнэджара кампаніі PandaDoc Віктара Куўшынава, а таксама сюжэту на БТ, Аляксандар выехаў праз Турэччыну і Ўкраіну ў Літву. Раней у Коўне быў маленькі офіс кампаніі, да таго ж, на думку Аляксандра, Літве стварыла для айцішнікаў-рэлякантаў спрыяльныя і празрыстыя ўмовы.

Абарот кампаніі Gurtam — больш за 20 мільёнаў эўра ў год

Кампанія мае офісы ў Вільні, Бостане, Дубаі, Буэнос-Айрасе, Тбілісі.

«Зараз у нас працуе больш за 300 чалавек. У нас ёсьць партнэры ў амаль 150 краінах сьвету, дзе выкарыстоўваюць наш беларускі софт. Агулам абарот кампаніі складае больш за 20 мільёнаў эўра за год», — расказаў ён.

У сакавіку 2022 году, з пачаткам вайны ва Ўкраіне, Gurtam закрыў свой офіс у Маскве і спыніў продаж прадуктаў у Расею. Натуральна, кампанія шмат страціла.

«Рэакцыя расейцаў была нэгатыўная, бо мы прычынілі ім шмат цяжкасьцяў у бізнэсе. Па-другое, мы праявілі пазыцыю, якой яны не чакалі ад нас. Але і яны аказаліся больш „ватнымі“, чым мы думалі. Мы працавалі з сотнямі расейскіх кампаній 15 гадоў, будавалі кам’юніці, яны прыяжджалі ў Беларусь, мы прыяжджалі ў Расею. Ніякіх новых кантрактаў мы не падпісваем. Нашы страты вымяраюцца сотнямі тысяч эўра ад скасаваньня стасункаў з Расеяй.

Адначасова мы зрабілі ўсё бясплатным для Ўкраіны. Сумарна больш за 2 мільёны эўра інвэставалі ва Ўкраіну», — з гонарам кажа Аляксандар Куўшынаў.

Ён пералічыў і асноўныя прынцыпы кампаніі.

  • Першы — супрацоўнікі не павінны забывацца пра свае беларускія карані, спадчыну. Таму ў прыярытэце падтрымка беларускіх імпрэзаў, супольнасьцяў.
  • Другі — транспарэнтнасьць, празрыстасьць. Каб супрацоўнікі разумелі, прымалі ўсе ключавыя рашэньні, тады атмасфэра даверу перадаецца і партнэрам. Уся статыстыка бізнэсу даступная на сайце

«Ганарымся быць беларускім бізнэсам. „Гуртам“ азначае, што мы разам», — падкрэсьлівае Куўшынаў.

  • Трэці прынцып — супольнасьць. Wialon — самае буйное аб’яднаньне прафэсіяналаў тэлематычнай і IoT-галіны. Яно налічвае больш за 2500 кампаній-партнэраў, 700 вытворцаў абсталяваньня, сотні распрацоўнікаў рашэньняў з амаль 150 краін.

«Нашы замежныя партнэры вучаць патроху беларускую мову. У Інданэзіі разам зь імі на вяршыні гары мы паднялі бел-чырвона-белы сьцяг», — расказаў Аляксандар Куўшынаў.

У Беларусі быў «Чысты кіт», у Польшчы — «CleanWhale»

Кампанія «Чысты кіт», якую ў 2016 годзе заснаваў былы маладафронтавец Іван Шыла з братам Ільлём, вядомая цяпер у некалькіх краінах Эўропы, мае філіялы ў Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі.

Да 2020 году «Чысты кіт» працаваў у Беларусі. У 2020-м мелі 150 тысяч рублёў выручкі, працавалі 120 клінэраў, 7 мэнэджараў. Пасьля аднаго з маршаў Іван трапіў на Акрэсьціна, адседзеў 6 сутак. Вырашыў згортваць бізнэс і ехаць у Польшчу.

Лічбы росту кампаніі «CleanWhale»
Лічбы росту кампаніі «CleanWhale»

Беларускую назву проста пераклалі на ангельскую мову Сталі называцца «CleanWhale». Спачатку наладзілі працу ў Варшаве, потым у Кракаве. Займаліся гэтым самі браты Шылы — Іван і Ільля. Потым да іх далучыўся яшчэ адзін беларус, Аляксандар Лукашоў.

Каб пачаць працу ў сталіцы Польшчы, патрацілі 15 тысяч эўра, у Кракаве — 4 тысячы. Сродкі пайшлі ў асноўным на рэкляму ў інтэрнэце. Летам 2021 года пачалі зарабляць. Кліенты — палякі, беларусы. Клінэры ў асноўным беларусы, украінцы, малдаване, грузіны. Фіксаванага заробку няма, бяры заказы сам. Добры клінэр у месяц можа зарабіць да 4-4,5 тысячы злотых. З кадрамі праблем няма — ахвотнікаў працаваць шмат.

Летась «CleanWhale» «прыплыў» у Бэрлін, крыху пазьней — у Прагу, расказаў кіроўны партнэр кампаніі Аляксандар Лукашоў.

Аляксандар Лукашоў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксандар Лукашоў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

«Я далучыўся да кампаніі ў 2020 годзе. Наступны год быў даволі кепскі праз ковіду, давялося пераадолець шмат выклікаў. Але паступова пачалі пашырацца.

Зараз „CleanWhale“ прысутнічае ў многіх буйных гарадах Польшчы — Варшаве, Кракаве, Уроцлаве, іншых. Рост ёсьць ва ўсіх вялікіх гарадах Польшчы, акрамя Катавіц», — расказвае кіроўны мэнэджар.

За 3 кварталы 2023 году выканана 80 тысяч заказаў, летась было толькі 15 тысяч. Заробкі ў клінэраў большыя за 3 тысячы злотых«, — кажа Аляксандар Лукашоў.

Пляны кампаніі «CleanWhale»
Пляны кампаніі «CleanWhale»

Зараз «Чысты кіт» знаходзіцца на ростанях, аналізуе плюсы і мінусы сваёй працы. З аднаго боку, зьяўляюцца новыя рынкі, адбываецца пашырэньне паслуг. Добрыя фінансавыя паказчыкі — гэта плюс, але мінус — выгараньне супрацоўнікаў.

У плянах усё ж засваеньне новых рынкаў, больш разнастайны сэрвіс. Другі крок — франшызы, продаж «ноў-хаў», навучаньне і настаўніцтва. Трэці крок — праграмнае забесьпячэньне і веды, аўтаматызацыя, каб спрасьціць патэнцыйным кліентам задачы.

Аляксандар Лукашоў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксандар Лукашоў, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

«Усе гады мы стваралі карысныя аплікацыі, якія дапамагаюць кліентам. Да прыкладу, плятформа новага пакаленьня market place — плятформа чысьціні дамоў. Усе праграмы даволі простыя ў карыстаньні. Да таго ж наша праграмнае забесьпячэньне можа выкарыстоўвацца іншымі бізнэсамі: салёнамі прыгажосьці, стаматалягічнымі лякарнямі», — расказаў кіроўны партнэр кампаніі «CleanWhale» Аляксандар Лукашоў.

«АйЦіБарада»: стаў сьвядомым беларусам, страціўшы 200 тысяч падпісчыкаў

Аляксей Картыньнік — блогер, спэцыяліст па сувязях з распрацоўнікамі, праграміст. Больш вядомы як «АйЦіБарада» — зорка айцішнага сэгмэнту расейскамоўнага ютубу.

Аляксей Картыньнік, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксей Картыньнік, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

«АйЦіБарада» шчыра прызнаўся, што ў яго няма гісторыі посьпеху, і расказаў уласную гісторыю таго, як стаў сапраўдным беларусам. І як беларускасьць дапамагла яму «не памерці мэнтальна».

«На мяне раптам зваліліся і слава, і вялікія грошы»

Аляксей Картыньнік родам зь Петрыкава, дзяцінства яго прайшло ў Ракаве, дзе былі ўзорныя народныя танцавальныя калектывы, хор «Вянок», беларускамоўная школа. «Хлопец зь дзярэўні» (як ён сам сябе называе) марыў трапіць у сталіцу.

Паступіў у Ліцэй БДУ, пасьля — на фізфак БДУ. Яшчэ ва ўнівэрсытэце захапіўся праграмаваньнем. Распачаў бізнэс — зрабіў канал «АйЦіБарада», слоган якога: «Жыцьцё айцішнікаў знутры, без усялякай цэнзуры, цэтлікаў і лішняга п...».

«Канал быў пра „айцішку“. Зусім нечакана ён стаў самым папулярным расейскамоўным каналам пра ІТ. На мяне раптам зваліліся і слава, і вялікія грошы. Я адкрыў ІП, шмат зарабляў. Усё было добра: ты такі круты блогер!

Настаў 2020 год. Я пайшоў у назіральнікі, бо многія мае сябры-праграмісты туды пайшлі. І я зразумеў, што папраўдзе жыцьцё не такое каляровае і бесклапотнае: цябе могуць забраць у міліцыю, таму што пужаеш сваёй барадой дзяцей на выбарчым участку, у цябе можа прыляцець гумавая куля, людзей могуць проста разагнаць вадамётам і пасадзіць на Акрэсьціна.

І ўсё адно да беларускасьці было яшчэ далёка. Я проста станавіўся актыўным грамадзянінам. Пакуль у 2021-м да мяне не прыйшлі з вобшукам », — успамінае «АйЦіБарада».

«Аказалася, што 60% маёй аўдыторыі падтрымліваюць вайну»

Цягам некалькіх гадзін Аляксей сабраўся і выехаў спачатку ў Расею, а потым ва Ўкраіну. Прайшло 5 месяцаў, толькі-толькі пачаў уладкоўвацца, як настала 24 лютага. Жыў непадалёку ад Гастомеля, трапляў пад бамбаваньні і перастрэлкі. Выехаў у Польшчу.

Аляксей Картыньнік, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023
Аляксей Картыньнік, Беларускі бізнэс-форум у Варшаве, 20 верасьня 2023

«І я зразумеў, што раблю штосьці ня тое — я папулярызую расейскамоўную прастору. Хто я такі? Прыйшло дастаткова цяжкае пераасэнсаваньне. Мяне ведаюць як расейскамоўнага блогера, 60% аўдыторыі — расейцы. Ніхто ня ведае, што я беларус. І наступіў момант, калі я зламаўся. У мяне шмат сяброў, якія ваююць за Ўкраіну. Я не хацеў быць расейцам, але я ня мог быць украінцам, нягледзячы на тое, што я вельмі падтрымліваю Ўкраіну. Кім мне быць?» — узгадвае Аляксей.

Некаторыя ягоныя сябры таксама задаліся гэтым пытаньнем і пайшлі да псыхолягаў, але ў яго самога было складанае стаўленьне да псыхолягаў. Трэба было штосьці рабіць, таму што адчуў, што «зламаўся».

«Каб вы разумелі: на канале „АйЦіБарада“ я пачаў расказваць на расейскамоўную аўдыторыю, што вайна — гэта дрэнна. І прыкладна 30% аўдыторыі — 100 тысяч падпісантаў — адваліліся. Яшчэ 100 тысяч пісалі, што я „ёлупень“. Аказалася, што 60% маёй аўдыторыі падтрымліваюць вайну. Псыхалягічна было складана — ты цалкам страціў канэкт з гэтай аўдыторыяй!

Настаў той час, калі можна „дастаць з палічкі шафы“ сваю беларускасьць. Я вырашыў зрабіць новы канал з падкастамі „Цёмны лёс“ , які расказвае, чым займаюцца беларусы. Гэты канал больш для навуковага асяродзьдзя. Але цягам некалькіх месяцаў ён зрабіў вельмі вялікі псыхалягічны ўнёсак у маё станаўленьне», — прызнаецца Аляксей.

«Мы прыстасоўваемся дзеля таго, каб ня страціць беларускасьць»

Пасьля запуску каналу зьявілася суполка беларускіх блогераў, дзе ўжо каля 50 чалавек, якія апавядаюць аб навуцы, аб прасоўваньні падкастаў, літаратурным вымаўленьні, вядуць трэвэл-блогі. Зьявіліся беларускамоўныя твітэр і тыкток.

Сам Аляксей стаў папулярызаваць штучны інтэлект па-беларуску.

«Я зрабіў некалькі чатырохгадзінных выступаў офлайн. А потым запісаў 4 гадзіны на ютуб. 9 тысяч беларусаў праглядзелі 4 гадзіны пра штучны інтэлект! Ваў! ІТ-нацыя, крута!

Уся гэта гісторыя пра тое, што я зразумеў, хто такія беларусы. Беларус беларусу беларус.

Некалькі сяброў мне сказалі, што „ў нас з вамі ёсьць звышмагутнасьць: яна ў тым, што мы вельмі добра асымілюем“. А я перакананы, што ня ў гэтым наша звышмагутнасьць: мы вельмі добра ўмеем прыстасоўвацца ў абставінах, калі нам перашкаджае ўсё, што можа перашкаджаць. І я ўпэўнены, што мы прыстасоўваемся дзеля таго, каб ня страціць беларускасьць, каб перадаць нашу спадчыну нашым дзецям, нашым родным. Так што не губляйце вашай беларускасьці. Будзьце беларусамі!» — завершыў сваю гісторыю «АйЦіБарада» Аляксей Картыньнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG