Кіраўнік акруговай пракуратуры Мікалаева Яўген Рабы зьвярнуўся ў суд у інтарэсах Мікалаеўскай гарадзкой рады і камунальнага прадпрыемства «Миколаївелектротранс» па скасаваньне кантракту, які 26 кастрычніка 2021 году падпісалі ўлады зь менскім прадпрыемствам «Белкамунмаш» і яго даччынай кампаніяй ва Ўкраіне «БКМ-Україна» аб пастаўцы 20 нізкападлогавых 12-мэтровых тралейбусаў з запаснымі часткамі і спадарожнымі паслугамі.
Суд разгледзіць зварот пракурора ў канцы жніўня.
У пазове неабходнасьць разрыву кантракту патлумачылі тым, што «на момант падпісаньня бакі не маглі прадугледзець увядзеньня супраць прадпрыемства „Белкамунмаш“ абмежавальных захадаў, закрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю, забароны правядзеньня фінансавых апэрацыяў і закупак з рэзыдэнтамі Беларусі».
У пазоўнай заяве таксама адзначаецца, што бакі ня могуць самастойна пераадолець гэтыя абставіны, а кампанія «БКМ-Україна» ня можа без удзелу беларускага прадпрыемства забясьпечыць тэхнічныя патрабаваньні да тралейбусаў.
Раней кіраўнік «БКМ-Україна» Мікола Раманюк у інтэрвію Свабодзе сьцьвярджаў, што ў тралейбусах «Белкамунмашу» аб’ём украінскіх дэталяў складаў да 25%. Найперш іх камплектавалі ўкраінскімі маторамі.
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны ў сьнежні 2022 году зацьвердзіла дакумэнты кампаніі «БКМ-Україна» аб выдаленьні беларускага прадпрыемства «Белкамунмаш» зь пераліку заснавальнікаў. Цяпер яго ўласьнікамі ёсьць луцкае прадпрыемства «РІСТ-Н» і грамадзянін Украіны Сяргей Мартыняк. Такім чынам «БКМ-Україна» захавала магчымасьць працаваць на ўкраінскім рынку.
Асаблівасьць гэтага кантракту была ў тым, што ён фінансаваўся з крэдыту Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця пад гарантыі Мікалаеўскай гарадзкой рады.