Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Я ўжо пяць месяцаў нічога ня ведаю пра мужа


Сяргей Ціханоўскі ў судзе. Архіўнае фота.
Сяргей Ціханоўскі ў судзе. Архіўнае фота.

Шмат якія беларускія палітвязьні знаходзяцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі і «ня могуць ні зь кім мець зносіны» — «яны не атрымліваюць лістоў, іх не могуць наведаць адвакаты», заявіла ў інтэрвію Літоўскаму радыё і тэлебачанню (LRT) 29 жніўня Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле яе слоў, сувязь з мужам Сяргеем Ціханоўскім адсутнічае з 9 сакавіка. «Я ўжо пяць месяцаў нічога не ведаю пра свайго мужа», — адзначыла палітык.

Яна пераканана, што беларускімі ўладамі «такая атмасфэра ствараецца спэцыяльна, каб яшчэ больш маральна мучыць людзей, што зьяўляецца яшчэ адным спосабам гвалту і ўплыву на людзей».

«Рэжым хоча, каб гэтыя людзі адчувалі сябе забытымі, кінутымі. Таму мы выкарыстоўваем любую магчымасьць, каб як мага хутчэй вызваліць гэтых людзей і паспрабаваць хоць неяк данесьці да нашых блізкіх, да нашых сваякоў, якія церпяць, якія знаходзяцца ў турмах, што мы змагаемся і спрабуем змагацца за іх вызваленьне з турмаў», — сказала Ціханоўская.

«Я ўпэўнена, што калі-небудзь вярнуся ў Беларусь, — заявіла яна. — Мы рашуча змагаемся і чакаем таго моманту, калі зможам вярнуцца, вызваліць усіх палітычных вязьняў і правесьці свабодныя выбары».

3 ліпеня Ціханоўская паведаміла аб атрыманьні ананімнага пасланьня з інфармацыяй, што яе муж нібыта памёр у жодзінскай турме. Аналягічнае пасланьне Ціханоўская ўжо атрымлівала раней. «Я ня ведаю, як гэта пракамэнтаваць. Я нічога ня чула пра Сяргея з 9 сакавіка і адвакатам адмаўляюць у доступе да яго», — напісала тады палітык.

5 ліпеня праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі відэазапіс з Ціханоўскім, зроблены ў турэмнай камэры.

У адказ на публікацыю Ціханоўская запатрабавала паказаць родным і грамадзтву Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Вольгу Маёраву і ўсіх палітвязьняў, з якімі працяглы час няма ніякай сувязі.

  • Відэаблогер, які вылучаўся на пасаду прэзыдэнта, аўтар ютуб-канала «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі адбывае пакараньне ў выглядзе 19 гадоў і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG