Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя першыя пераможцы конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі». Расказваем, хто перамог і што атрымае


Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, Польшча. 11 траўня 2023
Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, Польшча. 11 траўня 2023

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) падвяла вынікі першага конкурсу Free Belarus Business Award. Назвалі пераможцаў у пяці намінацыях.

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў Free Belarus Business Award прайшла ў адной з заляў Варшаўскай фондавай біржы. У гэтым будынку ў часы Польскай Народнай Рэспублікі месьціўся ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, аналягу КПСС.

«Думалі, дзясятак, ну два. А тут больш за 70 кампаній»

Агулам на конкурс Free Belarus Business Award («Бізнэс вольнай Беларусі»), які фінансуецца Эўразьвязам, заяўкі падалі звыш 70 кампаній зь беларускімі каранямі, зарэгістраваныя ў 12 краінах сьвету. Сфэры самыя розныя: будаўніцтва, клірынг, лягістыка, мэдыцына, навучаньне, раздробны гандаль, клюбы, кавярні. Конкурс праходзіў у некалькі тураў, ацэньвала яго міжнароднае журы, якое працавала бясплатна: экспэрты ў сфэры інвэстыцый, эканамічнага разьвіцьця і інавацый. У фінал выйшлі 12 бізнэсаў.

Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 12 траўня 2023
Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 12 траўня 2023

Старшыня аргкамітэту конкурсу Марына Гірын прызнаецца: асацыяцыя не чакала, што адгукнецца столькі беларускіх кампаній.

«Думалі, дзясятак, ну два. А тут больш за 70 кампаній! У конкурс паверыла мая каманда, нас падтрымаў Эўразьвяз. Усяго мы правядзём 4 конкурсы. Гэта першы, які быў абвешчаны ў лютым, і мы цяпер падводзім яго вынікі. Другі конкурс правядзём сёлета ўвосень, трэці і чацьвёрты — у 2024 годзе», — расказала Марына Гірын.

Марына Гірын і пераможца ў намінацыі «Індывідуальны бізнэс» Вольга Цітова
Марына Гірын і пераможца ў намінацыі «Індывідуальны бізнэс» Вольга Цітова

Пераможцы — анімацыйная міні-студыя, плятформа тэлемэдыцыны, кветкавая інтэрнэт-крама, кавярня, клінінгавая кампанія

Агульны прызавы фонд на першы конкурс складае 25 тысяч эўра, яго падзялілі на пяць пераможцаў конкурсу. Яшчэ аднаго пераможцу вызначылі фонд «Новая Беларусь» і Павал Лібэр.

Пераможцамі конкурсу ў розных намінацыях сталі:

  • Малады бізнэс: плятформа тэлемэдыцыны для дзяцей з ADHD (сындромам дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці) PigPug Health зь Вільні.
  • Індывідуальны бізнэс: студыя анімацыі KAPI animation GbR і яе кіраўніца Вольга Цітова.
  • Патэнцыял маштабнасьці: крама кветак «Roses.EE» з Эстоніі.
  • Міжнародныя амбіцыі: клінінгавая кампанія «Чысты Кіт».
  • Рэпрэзэнтацыя Беларусі — кавярня і арт-пляцоўка Klubokawiarnia MY з Познані.

Спэцыяльны прыз ад Паўла Лібэра, сэртыфікат на тэхнічную падтрымку, атрымаў касмэталягічны сэрвіс Atelie Royal.

Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 11 траўня 2023
Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 11 траўня 2023

«За мяжой можна шмат чаго рабіць, але хацелася б рабіць гэта ў нашай краіне»

Беларуска Анастасія Валасевіч расказала, як яе каманда адкрыла ў Познані спачатку проста кавярню, але потым канцэпцыя памянялася.

«Кавярня стала сапраўдным домам і клюбам для суайчыньнікаў: там праводзяцца выставы, канцэрты, дыскусіі. Калі пісала заяўку, зразумела, які аб’ём працы зрабілі. Будзем далей працаваць для беларусаў», — запэўніла Анастасія Валасевіч.

Кампанія «Чысты кіт», якую ў Беларусі ў 2016 годзе заснаваў былы маладафронтавец Іван Шыла з братам Ільлём, вядомая цяпер у некалькіх краінах Эўропы, дзе мае філіялы.

Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 11 траўня 2023
Конкурс Free Belarus Business Award, вынікі конкурсу «Бізнэс вольнай Беларусі» ў Варшаве, 11 траўня 2023

Беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які ўручаў узнагароду «Чыстаму кіту», адзначыў, што для беларускіх кампаній цяпер важныя дзьве рэчы: выйсьці на міжнародныя рынкі і застацца беларусамі, захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць, каб падтрымаць беларускую справу.

«За мяжой шмат чаго можна рабіць, але хацелася б рабіць гэта ў нашай краіне. І мы спадзяёмся, што неўзабаве настане час, калі назоў асацыяцыі АВВА скароціцца на апошняе слова „abroad“ — „за мяжой“», — кажа Віталь Самсонаў.

Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры
Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры

Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры падкрэсьліў, што гэты конкурс — адзін з крокаў, каб наблізіцца да місіі асацыяцыі — «ганарыцца быць беларускім бізнэсам».

«Сумленныя беларусы маюць патрэбу ў падтрымцы. Многія былі рэпрэсаваныя, вымушаныя выехаць з краіны. Казаць, што нас дыскрымінуюць — адно. Але патрэбен пазытыўны парадак дня.

І мы зрабілі гэты конкурс, каб сапраўды дапамагчы і падтрымаць беларускіх бізнэсоўцаў. Таксама гэта яшчэ і магчымасьць для ўдзельнікаў абмяняцца досьведам», — кажа Яўген Буры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG