Трох грамадзян Беларусі, якіх затрымалі ва Ўкраіне на пачатку ліпеня за незаконнае перасячэньне мяжы, зьмясьцілі ў пункт часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства для далейшага прымусовага выдварэньня за межы Ўкраіны.
Паводле заканадаўства Ўкраіны людзей у такіх пунктах могуць трымаць ня больш за 6 месяцаў з моманту фактычнага затрыманьня. У выпадках, калі немагчыма ідэнтыфікаваць асобу, знаходжаньне ў такіх пунктах могуць падоўжыць, але ня больш як на 18 месяцаў.
Звычайна ў выпадках незаконнага перасячэньня мяжы затрыманыя пасьля аплаты штрафу добраахвотна вяртаюцца на радзіму. У гэтым жа выпадку памежнікі зьвярнуліся ў суд, бо мелі падставы лічыць, што беларусы ня выканаюць рашэньня аб выезьдзе з Украіны і дэпартацыі.
Цяпер затрыманых беларусаў пасьля ідэнтыфікацыі і пацьвярджэньня асобаў перададуць на радзіму паводле нормаў пагадненьня аб рэадмісіі, якое прадугледжвае законныя мэханізмы вяртаньня незаконных мігрантаў.
Што папярэднічала
Трох грамадзян Беларусі затрымалі ў Ровенскай вобласьці 4 ліпеня за 800 мэтраў ад мяжы. Паводле памежнікаў, беларусы перасеклі мяжу ў кірунку Гарадная (Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Вычаўка (Вараскі раён, Ровенская вобласьць). Гэта цяжкапраходны ўчастак зь лесам і балотам.
Адзін з трох затрыманых беларусаў прызнаўся на судовым пасяджэньні, што разам зь яшчэ двума грамадзянамі Беларусі яны даехалі да ўкраінскай мяжы на аўтамабілі, на якім прывезьлі тытунёвыя вырабы для продажу на ўкраінскай тэрыторыі, а потым ішлі пешшу. Суд аштрафаваў дваіх беларусаў на 8,5 тысячы грыўняў, а аднаго — на 13,6 тысячы грыўняў (прыблізна 230 і 370 даляраў у эквіваленце. — РС).
Цяпер стала вядома, што беларусаў затрымлівала спэцыяльная група, у склад якой уваходзілі ня толькі памежнікі, а і супрацоўнікі Службы бясьпекі і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.
Што вядома пра пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў
Ва Ўкраіне для незаконных мігрантаў створаныя і дзейнічаюць тры пункты часовага знаходжаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія незаконна знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі — у Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Валынскай абласьцях.
Рэжым утрыманьня грамадзян у такіх пунктах падобны да рэжыму ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Грамадзяне могуць свабодна перамяшчацца толькі па тэрыторыі пункту, насіць уласнае адзеньне, пісаць лісты, атрымліваць пасылкі, сустракацца з праваабаронцамі, адвакатамі, дыпляматамі ўстаноў краіны свайго паходжаньня.
Рашэньне аб прымусовым выдварэньні (рэадмісіі) затрыманыя грамадзяне могуць абскардзіць у судзе.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы. Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.
Беларускія дыпляматы выехалі з Украіны ў сакавіку 2022 году.