Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам няма чаго губляць, акрамя рэпутацыі». У чым сутнасьць канфлікту беларускіх бізнэсоўцаў з польскім ZPP


Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры
Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры

Старшыня Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўген Буры ня згодны з поглядам, што ён займаецца вэрыфікацыяй. Яго апанэнты са Зьвязу польскіх працадаўцаў і бізнэсоўцаў не адмаўляюць магчымасьці далейшых разбораў.

Польскі Зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў (ZPP) у сваім адкрытым лісьце ад 16 жніўня перасьцярог Асацыяцыю беларускага бізнэсу за мяжой «ад спробаў дэзынтэграцыі беларускага бізнэсу ў Польшчы». У дакумэнце ёсьць і абвінавачваньні ў адрас кіраўніка АВВА Яўгена Бурага:

«Былы супрацоўнік Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь спрабуе падарваць, выкарыстоўваючы правакацыі і паклёп, давер да нас і да іншых арганізацый, якія падтрымліваюць беларусаў, ствараючы бізнэс-мадэль выкарыстаньня сакрэтнай інфармацыі і набытых ноў-хаў ва ўладных структурах рэжыму Лукашэнкі», — паведамляецца ў заяве Зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы.

Ліст падпісалі кіраўнік ZPP Цэзары Казьмерчак, намесьнік Марцін Навацкі і сябра праўленьня Якуб Бінькоўскі. Навацкі на сайце ZPP названы таксама адным з кіраўніком Беларускага бізнэс-цэнтру (ВВС) — структуры, якая ўваходзіць у ZPP. Акрамя яго, у ліку кіраўнікоў ВВС пазначаны Дзьмітры Данільчук.

  • ZPP быў створаны ў 2010 годзе. «Зьвяз зьяўляецца апалітычнай няўрадавай арганізацыяй, якая выступае за прынцыпы свабоднага рынку, сумленную канкурэнцыю і празрыстасьць, і аб’ядноўвае 15 рэгіянальных і 23 сэктаральныя арганізацыі», — пазначана на яго сайце.

Дзьве беларускія бізнэс-асацыяцыі

Пасьля падзей жніўня 2020 году і масавай палітычнай і эканамічнай эміграцыі зь Беларусі ў Польшчы ўтварыліся адразу дзьве беларускія бізнэс-асацыяцыі. Гэта Беларускі бізнэс-цэнтар (ВВС), і Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА).

Першая адкрылася ў верасьні 2022 года. Яна месьціцца ў адным будынку з ZPP у цэнтры Варшавы. Кіраўнік Беларускага бізнэс-цэнтру Дзьмітры Данільчук кажа, што дапамога бізнэсоўцам-беларусам цалкам бясплатная, цэнтар не аказвае платных паслуг.

«Мы дэ-юрэ заснаваныя і зьяўляемся часткай ZPP, Польскага бізнэс-зьвязу. Нас фінансуе ZPP і міжнародныя партнэры», — сьцьвярджаў Данільчук у вялікім інтэрвію Свабодзе паўгода таму.

Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) створаная на год раней за ВВС, у верасьні 2021 году. У кастрычніку арганізавала Belarus Business Harbour у Варшаве. Пазьней былі адкрытыя прадстаўніцтвы ў краінах Балтыі, офісам у Вільні кіруе Серж Наўроцкі. Ёсьць у асацыяцыі і прадстаўнік у Злучаных Штатах, Алесь Аляхновіч (дарадца ў эканамічных пытаньнях Офісу Сьвятланы Ціханоўскай).

Паводле кіраўніка Яўгена Бурага, на сёньня ў АВВА 68 чальцоў. Гэта розныя беларускія бізнэсы: будаўнічы, аўтасэрвіс, паслугі ў сфэры гандлю, кавярні, кансалтынгавыя кампаніі, мэдычныя цэнтры.

Абодвума беларускімі бізнэс-саюзамі кіруюць былыя дзяржаўныя службоўцы.

  • Дзьмітры Данільчук працаваў у Нацыянальным банку Беларусі, быў выканаўчым дырэктарам BIK Ratings, адзінага рэйтынгавага агенцтва, акрэдытаванага Нацбанкам.
  • Яўген Буры займаў пасаду ў Міністэрстве падаткаў і збораў, з 2014-га па 2019 год — у Дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі. У кастрычніку 2020 году ён выехаў зь Беларусі і далучыўся да «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Паўла Латушкі.

На запыт Свабоды ZPP не адказаў

Свабода зьвярнулася да кіраўніцтва ZPP з просьбай патлумачыць, чым канкрэтна выкліканы такі рэзкі ліст у адрас Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой. У яго тэксьце мала канкрэтыкі, ёсьць абвінавачваньні Бурага. Не зусім зразумела, якую працэдуру ZPP разумее пад словам «вэрыфікацыя», а таксама якія існуюць факты і доказы магчымага супрацоўніцтва Бурага зь беларускімі ўладамі. На дасланыя на адрас ZPP пытаньні рэдакцыя цягам тыдня адказу не атрымала. Ня выйшаў на сувязь таксама і кіраўнік ZPP Цэзары Казьмерчак.

АВВА: «Мы нават не выкарыстоўваем слова „вэрыфікацыя“, праводзім толькі акрэдытацыю»

У размове са Свабодай кіраўнік АВВА Яўген Буры кажа, што Асацыяцыя вэрыфікацыяй беларускага бізнэсу не займаецца. Гэта прынцыповы момант, падкрэсьлівае ён.

«Ужо нават дагаварыліся да таго, што без дазволу АВВА немагчыма адкрыць бізнэс у Эўразьвязе. Гэта няпраўда. Мы прапануем супрацоўніцтва толькі для тых бізнэсаў, якім цікава далучацца да нашай суполкі, быць часткай нацыянальна арыентаванага бізнэсу, рэалізоўваць нашу місію: „Ганарымся быць беларускім бізнэсам“. Мы нават не выкарыстоўваем слова „вэрыфікацыя“ — праводзім толькі акрэдытацыю тых бізнэсаў, якія выказалі жаданьне і давер далучыцца да нашай суполкі», — кажа Яўген Буры.

Паводле Бурага, ахвочым далучыцца да АВВА найперш прапануюць азнаёміцца з Кодэксам дзелавой этыкі, у якім зьмяшчаюцца дэмакратычныя каштоўнасьці: што так званая ўлада, якая пануе ў Беларусі, нелегітымная; што сябры АВВА не падтрымліваюць дзеяньняў Расеі, асуджаюць вайну ва Ўкраіне; не падтрымліваюць стасункаў з тымі бізнэсамі, якія працуюць з Расеяй ці Беларусьсю.

Спадар Буры таксама расказаў, што для патэнцыйных сяброў АВВА праводзяцца інтэрвію.

«Мы правяраем тыя зьвесткі, якія нам указаў бізнэсовец, спачатку з адкрытых крыніц, глядзім сайты, сацсеткі, інтэрвію. Наступны этап — атрыманьне дадзеных ад нашых партнэраў, спраўджваньне ў тых рэестрах, да якіх няма адкрытага доступу (доступ платны, ці ўдзельнічае бізнэс у дзяржаўных тэндэрах, хто заснавальнік бізнэсу і г. д.) Таксама мы правяраем рэпутацыю бізнэсу сярод унутранага нашага кам’юніці. А потым праўленьне (4 чалавекі) галасуе, прымаць ці не бізнэс у шэрагі нашай асацыяцыі. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы не праводзім ніякай вэрыфікацыю беларускага бізнэсу за мяжой. Толькі кандыдатаў у сяброўства АВВА», — тлумачыць Яўген Буры.

Навошта бізнэсу патрэбна сяброўства ў АВВА?

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне беларусы сутыкнуліся з дыскрэдытацыяй. Асобы зь беларускім пашпартам не заўсёды маглі адкрыць рахунак у банку, атрымаць крэдытную лінію, ім адмаўлялі ў абслугоўваньні аўдытарскія кампаніі.

«Трэба было знайсьці інструмэнт адрозьненьня бізнэсу, які зьвязаны з рэжымам і абыходам санкцый, і бізнэсам, які ніяк не зьвязаны. Мы прапанавалі сваю дапамогу ўладам, іншым структурам, якія былі зацікаўленыя ў супрацы зь беларусамі, але баяліся зь імі працаваць, бо не было ніякага інструмэнту адрозьненьня. Але гэты інструмэнт адносіцца толькі сяброў асацыяцыі, а не да ўсяго беларускага бізнэсу», — сьцьвярджае кіраўнік АВВА.

Паводле спадара Бурага, польскія ўлады ведаюць пра дзейнасьць Асацыяцыі беларускага бізнэсу і пытаньняў зь іх боку пакуль не ўзьнікала.

«Мы працуем з МЗС Польшчы, 20-21 верасьня ладзім сумесна два форумы, маем партнэраў у „Нацыянальнай гаспадарчай палаце“, у дасьледчым цэнтрам „Кэйс“, да нас ёсьць давер у Польшчы», — кажа Яўген Буры.

«Мы з ZPP разыходзімся ў ідэалягічных поглядах»

На пытаньне, чаму польскі ZPP выступіў супраць АВВА і якія будуць дзеяньні ў адказ, Яўген Буры адказаў, што яны з палякамі разышліся ў ідэалягічных поглядах.

«Мы былі партнэрамі ZPP, у нас былі добрыя стасункі, але мы разышліся ў поглядах. У нас няма канфлікту. Разыходжаньне ў поглядах не азначала, што ёсьць нейкія асабістыя прэтэнзіі, таму для нас гэта дзіўная карціна», — не хавае зьдзіўленьня спадар Буры.

Паколькі ліст быў публічны, АВВА таксама апублікавала адкрыты ліст, дзе тлумачыць сваю пазыцыю і не прызнае прэтэнзій ZPP.

«Асноўная мэта ліста ZPP — адцягнуць увагу ад праблемы, якую мы паднялі. Было маё інтэрвію „Народнаму рэпарцёру“ Аляксандру Кабанаву, дзе агучаны факт супрацы ZPP (дакладней, іх падразьдзяленьня — Беларускага бізнэс-цэнтру) зь юрыдычнай кампаніяй REVERA.

REVERA дзейнічае ў Беларусі і адначасова працуе ў Польшчы. Але галоўнае, што мы хацелі, — зьвярнуць увагу ZPP на тое, што іх партнэрам зьяўляецца структура, якая 20 красавіка брала ўдзел у бізнэс-канфэрэнцыі ў Маскве. Адно з пытаньняў там было — санкцыйнае заканадаўства, як з гэтым працаваць. Гэта АВВА вельмі зачапіла.

Мы палічылі, што гэта небясьпечная сытуацыя, данесьлі сваю пазыцыю да зацікаўленых бакоў, але, на жаль, нас не пачулі. Таму вымушаны былі прыцягнуць увагу публічна, каб ZPP праверыў партнэраў, зь якімі ён працуе», — тлумачыць Яўген Буры.

На яго думку, супраца зь беларусамі, якая маюць калябарацыі з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, кідае цень на ўвесь беларускі бізнэс.

«Мы вымушаны былі рэагаваць і зьвярнуць увагу кіраўніцтва ZPP на гэты факт. Адказу ад ZPP мы не пачулі. Мы ня хочам канфлікту, эскаляцыі. Нам няма чаго губляць, акрамя рэпутацыі. Краіну мы ўжо страцілі, усе сядзім, як уцекачы. Апошняе, што аддамо, — рэпутацыю? Не!» — кажа старшыня АВВА Яўген Буры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG