Кніга пра дзевяцімесячны турэмны тэрмін з малюнкамі аўтара выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе». Алег Грузьдзіловіч расказвае, чаму і для каго напісаў гэтую кнігу, а таксама дае парады, як выжываць у турме.
Спампаваць кнігу «Мае турэмныя муры» (PDF).
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
«Пісаў кнігу і для сваякоў тых людзей, якія працягваюць сядзець»
— Кніга «Мае турэмныя муры» публікавалася на сайце Свабоды па частках, яе электронную вэрсію можна будзе сьцягнуць з нашага сайту бясплатна. Я яе ўжо прачытала, многія гэта зробяць, атрымаўшы кнігу на прэзэнтацыі ці спампаваўшы з сайту. Як бы ты сказаў, для каго ты пісаў гэтую кнігу? Якую галоўную задачу ты сабе ставіў, калі пісаў пра перажытае за кратамі?
— Я пісаў яе ў тым ліку для сваякоў тых людзей, якія працягваюць сядзець. Гэтыя людзі хочуць ведаць, што адбываецца ў турмах, але ня могуць атрымаць інфармацыю, бо адтуль жа не напішаш. Калі напішаш, ліст проста ня дойдзе. Любы вязень, любы палітвязень думае найперш пра тое, каб хаця б маленькая вестачка пра яго дайшла. Адпаведна, ён сам сябе цэнзуруе. А ў кнізе можаш напісаць падрабязнасьці, можаш напісаць, як з табой абыходзіліся ахоўнікі, якія ты зазнаваў рэпрэсіі. Можаш напісаць проста пра бытавыя ўмовы за кратамі. Гэта дасьць інфармацыю для сваякоў пра тое, у якіх умовах знаходзіцца іх сын, муж, брат і гэтак далей.
Гэта такое сьведчаньне часу. Думаю, што большасьць тых, хто выйшаў і выйдзе з гэтых вязьніц, нешта напішуць. Як адвакат Максім Знак адтуль здолеў напісаць кнігу. Такое жаданьне ёсьць ва ўсіх палітвязьняў, бо гэта вельмі знакавы пэрыяд для Беларусі. Мы мусім яго пераадолець, зрабіць пэўныя высновы, каб потым да яго не вяртацца.
— Неўзабаве будзе год, як ты на свабодзе. Ці можна сказаць, што ўдалося аднавіць фізычнае і псыхічнае здароўе?
— Прыйшлося правесьці па вызваленьні невялікую апэрацыю. Цяпер быццам усё нармальна. Але, пабачыўшы там сапраўды хворых людзей, пра свае маленькія хваробы ня думаеш. На маіх вачах у калёніі чалавек губляў прытомнасьць і падаў, бо ў яго была пухліна ў мозгу, а МРТ чакаць трэба было паўгода. У адным корпусе быў чалавек з другой стадыяй раку страўніка. Ён падчас пастраеньня стаяць ня мог нармальна, і ахоўнікі нават дазвалялі яму пасядзець. Якая гэта загана, што людзі без паловы страўніка вытрымліваюць тое самае, што больш-менш здаровыя людзі. Калі бачыш такіх людзей, то думаеш не пра сябе, а пра іх.
«Ёсьць і адмысловыя загады адносна пэўных палітвязьняў»
— Алег, ты некалькі дзесяцігодзьдзяў працуеш на Радыё Свабода, ты спэцыяліст у тэме рэпрэсій, судоў, справаў зьніклых. Можаш параўноўваць розныя часы, гісторыі, праводзіць паралелі, і напэўна разумееш лёгіку і паводзіны турэмнікаў. Як табе бачыцца, які загад яны атрымалі наконт палітычных і як яго выконваюць?
— Думаю, што загад атрымлівала спачатку МУС, потым па чарзе Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, а адтуль ішоў загад да начальнікаў калёній, а тыя, адпаведна, даводзяць да ўсіх іншых. І ўсе разумеюць, што ёсьць палітычныя, да якіх трэба ставіцца такім чынам. Фармальна гэта робіцца так, што ўсіх палітычных адносяць да катэгорыі «экстрэмістаў», якіх ставяць на спэцыяльны прафіляктычны ўлік. На гэтым уліку ня толькі палітычныя вязьні, ёсьць асуджаныя за забойства, людзі, якія рабілі спробу суіцыду.
Да гэтай катэгорыі больш жорсткае стаўленьне. Прапісаныя крокі, забароны, якія іх тычацца. Гэта немагчымасьць наведваць масавыя мерапрыемствы, у лазьні ў парылку нельга палітычным вязьням. Палітычныя апынуліся ў гэтай групе і зазнаюць нібы законна дадатковы ціск. Усе разумеюць, што гэта не экстрэмісты, што гэта звычайныя палітычныя вязьні, але ахоўнікі гэта выконваюць, робяць усе захады.
Ёсьць і адмысловыя загады адносна пэўных палітвязьняў. Калі ў нас у калёніі зьявіўся Ціханоўскі, ён нават з карантыну не зьявіўся ў атрадзе, адразу накіравалі ў ШЫЗА. Хутчэй за ўсё, яму штучна навесілі пакараньні. Ёсьць такі мэханізм, калі ахоўнік прыходзіць, знаходзіць пыл на палічцы, складае рапарт і дае тэрмін у ШЫЗА. Пасьля чалавека пераводзяць у ПКТ, памяшканьне камэрнага тыпу. Гэта тое сама ШЫЗА на больш працяглы тэрмін. Робіцца карціна, што ён не выпраўляецца, ня хоча выпраўляцца, і яго пераводзяць у іншую калёнію, турму на іншы рэжым. Ці даюць па 411 артыкуле яшчэ год. Гэты мэханізм распрацаваны. Толькі трэба паказаць на чалавека, супраць яго трэба гэты мэханізм выкарыстаць.
«Сьвядома запушчаны мэханізм рэпрэсій, каток»
— Турэмнікі могуць вельмі старацца, выконваючы такія захады, а могуць падыйсьці фармальна, захаваўшы крыху чалавечае стаўленьне. Ці адчувалі вы розьніцу ў выкананьні гэтых загадаў адносна палітычных вязьняў?
— Калі ёсьць загад, то пэўна яго будуць выконваць. Калі я пачуў пра сябе на першай камісіі загад начальніка рыхтаваць яго праз ШЫЗА да ПКТ, а можа да 411 артыкула, было ясна, што яны пачалі выконваць такі загад. Абсалютна беспадстаўна на мяне склалі пратакол, потым адно ШЫЗА працягвалася другім. Магчыма, мне пашанцавала, што на гэтым было спынена.
А хтосьці працягвае сядзець у ШЫЗА трэці, дзясяты раз, а потым і накіроўваецца ў турму, як Павал Севярынец. Атрымаўшы загад, будуць выконваць, нягледзячы на ўнутраныя сымпатыі і антыпатыі. Запушчаны мэханізм рэпрэсій, каток. Ён круціцца. Той, хто запусьціў яго, зрабіў гэта сьвядома. Ён разумеў наступствы. І гэта працягваецца далей, як было ў 1937 годзе. У 1937 годзе не была кнопка націснутая — і ўсё пачалося. Кнопка была націснутая ў 1917 годзе...
— 29 ліпеня пройдзе 12-гадзінны онлайн-маратон салідарнасьці з палітвязьнямі «Нам ня ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зьняволеных і іх сем’яў. Ты прадстаўляеш Свабоду на гэтым маратоне. Наколькі важная ня толькі маральная, але і матэрыяльная падтрымка для палітвязьня і яго сям’і?
— Важна разумець, што мы даем гэтыя грошы ня толькі для іх, для сем’яў, але і для сябе. Бо калі мы не даем, ня дзелімся, то дзеля чаго мы ўсё гэта рабілі? Для чаго людзі выходзілі на пратэсты? Яны ж хацелі больш дэмакратычных умоваў у краіне, хацелі добрага эўрапейскага ладу жыцьця. Дык гэты лад пачынаецца з таго, што мы самі разумеем патрэбу скласьціся разам і падтрымаць тых, хто ў горшым стане.
«Калі ты курыш, то ты дапамагаеш турэмнікам сябе забіваць»
— Як выжыць у турме? Якія парады даў бы са свайго досьведу былы палітвязень, журналіст Алег Грузьдзіловіч?
— Трэба зь першага дня думаць пра сваё здароўе. Выкарыстоўваць кожную магчымасьць, каб яго падтрымліваць. Хто курыць — кідайце. За час майго знаходжаньня ў сьледчых ізалятарах я дваіх чалавек адгаварыў ад курэньня. Аднаго стымуляваў тым, што падару яму цукерку зь лікёрам, якая цудам да мяне дабралася аднойчы. Калі ты курыш, то ты дапамагаеш турэмнікам сябе забіваць.
Кожную магчымасьць трэба выкарыстоўваць для фізычнай актыўнасьці. Там ня будзе магчымасьці займацца спортам. У калёніі палітычных не пускаюць нават на стадыён. Я гэта добра зьведаў на сабе. Але ёсьць маленькія закуткі ў лякалцы (гэта зона вакол твайго корпуса), дзе ёсьць маленькі спартовы закуток, у якім будуць нейкія снарады. І ты зможаш неяк сябе фізычна падтрымліваць. Я, прынамсі, рабіў гэта, нават павялічыў колькасьць падцягваньняў. Да пасадкі было 3–4 разы, а калі я выходзіў, то 9 разоў падцягваўся.
Ты тым самым даеш сабе магчымасьць супраціўляцца гэтай сыстэме. Мая парада — не выкарыстоўваць галадоўку, толькі ў крайнім выпадку. Гэтым ты сябе руйнуеш фізычна, а потым, магчыма, наступае нейкі псыхалягічны злом. Лепш спрабаваць трымаць сябе ў добрай фізычнай форме.
Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі
Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».
У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».
Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.
Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.
У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.
Цяпер жыве ў Вільні.
У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.