Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што казаў Дональд Трамп пра Беларусь


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Дональд Трамп зноў будзе прэзыдэнтам ЗША. Беларусы як у дыяспары, так і ў краіне з гэтай нагоды разважаюць, якой будзе палітыка Злучаных Штатаў у дачыненьні Беларусі і беларускіх пытаньняў. Свабода сабрала, што ён казаў пра Беларусь.

Падлік галасоў у ЗША паказвае, што рэспубліканец Дональд Трамп, праўдападобна, зноў стане гаспадаром у Белым доме.

У выпадку пацьверджаньня сваёй перамогі Трамп стане толькі другім прэзыдэнтам у гісторыі ЗША, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.

Дональд Трамп у час свайго першага прыходу на прэзыдэнцкую пасаду ў 2017 годзе не ўдзяляў Беларусі вялікай увагі. Пра гэта сьведчыць малая колькасьць ягоных заяў пра Беларусь.

Канец першай кадэнцыі Трампа прыпаў на 2020 год, калі ў Беларусі, акурат у час выбарчай кампаніі ў ЗША, разгарнуліся пратэсты супраць улады Аляксандра Лукашэнкі. Дзяржаўным сакратаром ЗША тады быў Майк Пампэо. У выданьні Foreign Policy крытыкавалі тагачасныя ўлады за вельмі стрыманую рэакцыю на фальшаваньне Лукашэнкам выбараў, гвалт сілавікоў і агульнанацыянальныя пратэсты ў Беларусі.

12 жніўня 2020 году, праз тры дні пасьля галасаваньня ў Беларусі і жорсткага задушэньня вулічных пратэстаў, Пампэо, зьвяртаючыся да парлямэнту Чэхіі ў Празе, гаварыў пра «дасягненьне бясьпекі ў Эўропе», 20 разоў згадаўшы Кітай і ніводнага разу адкрыта Беларусь.

17 жніўня 2020 году, назаўтра пасьля самага масавага вулічнага пратэсту ў гісторыі Беларусі, кадры якога абляцелі ўвесь сьвет, сам Дональд Трамп адзначыў, што ў Беларусі склалася «жудасная сытуацыя». Прадстаўнік адміністрацыі Трампа на ўмовах ананімнасьці ў той самы дзень сказаў Reuters, што ўлады Беларусі на тле шматтысячных пратэстаў «больш ня могуць ігнараваць такіх сыгналаў пра дэмакратыю».

На наступны дзень Трамп заявіў, што падзеі ў Беларусі не ствараюць уражаньня, што ў краіне шмат дэмакратыі, і падкрэсьліў мірны характар беларускіх пратэстаў. Да таго і пасьля Трамп меў на ўвазе становішча Беларусі толькі ў кантэксьце адносінаў з Расеяй.

«Мне падабаецца бачыць дэмакратыю. Але, здаецца, у Беларусі цяпер ня надта шмат дэмакратыі. Безумоўна, гэта вельмі вялікае шэсьце, і здаецца, гэта мірнае шэсьце», — сказаў Трамп у той дзень.

Да сказанага амэрыканскі прэзыдэнт тады дадаў толькі тое, што перамовы з Расеяй пра становішча ў рэгіёне пройдуць у «адпаведны час».

Ужо ў верасьні 2020 году пачаліся першыя кантакты амэрыканскай адміністрацыі са Сьвятланай Ціханоўскай. А ў кастрычніку адбылася тэлефонная гутарка Лукашэнкі з Пампэо, вынікам якой стала вызваленьне зь беларускай турмы палітвязьня, амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава.

Таксама адміністрацыя Трампа замарожвала фінансаваньне інструмэнтаў для барацьбы з цэнзурай. Тады, акрамя Беларусі, адмысловая амэрыканская кампанія Open Technology Fund працавала яшчэ і з дэмакратычнымі дзеячамі Ганконгу.

Атрымаўшы тое апавяшчэньне пра замарожваньне грашовай падтрымкі, прэзыдэнтка фонду Лора Канінгем адзначыла:

«Было проста жудасна сказаць, што ў нас няма рэсурсаў, каб дапамагчы вам. Мы ня здолелі забясьпечыць тую дадатковую падтрымку, якую маглі б зрабіць звычайна».

Пры гэтым якраз пры адміністрацыі Трампа ў ЗША прынялі два пакеты санкцыяў (2 кастрычніка і 23 сьнежня 2020 г.) адносна Беларусі за фальсыфікацыю выбараў 2020 году і гвалт супраць пратэстоўцаў.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG