Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ў часе вайны надалей зьяўляюцца кампаніі з капіталам і заснавальнікамі зь Беларусі


Грамадзянін Беларусі валодаў крамамі Duty Free ў Барыспальскім аэрапорце пад Кіевам. Ілюстрацыйнае фота
Грамадзянін Беларусі валодаў крамамі Duty Free ў Барыспальскім аэрапорце пад Кіевам. Ілюстрацыйнае фота

Паводле аналітыкаў, у 5% беларускіх і расейскіх кампаніяў, створаных да вайны, зьмяніўся склад бэнэфіцыяраў, і яны надалей працуюць на ўкраінскім рынку.

Аналітыкі дасьледчага цэнтру сыстэмы YouControl заявілі, што цягам 2022 году, пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, у ёй зарэгістравана 39 новых кампаніяў, зьвязаных з Расеяй і Беларусьсю.

Паводле аналітыкаў, у 5% беларускіх і расейскіх кампаніяў, створаных да вайны, зьмяніўся склад бэнэфіцыяраў, і яны працягваюць працаваць на ўкраінскім рынку. Усяго да вайны 20 тысяч кампаніяў у краіне мелі сувязь з Расеяй і Беларусьсю.

Амаль палова гэтых кампаніяў зарэгістраваная ў Кіеве, яшчэ 6,5 % — у Кіеўскай вобласьці. 27 % працуюць у гандлёвай сфэры і па 14 % — у перапрацоўчай прамысловасьці і ў галіне нерухомасьці.

Аналітыкі лічаць, што ў большасьці выпадкаў зьмена складу бэнэфіцыяраў уяўная, яны па-ранейшаму маюць беларускі ці расейскі сьлед, бо найчасьцей «новымі» ўласьнікамі сталі кампаніі, зарэгістраваныя на Кіпры, у Турэччыне, Ізраілі і Ўкраіне. Апроч таго, часта выкарыстоўвалі мэханізм пераафармленьня права ўласнасьці на імаверных сваякоў, якія маюць украінскае грамадзянства.

Паводле аналітыкаў, Артур Гранц, ключавая асоба групы кампаніяў «БФ Капитал», галоўным актывам якой ёсьць сетка крамаў бязмытнага гандлю (Duty Free) у аэрапортах, пасьля расейскага ўварваньня зьмяніў беларускае грамадзянства на армянскае, і цяпер як грамадзянін Армэніі ён бэнэфіцыяр больш як 10 украінскіх кампаніяў.

Адметна, што гэтыя кампаніі Артура Гранца працуюць ня толькі ў сфэры бязмытнага гандлю. Яны займаюцца набыцьцём, продажам і арэндай нерухомасьці, продажам аўтамабіляў, нафтапрадуктаў, кампутараў і рэстаранным бізнэсам.

У траўні 2022-га з складу ўласьнікаў ТАА «БЕРЕЗНЕФАРФОР», якое ўваходзіць у групу кампаніяў «ПлазмаТек» Віктара Слабадзянюка, выйшла беларускае ТАА «Сьветлагорскі завод зварачных электродаў». Да бэнэфіцыяраў дадалі Іну Слабадзянюк. Кампанія займаецца здабычай пяску і жвіру, распрацоўкай кар’ераў, гуртавым гандлем драўнінаю, будаўнічымі матэрыяламі і перадачай у арэнду тэхнічнага абсталяваньня.

У жніўні 2022 году з складу ўласьнікаў ТАА «АМА ВІЖН» выйшаў грамадзянін Беларусі Максім Лешчанка. У 2018–2020 гадах гэтая кампанія атрымала зь дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны амаль 50 мільёнаў грыўняў на вытворчасьць фільму «Шчэдрык». Адметна, што да лютага 2022 году адным з уласьнікаў кампаніі быў Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

Суўладальнікам больш як 10 юрыдычных асобаў, якія працуюць у сфэры клінінгу, ёсьць Валер Макіцкі. Паводле зьвестак дзяржаўнага рэестру, пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ён зьмяніў беларускае грамадзянства на польскае. Цяпер некаторыя ягоныя кампаніі надаюць клінінгавыя паслугі ўкраінскім дзяржаўным прадпрыемствам, а ў структуры ўласнасьці такіх кампаніяў раней быў расеец Эдуард Асьпіт.

Згодна з інфармацыяй YouControl, 14 юрыдычных асобаў з расейскімі ці беларускімі ўласьнікамі ёсьць дабрачыннымі арганізацыямі, якія надаюць сацыяльныя паслугі. У большасьці такіх кампаніяў заснавальнікі — грамадзяне Беларусі і Расеі — маюць украінскі адрас рэгістрацыі. У той жа час у 7 кампаніях грамадзяне Беларусі, якія стварылі новыя прадпрыемствы ва Ўкраіне, зарэгістраваныя ў Беларусі і ў адным выпадку ў Турэччыне.

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG