Вынікі апытаньня прадставіла 20 верасьня на III беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве дасьледчыца ЦНІ Лізавета Язьневіч, піша BPN.
Як расказаў падчас III Беларускага бізнэс-форуму ў Варшаве віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Серж Наўродзкі, сёньня толькі ў Эўразьвязе дзейнічае сама меней 7 тысяч кампаній зь беларускімі каранямі, і гэтая лічба расьце, піша BPN. Паводле яго ацэнак, агульная колькасьць кампаній і ІП зь беларускімі каранямі, якія працуюць у ЭЗ, можа дасягаць 15 тысяч.
Самая лёгкадаступная краіна для кампаній, якія хочуць рэлякавацца зь Беларусі ў Эўразьвяз, — Польшча: за першую палову 2023 году, паводле зьвестак ABBA, колькасьць субʼектаў беларускага бізнэсу ў гэтай краіне павялічылася на 58%. У той жа час доля беларускага бізнэсу ў краінах Балтыі больш не расьце, гэтыя дзяржавы для яго сёньня закрытыя, канстатаваў прадстаўнік асацыяцыі.
Паводле Наўродзкага, пятую частку бізнэсу зь беларускімі каранямі ў ЭЗ складаюць транспартныя кампаніі, якія найперш займаюцца транзытам тавараў. Меншыя долі займаюць кампаніі, якія займаюцца паслугамі і гандлем. Сярод кампаній, якія рэлякаваліся ў Польшчу і краіны Балтыі, на IT-сфэру прыпадае менш за 10%, разам з тым каля 50–60% грамадзян Беларусі, якія пачалі займацца ў гэтых краінах індывідуальным прадпрымальніцтвам, — прадстаўнікі IT.
На III беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве, сярод іншага, прайшла дыскусія, удзельнікі якой падзяліліся бачаньнем рэфармаваньня і разьвіцьця эканомікі пасьля дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Пасьля фальсыфікацыі выбараў 2020 году і масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў зь Беларусі пачаўся адток кадраў, у тым ліку высокакваліфікаваных. Празь неспрыяльныя палітычныя і эканамічныя ўмовы, а таксама накладзеныя на Беларусь санкцыі шэраг кампаній цалкам згарнулі свой бізнэс у краіне і пераехалі за мяжу.