Суд ухваліў рашэньне на падставе звароту кітайскай прыватнай кампаніі Xinxiang Jinxin Import and Export Machinery Co., якая заявіла аб праве кіраваньня і ўласнасьці на гэтыя вагоны.
У рашэньні суду адзначаецца, што арышт вагонаў адбыўся на падставе ліста дзяржаўнай украінскай кампаніі «Укрзалізниця», у якім выказвалася толькі імавернасьць іхнай расейскай і беларускай уласнасьці, але гэта не сьцьвярджалася і не пацьвярджалася дакумэнтамі.
Паводле суду, сьцьвярджэньне сьледчых, што гэтыя чыгуначныя кантэйнэры выкарыстоўваліся для супрацьпраўнага ўвозу ва Ўкраіну таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў з далейшай рэалізацыяй за гатоўку без адлюстраваньня апэрацый у фінансавых дакумэнтах, не пацьверджана «ніводным пісьмовым доказам ці дакумэнтам, таму яно зьяўляецца ня чым іншым, як здагадкай».
Апроч таго, суд зьвярнуў увагу на тое, што сьледзтва цягам працяглага часу не сабрала дакладных доказаў прыналежнасьці вагонаў Расеі і Беларусі, і таму «патрэбы дасудовага расьсьледаваньня не апраўдваюць такога ўмяшаньня ў правы і інтарэсы ўласьнікаў маёмасьці, як яе арышт».
Рашэньне аб скасаваньні арышту на вагоны-кантэйнэры набыло юрыдычную моц адразу пасьля абвяшчэньня. Згодна зь ім, аспрэчыць яго немагчыма.
У якой справе арыштавалі вагоны
Справу завялі 5 красавіка 2022 году паводле ч. 3 артыкулу 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — наўмыснае пазьбяганьне аплаты падаткаў і абавязковых плацяжоў у асабліва вялікіх памерах. Гэтае парушэньне караецца штрафам ад 255 да 425 тысяч грыўняў (прыблізна ад 7 да 11,6 тысяч даляраў у эквіваленце) з пазбаўленьнем на тры гады права займаць адказныя пасады або займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю з канфіскацыяй маёмасьці.
У межах дасудовага расьсьледаваньня гэтай справы праваахоўныя органы Ўкраіны арыштавалі 1 569 чыгуначных кантэйнэраў, якія належалі расейскім прадпрыемствам, і 128 вагонаў, якія належалі беларускім юрыдычным асобам — Беларускай чыгунцы, кампаніі «Emg Trans» Llc, УП «Беллесэкспарт», ТАА «Содружество Транс-Агро», ААТ «Беларуськалій», ЗТАА «Омск Карбон Магілёў», ААТ «Рэал-агент», заводу «Палімір» ААТ «Нафтан» і замежнаму прадпрыемству «Транзыт-Аўта 2003».
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, расейскія і беларускія кампаніі цягам 2020-2022 гадоў выкарыстоўвалі гэтыя вагоны для перавозкі прадукцыі пад выглядам транзыту праз Украіну, але насамрэч яе разгружалі і прадавалі на ўкраінскай тэрыторыі, пазьбягаючы аплаты падаткаў. У выніку гэтай дзейнасьці дзяржаўны бюджэт Украіны не атрымаў больш як 10 мільёнаў грыўняў (амаль 300 тысяч даляраў у эквіваленце).
Гэта адна зь некалькіх крымінальных спраў, у межах якой арыштаваныя беларускія вагоны.
Кіраўнік Беларускай чыгункі Ўладзімер Марозаў у верасьні 2022 году заяўляў, што пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыі Ўкраіны засталося сем тысяч беларускіх вагонаў, зь іх пяць тысяч належаць Беларускай чыгунцы.
Што вядома пра кітайскага ўласьніка і хто яшчэ прэтэндуе на вагоны
Кітайскае прадпрыемства «Xinxiang Jinxin Import and Export Machinery Co.» зьяўляецца прыватнай акцыянэрнай кампаніяй з абмежаванай адказнасьцю. Як адзначаецца ў адкрытых крыніцах, яна займаецца продажам кантэйнэраў для вадкага азоту.
На беларускія вагоны прэтэндуе і яшчэ адзін уласьнік — украінская прыватная кампанія «Заубер-Україна», зарэгістраваная ў горадзе Калуш Івана-Франкоўскай вобласьці. Праўда, суд пакуль адмаўляе гэтаму прадпрыемству ў вяртаньні маёмасьці. «Заубер-Україна» прэтэндуе на 10 вагонаў-цыстэрнаў, якія прадпрыемства набыла ў беларускага РУП СГ-ТРАНС 28 сьнежня 2021 году.
У суды таксама пачалі зьвяртацца і прадпрыемствы, якія заявілі права ўласнасьці на прадукцыю, якая перавозілася ў арыштаваных расейскіх і беларускіх вагонах.
Летась праваахоўныя органы паведамлялі, што плянуюць нацыяналізаваць усе арыштаваныя вагоны, а да гэтага перадалі іх дзяржаўнаму прадпрыемству «Укрзалізниця» для выкарыстаньня.
Кіраўнік украінскага Бюро эканамічнай бясьпекі Вадзім Мельнік у лістападзе 2022 году заяўляў, што ўкраінская дзяржава атрымала 580 мільёнаў грыўняў (14,5 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС) у выніку продажу арыштаваных беларускіх угнаеньняў — больш як 2200 тон хлёрыстага калію і больш як 17,3 тысячы тон аміяку.
Колькі беларускіх і расейскіх актываў арыштавалі ў 2022 годзе
У 2022 годзе Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны арыштавала актывы грамадзян Беларусі і Расеі на 41 мільярд грыўняў.
Цягам 2022 году ведамства вяло 961 крымінальную вытворчасьць. Па выніках дасудовага расьсьледаваньня ў суд накіравалі 29 крымінальных спраў, 24 зь іх — з абвінаваўчым актам.
Для кампэнсацыі прычыненай дзяржаве шкоды па ўсіх крымінальных вытворчасьцях наклалі арышт на маёмасьць агулам на суму 46,7 млрд грыўняў, зь якіх 41 млрд (каля 1,27 млрд даляраў паводле сярэднегадавога курсу Нацбанка Ўкраіны) — актывы, бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі якіх зьяўляюцца грамадзяне Расеі і Беларусі.
Для абароны эканомікі Ўкраіны «ад узьдзеяньня на яе дзяржаў-агрэсарак» улетку 2022 году ведамства прапанавала ўраду забараніць удзельнічаць у публічных закупках юрыдычным асобам, канчатковымі бэнэфіцыярамі якіх зьяўляюцца беларускія і расейскія грамадзяне, а таксама «ўвесьці штрафныя санкцыі да контрагентаў, якія вядуць зьнешнеэканамічную дзейнасьць з такімі кампаніямі».