Адзін з судоў Ровенскай вобласьці аштрафаваў трох грамадзян Беларусі, якія 4 ліпеня незаконна перасеклі беларуска-ўкраінскую мяжу ў кірунку Гарадная (Столінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Вычаўка (Вараскі раён, Ровенская вобласьць).
Беларусаў затрымаў памежны патруль на паўночным усходзе ўкраінскай вёскі Вычаўка на адлегласьці 800 мэтраў ад мяжы.
Адзін беларус раскаяўся і прызнаўся, што разам зь яшчэ двума грамадзянамі Беларусі даехалі да ўкраінскай мяжы на аўтамабілі, на якім прывезьлі тытунёвыя вырабы для продажу на ўкраінскай тэрыторыі. У судовым рашэньні не ўдакладняецца колькасьць увезенага беларусамі тытуню.
Дваіх беларусаў аштрафавалі на 8,5 тысячы грыўняў, аднаго — на 13,6 тысячы грыўняў (прыблізна 230 і 370 даляраў у эквіваленце. — РС).
З пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое адбылося ў тым ліку і зь беларускай тэрыторыі, украінскі ўрад ухваліў рашэньне аб закрыцьці ўсіх пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы. Працуе толькі адзін пункт пропуску ў Валынскай вобласьці — празь яго пешшу перасякаюць мяжу грамадзяне Ўкраіны, якія вяртаюцца зь незаконнай дэпартацыі з Расеі.